Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас катавалі дзеля забавы». Што расказалі вызваленыя з расейскага палону грамадзяне Вялікай Брытаніі


Russia Ukraine
Russia Ukraine

Грамадзяне Вялікай Брытаніі, якія ваявалі на баку Ўкраіны і якіх вызвалілі 22 верасьня з расейскага палону, расказалі аб катаваньнях у часе іхнага зьняволеньня ў так званай «ДНР».

Паводле інтэрвію брытанцаў выданьню Daily Mail, іх білі па некалькі гадзін: білі токам, наносілі нажавыя раненьні і інсцэнавалі сьмяротную кару.

Увечары 22 верасьня пяць грамадзян Вялікай Брытаніі — Эйдэн Асьлін, Шон Пінэр, Джон Гардынг, Дылан Гілі і Эндру Гіл — вярнуліся на радзіму. Іх удалося вызваліць пры пасярэдніцтве Саудаўскай Арабіі.

Вызваленьня не дачакаўся Пол Уры, які загінуў у палоне так званай «ДНР».

Грамадзяне Брытаніі паведамілі, што два дні да свайго вызваленьня яны правялі ў дарозе. Спачатку каля 20 гадзін іх перавозілі «перавязаных скотчам на падлозе грузавіка» з акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласьці Ўкраіны ў Расею, адтуль — у Саудаўскую Арабію, і толькі пасьля яны вылецелі на радзіму.

Паводле іх, толькі на борце самалёта ў Саудаўскую Арабію ім далі сапраўдную ежу.

«У нас была ялавічына і рыс, курыца, блінцы з начынкай», — сказаў Джон Гардынг.

Ён дадаў, што моцна схуднеў у зьняволеньні. Ён і яшчэ некалькі палонных утрымліваліся ў цеснай турэмнай камэры.

Джон Гардынг паведаміў, што турэмныя наглядчыкі ператварылі стары тэлефон у прыладу для катаваньняў — ваеннапалонным загадвалі набраць нумар, а калі цыфэрблят паварочваўся, іх білі токам.

«Білі, потым білі токам і зноў білі. Адзін хлопец атрымаў нажавое раненьне ў нагу, пасьля чаго яго зашылі. Думаю, нас катавалі дзеля забавы», — падкрэсьліў Гардынг.

Вызваленыя палонныя сьцьвярджаюць, што на іх увесь час ціснулі псыхалягічна. Як паведаміў Гардынг, ягоныя ахоўнікі прымусілі запісаць разьвітальнае відэа для дачкі перад сваім расстрэлам.

Эйдэн Асьлін (яму ў так званай «ДНР» прысудзілі сьмяротную кару. — РС) паведаміў, што турэмныя ахоўнікі нанесьлі яму нажавыя раненьні і інсцэнавалі сьмяротнае пакараньне.

У ноч на 22 верасьня стала вядома пра найбольшы за ўвесь час з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну абмен палоннымі. Абмен ажыцьцяўляўся ў розных лякацыях. Гэта была 28-я па ліку апэрацыя абмену палоннымі і целамі загінулых вайскоўцаў Украіны і Расеі.

Расея вызваліла 215 украінцаў і 10 вайскоўцаў Інтэрнацыянальнага легіёну, а Ўкраіна — 55 расейцаў і калябарантаў, а таксама арыштаванага праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе Віктара Медзьведчука, лідэра ўжо забароненай ва Ўкраіне партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» і кума расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG