Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадача Ўкраіне з Расеі палонных упершыню адбывалася празь Беларусь. Што вядома пра лягістыку абмену


Вызваленыя з расейскага палону ўкраінскія салдаты
Вызваленыя з расейскага палону ўкраінскія салдаты

У ноч на 22 верасьня стала вядома пра найбольшы за ўвесь час з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну абмен палоннымі. Абмен ажыцьцяўляўся ў розных лякацыях.

Гэта была 28-я па ліку апэрацыя па абмене палоннымі і целамі загінулых вайскоўцаў Украіны і Расеі.

Турэччына, Саудаўская Арабія і Беларусь

Абмен палоннымі адбываўся ў трох лякацыях:

  • У Турэччыну і Саудаўскую Аравію вызваленыя ўкраінцы і вайскоўцы Інтэрнацыянальнага легіёну прыляцелі на самалётах.
  • У Турэччыне цяпер знаходзяцца пяць камандзіраў і вайскоўцаў падразьдзяленьня «Азоў». Паводле ўмоў абмену, яны мусяць заставацца ў гэтай краіне да завяршэньня вайны.
  • У Саудаўскую Арабію перадалі 10 іншаземцаў. Усе яны былі асуджаныя ў «ЛДНР» на вялікія тэрміны пазбаўленьня волі або сьмерць за ўдзел у вайне на баку Ўкраіны.
  • 200 іншых украінскіх палонных ехалі ва Ўкраіну ў аўтобусах празь беларускую тэрыторыю.

Абмен адбыўся ў адным з пунктаў пропускаў у Чарнігаўскай вобласьці

У распаўсюджаных відэазапісах аб перадачы і сустрэчы палонных ва Ўкраіне відаць, што аўтобусы і машыны хуткай дапамогі перамяшчаліся па Рэпкінскім раёне Чарнігаўскай вобласьці.

Напэўна, аўтобусы заехалі празь беларускі пункт пропуску «Новая Гута» і ўкраінскі «Новыя Ярылавічы».

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не пацьвердзілі, але і не зьняпраўдзілі гэтага факту і параілі зьвярнуцца па камэнтар у Службу бясьпекі Ўкраіны ці Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

Ускосна факт перадачы палонных зь беларускай тэрыторыі пацьвердзілі сваякі вызваленых украінцаў, большасьць якіх адразу перавезьлі ў лякарні Чарнігава і Чарнігаўскай вобласьці. Сярод палонных было шмат параненых.

Беларуская мяжа найбольш бясьпечная?

З пачатку расейскага ўварваньня ўрад Украіны закрыў усе пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Увесь гэты час вайсковае і палітычнае кіраўніцтва заяўляе, што ўкраінская мяжа на гэтым участку ўжо істотна ўмацаваная — прахадныя для тэхнікі і жывой сілы ўчасткі замінавалі, зрабілі фартыфікацыйныя збудаваньні.

На адным зь відэазапісаў палонныя праходзяць па нэўтральнай паласе ў кірунку ўкраінскага пункту пропуску. Аўтобусы не змаглі заехаць на тэрыторыю, бо непасрэдна перад пунктам пропуску выкапаны і заліты вадой катлаван.

На запісе, распаўсюджаным Службай бясьпекі Ўкраіны, таксама можна пабачыць, што на трасе, Чарнігаў — Кіеў шмат так званых «вожыкаў», якія ўскладняюць перамяшчэньне для аўтамабіляў і іншай транспартнай тэхнікі. На пачатку відэазапісу таксама відаць, што двупалосная дарога, якая вядзе з пункту пропуску «Новыя Ярылавічы» на чарнігаўска-кіеўскую трасу, таксама забарыкадаваная.

Пункт пропуску «Новыя Ярылавічы» ў Чарнігаўскай вобласьці самы вялікі. У той жа час у Рэпкінскім раёне ёсьць яшчэ адзін аўтамабільны пункт пропуску — «Дабранка» (Украіна) — «Паддабранка» (Беларусь).

Свабода зьвярнулася па камэнтар у Службу бясьпекі Ўкраіны і папрасіла адказаць на пытаньні, ці ўдзельнічалі ўлады Беларусі ў абмеркаваньні лягістыкі перадачы Ўкраіне з Расеі палонных і ці падазраванага ў дзяржаўнай здрадзе палітыка Віктара Медзьведчука, кума расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, таксама перадалі Расеі празь Беларусь.

Абмен празь Беларусь — упершыню

Інфармацыю аб ажыцьцяўленьні абмену празь Беларусь Свабодзе пацьвердзіла журналістка Тацяна Катрычэнка, прадстаўніца арганізацыі «Медійна ініціатива за права людини».

«Цікава, што гэты абмен адбыўся ў некалькі этапаў, некалькімі часткамі. Адну частку ўкраінскіх вайскоўцаў перамясьцілі ў Турэччыну, а другую, вялікую частку вярнулі менавіта праз Чарнігаўскую вобласьць. Гэта ўпершыню такі абмен, бо звычайна [гэта адбываецца] праз акупаваны Крым і Запароскую вобласьць, а цяпер празь Беларусь», — сказала Тацяна Катрычэнка.

Начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў, што абмен адбываўся на тэрыторыі некалькіх краін.

«Гэта тэрыторыя Ўкраіны, мяжа між Украінай і Расеяй, этап на тэрыторыі Польшчы, апэрацыя на тэрыторыі Турэцкай Рэспублікі, апэрацыя на тэрыторыі Савудаўскай Арабіі», — заявіў Кірыла Буданаў. Беларусь кіраўнік украінскай выведкі не згадаў.

Мяжа закрытая, але памежнікі працуюць

Празь беларуска-ўкраінскую мяжу вяртаюцца ня толькі палонныя. Вядомыя факты, калі такім жа чынам дадому вяртаюцца і ўкраінцы, незаконна вывезеныя ў Расею з Данецкай, Запароскай і Херсонскай абласьцей. У большасьці зь іх няма ня тое што візаў, каб выехаць з Расеі ў эўрапейскія краіны, а часам і пашпартоў. Для іх гэта адзіная магчымасьць вярнуцца ва Ўкраіну.

У Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны можна знайсьці шэраг дакумэнтаў, зь якіх вынікае, што супраць украінцаў, якія вяртаюцца праз закрытыя пункты пропуску на беларускай мяжы, складаюць акты аб незаконным перасячэньні мяжы. Але ў большасьці выпадкаў грамадзян не штрафуюць.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG