Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапраўды, колькі ў Эўропе моваў?


Эмблема Эўрапейскага дня моваў
Эмблема Эўрапейскага дня моваў

П’ючы ранішнюю каву і круцячы стужку Фэйсбуку, я мімаходам прачытаў, што сёньня, 26 верасьня, у нас Эўрапейскі дзень моваў (European Day of Languages). Неяк раней я гэтым днём ніколі не пацікавіўся — чаму і навошта яго прыдумалі? — дый сёньня таксама спачатку выпусьціў гэтае паведамленьне з галавы.

Але, прыехаўшы са сваёй вёскі ў сталічны працоўны офіс, я згадаў прачытанае паведамленьне і падумаў: ладна з гэтай «чырвонай датай» і яе адзначэньнем, але тое, колькі ў Эўропе моваў, сапраўды цікава. У каго б запытацца, каб уведаць нешта больш-менш талковае?

Запытацца не было ў каго, і я пачаў гугліць туды-сюды ды прыгадваць свае ўласныя натугі, каб да ліку ўсіх эўрапейскіх моваў — які б ён ні быў — дадаць яшчэ адну: падляскую.

Фармальны лік моваў, як усе мы здагадваемся, у першую чаргу залежыць ад таго, якую мову мы лічым «мовай», а якую — «дыялектам». Поўнага кансэнсусу ні сярод лінгвістаў, ні сярод носьбітаў мовы наконт разьмежаваньня мова-дыялект няма і, відаць, ніколі ня будзе. З гледзішча ж носьбіта мовы, якога бацькі навучылі гаварыць па-свойму ад калыскі, ня мае істотнага значэньня, ці тое «па-свойму» кваліфікуецца лінгвістамі як мова, ці як дыялект. Гэта мова, у якой чалавеку адкрыўся сьвет, і ўсё. Магчыма, на мове «па-свойму» ня пішуць кніжак і ня вучаць ёй у школах, але ў сваёй сутнасьці яна ня розьніцца нічым ад моваў, якім больш пашанцавала зь пісьмовасьцю і пісьменнасьцю…

Ды ўсё ж спробы ідэнтыфікаваць усе мовы на сьвеце і акрэсьліць іх статус робяцца. Існуе міжнародны стандарт, гэтак званы стандарт ISO 639, які надае дзьвюхлітарныя і трохлітарныя коды мовам сьвету і складае іх сьпіс. ISO 639 — гэта, па сутнасьці, сэрыя пяці моўных стандартаў, якія пашыраюць і ўдакладняюць адзін аднаго. Ну, напрыклад, беларуская мова ў стандартах ISO 639–1 і ISO 639–2 мае дзьвюхлітарны код be, у стандарце ISO 639–3 — bel. А чарнагорская ў стандарце ISO 639–3 — код crn. У 2012 годзе я спрабаваў прыдбаць трохлітарны код у стандарце ISO 639–3 для падляскай (pdl), пішучы просьбу ў адмысловую арганізацыю пад назвай SIL International, але мне тады адмовілі. Пакуль што я не спрабаваў паўторна займець такі код.

Карацей, каб сказаць больш-менш «аўтарытэтна», колькі ў Эўропе «афіцыйна ідэнтыфікаваных» моваў, варта, напрыклад, абаперці сваю ацэнку на стандартах ISO 639–1, ISO 639–2, ISO 639–3. Дык вось, калі верыць гэтым стандартам, то ў Эўропе недзе пад 130 «эўрапейскіх» моваў, то бок «карэнных» эўрапейскіх, а ня моваў імігрантаў (прыкладам, самалійцаў або кітайцаў).

А калі глянуць практычным вокам на справу эўрапейскіх моваў і прызнаць, што, прыкладам, падляская (Польшча), банацкая (Румынія, Сэрбія), помацкая (Балгарыя, Грэцыя, Македонія), чакаўская і кайкаўская (Харватыя), латгальская (Латвія), мараўская (Чэхія), палеская (Беларусь, Украіна) — асобныя мовы, а не дыялекты, то да вышэй названага ліку трэба было б дакінуць яшчэ з сотню.

Лінгвістычная ідэнтыфікацыя мовы — гэта ня тое самае, што яе афіцыйнае, «палітычнае» прызнаньне. Прыкладам, шлёнская мова (Польшча) мае свой трохлітарны код ISO 639–3 (szl), але ў Польшчы яе не прызнаюць асобнай мовай. Хоць яе як хатнюю мову ў апошнім перапісе дэкляравалі больш за паўмільёна (!) чалавек.

На заканчэньне крыху пра крытэры, на якіх лінгвісты спрабуюць абапіраць ідэнтыфікацыю розных моваў і надаваць ім коды.

Кажучы вельмі сьцісла, стандарт ISO 639–3 базуецца на трох агульных прадпасылках:

1. Два віды мовы могуць быць залічаныя да адной мовы, калі носьбіты аднаго віду разумеюць другі від без патрэбы яго вывучэньня.

2. Два віды мовы, узаемна незразумелыя для іх носьбітаў, могуць быць залічаныя да аднае мовы, калі існуе агульная літаратура або агульная этналінгвістычная ідэнтычнасьць гэтых носьбітаў.

3. Два віды мовы, узаемна зразумелыя для іх носьбітаў, могуць быць залічаныя да розных моваў, калі існуе выразная адрозная этналінгвістычная ідэнтычнасьць сярод гэтых носьбітаў.

Пункт 1 можна аднесьці да чыста лінгвістычнага крытэру, а пункты 2 і 3 бяруць пад увагу гэтак званыя соцыялінгвістычныя чыньнікі. Інакш кажучы, мова лічыцца асобнай, калі ў першую чаргу так пра яе думаюць зацікаўленыя носьбіты, а не мовазнаўцы з той ці іншай акадэміі навук.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG