Другі дзень у Расеі падпальваюць ваенкаматы, якія вядуць мабілізацыю на вайну з Украінай

Акцыя пратэсту ў Хабараўску. Архіўнае фота
Акцыя пратэсту ў Хабараўску. Архіўнае фота

За мінулую ноч у Расіі падпалілі яшчэ чатыры ваенкаматы і будынкі адміністрацыі.

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну па ўсёй Расеі падпальваюць ваенкаматы. Усяго вядома ўжо пра 23 такія выпадкі. Таксама гараць аддзелы паліцыі і будынкі гарадзкіх адміністрацый.

Да раніцы 23 верасьня стала вядома яшчэ пра некалькі новых падпалаў ваенкаматаў і будынкаў адміністрацый у рэгіёнах Расеі. Выпадкі сабрала выданьне Sota.

  • У горадзе Свабодным Амурскай вобласці невядомы кінуў бутэльку з запальнай сумесьсю ў будынак ваенкамату.
  • Раніцай у Хабараўску невядомы заклаў два «кактэйлі Молатава» паміж аконных кратаў ваенкамата і падпаліў іх. У выніку лопнулі шыбы, пажар патушылі супрацоўнікі ваенкамату.
  • У пасёлку Цалінным Алтайскага краю загарэўся Дом культуры, дзе знаходзіцца ў тым ліку адміністрацыя сельсавету і аддзяленьне «Пошты Расеі». Паштовы офіс выгараў цалкам, у памяшканьні адміністрацыі агнём пашкодзіла столь.
  • Таксама ноччу ў горадзе Камышыне Валгаградзкай вобласьці невядомыя кінулі «запальны прадмет» у раённую адміністрацыю. У Кастраме ваенкамат расьпісалі антываеннымі заклікамі.
  • Раніцай 22 верасьня ў Тальяці Самарскай вобласьці загарэліся дзьверы будынку гарадзкой адміністрацыі. Супрацоўнікі Цэнтру «Э», якія прыбылі на месца, знайшлі выкарыстаныя бутэлькі з запальнай сумесьсю.
  • Учора невядомыя падпалілі будынак гарадзкой адміністрацыі ў Тальяці і ваенкаматы ў Санкт-Пецярбургу, Ніжагародскай і Арэнбургскай абласьцях, а таксама ў Забайкальскім краі.

Што вядома пра папярэднія выпадкі падпалаў ваенкаматаў

  • Уначы 28 лютага ў Лухавіцах Маскоўскай вобласьці ў будынку ваенкамату разьбілі шыбы і кінулі ўсярэдзіну «кактэйлі Молатава». СМІ паведамлялі, што на варотах пакінулі малюнкі ў колерах украінскага сьцяга і антываенны надпіс. У падпале падазравалі 21-гадовага мясцовага жыхара, яго затрымалі, празь некалькі дзён ён уцёк з паліцыі, але потым, хутчэй за ўсё, быў затрыманы зноў.
  • У ноч на 11 сакавіка ў горадзе Беразоўскі Сьвярдлоўскай вобласьці мужчына падпаліў уваход у будынак ваенкамату, агонь хутка знайшлі і патушылі, падазраванага затрымалі. Па дадзеных СМІ, гэта 24-гадовы кансультант крамы электронікі, які нібыта «хацеў сарваць прызыўную кампанію». Яго адправілі ў СІЗА праз абвінавачаньне ў замаху на забойства.
  • У ноч на 19 сакавіка ў горадзе Шуя Іванаўскай вобласьці ў акно ваенкамату кінулі запальную сумесь. Пацярпела толькі само акно. Празь некалькі гадзін падазраванага затрымалі. Перад гэтым ён нібыта, нягледзячы на тое, што быў моцна п’яны, стараўся ўцячы ад паліцыі. Мужчыну адправілі ў СІЗА.
  • Уначы 18 красавіка ў пасёлку Зубава Паляна ў Мардовіі ваенкамат закідалі «кактэйлямі Молатава», згарэлі некалькі кабінэтаў, дзе былі дадзеныя прызыўнікоў, кампутары. Была заведзена крымінальная справа, аднак пра затрыманьні падазраваных не паведамлялася.
  • Уначы 4 траўня ў Ніжневартаўску (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга) двое невядомых закінулі восем «кактэйляў Молатава» ў будынак ваенкамату праз вокны, загарэўся яго тамбур, аднак агонь хутка патушылі. Былі заведзеныя крымінальныя справы аб хуліганстве і пашкоджаньні маёмасьці, але пра затрыманьне падазраваных зноў жа не паведамлялася.

​21 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў правядзеньне ў краіне «частковай мабілізацыі» і падпісаў адпаведны ўказ.

Міністар абароны Сяргей Шайгу заяўляў, што ў рамках «частковай мабілізацыі» плянуецца прызваць 300 тысяч чалавек.

​
XS
SM
MD
LG