Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журнал з «Валадаркі» і кампрамат на сілавікоў. Чаму справа жыцьця Алега Алкаева ня скончаная


Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Ня стала ключавога сьведкі ў справе забойства Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

У Бэрліне ва ўзросьце 69 гадоў памёр Алег Алкаеў, былы начальнік «Валадаркі». 13 верасьня я паслала яму 5-ы эпізод падкасту «Красаўцы». Апошнім яго адказам мне было: «Спасибо, Анна! Всегда к вашим услугам».

Упершыню мы сустрэліся ў 2000 годзе. На «Валадарцы». Я працавала ў незалежнай газэце «Народная воля», накіравала запыт у ГУУС Менгарвыканкаму, што хачу напісаць пра зьняволеных жанчын на «Валадарцы», і атрымала дазвол. Часы былі іншыя. Але хутчэй была справа і ў асобе начальніка «Валадаркі», які выпісваў незалежныя газэты і не хаваў на сваім стале «Народнай волі». «Экскурсію» па «Валадарцы» ён зрабіў мне сам. І ня толькі ў жаночы корпус.

Завёў у мужчынскую камэру, дзе знаходзілася некалькі дзясяткаў чалавек, праўда, папярэдзіў, што прадставіць мяне зэкам як журналістку «Камсамолкі». Заводзіў у лязарэт, дзе ляжалі зьнясіленыя вязьні. Паказваў камэру, у якой сядзеў былы прэм’ер Міхаіл Чыгір. Падводзіў да камэры сьмяротнікаў і прапанаваў заглянуць у акенца. Тады было страшна.

Далей былі на кухні, я пакаштавала «баланду» з капусты. Есьці можна было. Алкаеў расказваў, што вязьні ведаюць, калі ў яго дзень народзінаў, бо тады ў іхным мэню селядзец зьяўляецца.

Я правяла на Валадарцы каля пяці гадзінаў. Моцным уражаньнем быў пах ізалятару. Мая вопратка і валасы ўцягнулі гэты пах, і мне доўга яшчэ было не па сабе ад яго. Я атрымала і невялікія сувэніры — перахопленыя «малявы» (перапіска вязьняў паміж камэрамі), якія доўгі час яшчэ ляжалі ў маёй менскай кватэры.

Перад публікацыяй Алкаеў зрабіў у маім артыкуле тры праўкі, якія, на маю думку, вельмі характарызуюць чалавека, які большую частку жыцьця працаваў за кратамі. Папрасіў прыбраць сказ пра ката Гешу, які жыў у жаночым аддзяленьні, якога спачатку называлі катом, а потым коткай. «Падумаюць, што коціка „апусьцілі“», — такі быў аргумэнт начальніка СІЗА. Другая праўка тычылася эпітэту «пад цёмнымі ад вільгаці скляпеньнямі» — ён папрасіў выправіць на «цёмнымі ад старасьці скляпеньнямі». І апошняя — «надзірацеля» трэба было замяніць на кантралёра. Такая была насамрэч штатная адзінка. Мая публікацыя на газэтную паласу ў «Народнай волі» была сапраўдным эксклюзівам і для таго часу.

У той час яшчэ быў жывы Зьміцер Завадзкі, але, праўдападобна, што Алкаеў ужо ведаў пра расстрэльны пісталет і здагадваўся, што адбылося з Захаранкам, Ганчаром і Красоўскім.

Наперадзе будзе выбарчая кампанія 2001 году, калі кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык агучыць інфармацыю пра датычнасьць да забойстваў найвышэйшых службовых асобаў і назаве канкрэтныя імёны. У той час Алкаеў ужо будзе ў Нямеччыне і адтуль дашле ў МУС заяву аб звальненьні.

З таго часу я падтрымлівала кантакт з Алегам Леанідавічам. Журналісцкі і чалавечы. У яго быў да мяне пэўны давер. Я паважала яго і ягоную думку.

Плянавалі мы зрабіць цікавы праект кшталту дуэлі — былы начальнік СІЗА сустракаецца са сваімі былымі вязьнямі — Чыгіром, Клімавым, Статкевічам. Алкаеў пагадзіўся. Ідэя, на жаль, не рэалізавалася.

Пазьней, падчас інтэрвію з Алкаевым з нагоды прызнаньняў Гараўскага, Алкаеў мне казаў: «Папраўдзе я хачу „дуэль“ — жорсткую размову з Паўлічэнкам, пакуль той жывы».

Ужо няма самога Алега Алкаева, ключавога сьведкі ў справе зьніклых.

Наша апошняя сустрэча адбылася ў лютым 2022 году ў Бэрліне, за тыдзень да пачатку вайны. Я прыехала туды, каб запісаць Алега Леанідавіча для нашага падкасту «Красаўцы». Ён ведаў, як працуе сілавая сыстэма і чаму сілавікі не перайшлі на бок народу. Ацэнкі Алкаева ў падкасьце — адны з самых каштоўных і цьвярозых.

Мы сустрэліся ў гатэлі непадалёк ад Checkpoint Charlie, дзе я спынілася. Па нейкай іроніі ў памяшканьні гатэлю за савецкім часам было месца для сустрэч агентаў Штазі. І нашая сустрэча была ў пэўным сэнсе сакрэтнай. Алкаева ахоўвала паліцыя Бэрліну пасьля таго, як зьявілася інфармацыя пра плянаванае КДБ ягонае забойства.

Мы гаварылі гадзін пяць. Алкаеў расказваў пра няпростае жыцьцё ў Нямеччыне, пра цяжкую працу, пра заробленую пэнсію, аб праблемах са здароўем і расчараваньні ў многіх людзях, аб тым, як ён хоча жыць на пэнсіі і якія стравы любіць гатаваць. Пра мэмуары, над якімі працуе, надыктоўвае знаёмай жанчыне. Пра міліцыю, пра сыстэму, пра тое, якая яна была і павінна быць. Ён быў адданы сваёй справе, сваёй прафэсіі і перажываў, наколькі моцна ўпаў прэстыж працы ў міліцыі.

«Паводле закону», — найчасьцей гучыць у ягоных інтэрвію.

Алкаеў ніколі пра гэта не расказваў, але я ведаю ад розных людзей пра

ягоныя добрыя справы — як ён дапамагаў беларускім уцекачам, як езьдзіў у суды ў розныя краіны, каб сваімі паказаньнямі дапамагчы людзям у розных сытуацыях...

А цяпер самае галоўнае. Алкаеў выехаў зь Беларусі з важным доказам — журналам, у якім запісвалі, калі быў выдадзены расстрэльны пісталет у траўні і верасьні 1999 году. Гэты дакумэнт мае быць на сапраўдным судзе ў справе зьніклых. Ведаючы Алега Леанідавіча, я магу быць перакананая, што гэты дакумэнт у надзейным месцы і ён аддаў распараджэньні, што зь ім рабіць у выпадку ягонай сьмерці.

Таксама я ведаю, што ў Алега Алкаева былі аўдыёзапісы з кампраматам на многіх высокіх сілавікоў. І думаю, што ён таксама аддаў распараджэньні, што зь імі рабіць пасьля ягонай сьмерці.

Гэта ўсё яшчэ будзе. А сёньня я хачу цёплым словам зь вялікім смуткам успомніць міліцыянта, які ня стаў катам; сумленнага і разумнага чалавека, якога пазбавілі радзімы, чый унук у Нямеччыне пайшоў служыць у нямецкую паліцыю...

Сьветлая памяць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG