Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ўвесь час думала, якой сьмерцю памру». Рэпартаж зь сяла ў Харкаўскай вобласьці, жыхары якога паўгоду правялі пад расейскай акупацыяй


Украінскія вайскоўцы на вызваленай тэрыторыі ў Харкаўскай вобласьці
Украінскія вайскоўцы на вызваленай тэрыторыі ў Харкаўскай вобласьці

Карэспандэнт Настоящего времени пабываў у населеных пунктах за 15 кілямэтраў ад мяжы з Расеяй, гэтая частка Харкаўскай вобласьці Ўкраіны была акупаваная войскам РФ у самым пачатку поўнамаштабнай вайны. Вось што расказваюць мясцовыя жыхары і вайскоўцы, якія вызвалялі гэтыя вёскі.

«Спачатку вось сюды, у месца куды схавацца, таму што тут ляціць. Потым бегма, потым па гэтай дарожцы — да наступнага. Вось тут мы хаваліся», — Ірына паказвае, як падчас расейскай акупацыі вёскі перабежкамі дабіралася зь ежай да вальеру — карміць Лакі, кінутую гаспадарамі. Сваю мянушку сабака атрымаў нездарма, ён і праўда шчасьліўчык: каля яе вальеру разрываліся снарады, але Лакі выжыла.

Шлях да вальеру Ірына з рызыкай для жыцьця праходзіла двойчы ў дзень. Яе сяло апынулася на перадавой, а сама Ірына з мужам Сяргеем больш за шэсьць месяцаў пражыла ў падвале. «Я ўжо… у мяне ўжо мозг паехаў…. Я ў страху п-п-п-пражыла, пачынаю заікацца».

У гэтым пасёлку Іра з мужам жывуць ужо 30 гадоў. Сем гадоў таму купілі новы дом — з прыгожым выглядам. Акупацыя для іх, як і для ўсіх жыхароў прымежных пасёлкаў, пачалася імгненна: пасьпець выехаць шанцаў не было, а празь некалькі гадзін стаялі блёкпосты. На падкантрольную Кіеву тэрыторыю не выпускалі.

«Яны хадзілі па вуліцах, яны ўзламалі дамы. Глядзелі, хто дзе жыве, дзе якія дывэрсанты. Мы расказвалі, што тут проста дачнікі. [Яны казалі]: ня бойцеся, мы вас выратуем. Мы рускія», — расказвае Ірына. «Мы вас вызваляць прыйшлі, — працягвае Сяргей. — Я кажу: ужо вызвалілі. Дачы няма, машыну забралі. Вызвалілі нас ад усяго».

«Мы рускія, мы выратуем вас ад нацыяналістаў. А я кажу: а хто такія нацыяналісты? Яны нам расказвалі, што яны забіваюць людзей, што каб быць нацыяналістам, трэба забіць сваіх сваякоў», — успамінае Ірына гутаркі з расейскімі вайскоўцамі.

Некаторыя суседзі зьехалі ў Расею, Іра з Сяргеем засталіся. Расейская артылерыя разьмясьцілася прама каля іх дома.

«Страшна было. Уначы былі танкі. Я ў склепе вось дык вось [гляджу] у зямлю і думаю: Госпадзе, альбо мяне прыцісьне… Ці мяне расстраляюць… Я ўвесь час думала, якой сьмерцю памру», — распавядае Ірына і плача.

Сяргей кажа, што часам спрабаваў рабіць «дробныя поскудзі» расейскаму войску. Неразарваныя дробныя часткі снарадаў — пялёсткі — акуратна пераносіў на дарогу: «Першы выбух, другі. Я кажу: машына ўзарвалася. Два колы страціў УАЗ „Патрыёт“».

Каб не памерці з голаду, жыхарам сяла даводзілася красьці ў акупацыйнай арміі: на перадавую гуманітарную дапамогу не прывозілі. «Глядзіце, вось тут склад, там расольнікі іх стаяць, вось кралі. Мы ціхенька прабіраліся», — Ірына зь Сяргеем паказваюць гараж, дзе захоўваліся банкі з супам. За час акупацыі, кажа Іра, яна схуднела на 17 кіляграмаў.

Яе сусед зь сяла Слава таксама страціў вагу — як і сям’я Іры, ён адмовіўся выехаць у Расею. Узгадвае, як расейскія салдаты зьдзіўляліся, прыйшоўшы ў яго дом: «Я бачыў, што такога ўзроўню жыцьця ў іх няма. Усе адразу пыталіся, кім я працаваў, усе думалі, што я афігенны адміністратар. Насамрэч, я проста інжынэр, цеплатэхнік. Стаўленьне было, калі заходзілі ў хату, на ты, але калі паднімаліся на другі паверх і бачылі калекцыі караблёў зь ветразямі — пераходзілі на вы».

Цяпер зьдзіўляцца няма чаму: Славін дом у выніку баёў за сяло разьбіты. Ён кажа, што найгоршыя ўспаміны засталіся ад вайскоўцаў з ужо акупаваных украінскіх тэрыторый: «Першыя заходзілі луганскія. Яны бессаромна абакралі. Выкралі шлем гарналыжны, пальчаткі добрыя гарналыжныя. І ўсё бессаромна перавярнулі».

Узброеных людзей з так званай «ЛНР» успамінае Ірына: «Вось тут стаялі элэнэраўцы і ўвесь час стралялі на Салтоўку, у Харкаў. А там жыве мая мама. Я стаю — і там усё гарыць. А яны: „Га-га-га“, — ржуць увесь час. Увесь час ржуць. І [адзін зь іх] кажа: „Пацярпіце, мы восем гадоў трывалі. А такой дзяржавы, як Украіна, не існуе“. Але гэта ўжо казалі апошнія. Тыя, якія ўцякалі».

Украінская армія зайшла ў сяло нечакана і потайна. Вайскоўцы кажуць, што ім удалося цэлыя суткі перамяшчацца па сяле незаўважанымі: «Зайшлі ў сяло. Занялі кропкі, пачалі прамацваць. У двух чырвоных дамах намацалі ворага. Былі падрыхтаваны яны, можа, ЧВК (прыватная ваенная кампанія), ня ведаю. І былі „ЛДНР“ — у іх яны як абслуговы пэрсанал».

Ліля — вайсковы мэдык «княжацкай брыгады» УСУ. Падчас штурму сяла нават ёй давялося страляць з гранатамёта — прыкрывала наступленьне: «Вось па тых прыгожых чырвоных хатках. Шчыра — трапіла ці не, часу глядзець не было. Але хлопцы казалі, што трапіла. Як узялі сяло — пачуцьцё неймавернага шчасьця. Эмоцыі цяжка перадаць словамі».

«Проста ня верыцца, што гэта ўсё… Я ў страху пражыла шэсьць з паловай месяцаў», — Іра кажа, што цішыня яе пакуль палохае. Яны з мужам да гэтага часу сьпяць у склепе. Але ўжо плянуюць, як адбудуюць дом, і чакаюць, калі ў сяло вернуцца людзі.

«Я зразумела, што галоўнае — гэта мая маці, сын, муж. І што мы жывыя. Усё. І мне здаецца, гэта нейкая перазагрузка для ўсіх людзей, — спрабуючы стрымаць сьлёзы, кажа Іра. — У мяне тата памёр даўно. І я прасіла: „Тата, тата, дай сіл, дай сіл выжыць. Калі ласка. І проста каб мозг не паехаў“. Таму што ў мяне мозг напалову паехаў. Ад страху…. І…. Гэта нерэальна… гэта нерэальнасьць проста…»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG