Пятро паказвае ўсё, што засталося ад расейскага войска ў сяле: пабіты «жыгуль», куча сьмецьця, некалькі скрынь ад снарадаў і сабака па мянушцы Мухтар.
У акупацыі ў сяле Ўрубаўка, пад Балаклеяй, Пятро правёў шэсьць месяцаў. Гаворыць, што выходзіў на вуліцу рэдка, было небясьпечна. А раз выйшаў — трапіў «на склеп». Адвезьлі ў суседнюю Балаклею, у паліцыю.
«Сказалі: „Дакумэнты“. — „Няма“. — „Паехалі для высьвятленьня“. „Назаві дваіх-трох чалавек, якія служаць ва УСУ“», — успамінае Пятро. Яго адпусьцілі праз тыдзень. І такіх выпадкаў было шмат. Няўгодных расейскія вайскоўцы прывозілі ў мясцовае ўпраўленьне паліцыі. Прычыны затрыманьня маглі быць самымі рознымі: мабільныя тэлефоны, фатаграфаваньне тэхнікі ці палітычныя погляды.
Мясцовыя гавораць, што ў горадзе актыўна працавала ФСБ. Арцёма пад арыштам трымалі 46 дзён. Па словах мужчыны, расейскія вайскоўцы зайшлі да яго ў дом, шукалі зброю, потым пачалі глядзець тэлефон. Там знайшлі фатаздымак брата Арцёма ў форме, ён служыць ва УСУ. Гэта і стала прычынай для 46-дзённага арышту. Арцём кажа, што ў паліцыі яго білі токам, дапытвалі. Адпусьцілі, бо нічога не знайшлі.
«Мая калега жыла ў доме побач з паліцыяй. Яна ўночы прачыналася ад таго, што крычалі. На допытах крычалі: «Я нічога ня ведаю, я нічога ня ведаю!» — расказвае Натальля, дырэктарка мясцовай школы. Паводле яе, расейцаў у Балаклеі пабойваліся, але размаўлялі зь імі адкрыта.
— Мы ім казалі: «Хлопцы, чаго вы прыехалі? Вось варэнікаў паелі нашых — і едзьце дадому».
— А яны што?
— «Гэта не ад нас залежыць».
Балаклея выглядае ня вельмі тыповым горадам, які перажыў баявыя дзеяньні. Гэта не Севераданецк, не Лісічанск і нават ня Бахмут. Тут шмат непашкоджаных будынкаў. Мясцовыя расказваюць, што акупанты адсюль проста ўцяклі.
«Расейцы пацярпелі тут паразу. І паводзілі сябе тут гэтак жа сама, як падчас вызваленьня Кіеўскай вобласьці. Калі яны зразумелі, што цярпяць паразу, заявілі, што мяняюць плян сваёй „спэцапэрацыі“. Адступаючы, расейская армія, як і пад Кіевам, усё мінавала і падрывала масты», — заявіла намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр.
Ужо зараз у горадзе знаходзяць сьляды акупацыі — пахаваньні забітых мясцовых жыхароў. На апазнаньне выклікаюць сваякоў.
«Гэта быў апошні дзень уцёкаў рашыстаў з Балаклеі. Мой сын зь сябрам на машыне трапілі пад абстрэл. Відавочцы кажуць, што чалавек 15-20 (расейцаў) выйшлі з двара дома — і аўтаматамі іхную машыну ва ўпор расстралялі», — кажа маці аднаго з забітых мірных жыхароў.
Цяпер паліцыя праводзіць апытаньне жыхароў, каб зразумець, хто прапаў бязь вестак, каго трэба шукаць.
«Мы фіксуем месца пахаваньня целаў, у тым ліку цывільных людзей. Пры эксгумацыі мы фіксуем сьляды катаваньняў. Мы ідзём далей і фіксуем усе злачынствы», — заявіў кіраўнік Харкаўскай абласной вайскова-цывільнай адміністрацыі Алег Сінягуб.
Менавіта ад гэтага сыход расейскага войска тут — асобная тэма для размоваў. Па словах мясцовых, забыцца на страшныя месяцы расейскай акупацыі яны ня змогуць ніколі. І шостага верасьня, калі УСУ ўвайшлі ў горад, будуць памятаць як асаблівы дзень, калі «жыцьцё вярнулася».
— Нашы прыйшлі шостага і зайшлі да нас у двор. Нашы вайскоўцы.
— Падарылі ім нешта?
— Абавязкова. Кавуноў дала. Мех нарвала, узяла і аднесла ім.
«Руху не было. Я езьдзіў на ровары, ня едзе ніхто. А цяпер украінскія нумары, украінскія. Я ў шоку, ня верыцца, праўда», — кажа Пятро, паказваючы на дарогу.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.