Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвяз пасьля пратэстаў 2020 году пераехала больш за 2000 кампаніяў зь беларускім капіталам. Многія зусім пакінулі Беларусь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія кампаніі надалей выводзяць з краіны свой капітал, супрацоўнікаў і прадукт. У адной Польшчы за апошнія два гады беларусы адкрылі больш за паўтары тысячы кампаніяў. Прычым толькі за сёлетні чэрвень у суседняй краіне зьявілiся 254 такія бізнэсы.

Эканамісты Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) ацанілі маштабы рэлякацыі беларускага бізнэсу ў Эўразьвяз.

У ЭЗ расьце колькасьць кампаніяў зь беларускім капіталам, а ў Беларусі скарачаецца

Пасьля 2020 году пачаўся, а ў 2022-м паскорыўся працэс рэлякацыі часткі бізнэсу зь Беларусі ў іншыя краіны — часьцей за ўсё ў суседнія эўрапейскія ці Ўкраіну. У самой Беларусі колькасьць бізнэсу тым часам скарачаецца. У студзені-чэрвені 2022 году ў Беларусі закрыліся 5779 малых і сярэдніх юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў (–1,6%).

Скарачэньне бізнэсу пачалося ў сакавіку 2021 году, з таго часу ў Беларусі зьнікла 9353 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу і індывідуальных прадпрымальнікаў (–2,5%). Для параўнаньня: за ўвесь 2020 год іх пабольшала на 10 265 (+2,8%).

Скарачэньне бізнэс-актыўнасьці ў Беларусі можа мець нават большы маштаб, лічаць аўтары дасьледаваньня, бо праз складаны працэс ліквідацыі фірмы ў Беларусі часта не ліквідуюцца, а бязьдзейнічаюць або працяглы час застаюцца ў стадыі ліквідацыі.

Дасьледаваньне праводзілі напярэдадні Belarusian Business Forum, які пройдзе ў Варшаве 19−20 верасьня, каб выявiць тэндэнцыi ў працэсах рэлякацыі і разьвіцьця беларускага бізнэсу ў краінах ЭЗ.

Паводле ацэнак спэцыялістаў эканамічнай каманды Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА), з жніўня 2020 году да канца чэрвеня 2022 году ў Эўрапейскім Зьвязе было зарэгістравана болей за 2000 кампаніяў зь беларускім капіталам. Больш за палову зь іх былі зьвязаныя з поўнай альбо частковай рэлякацыяй бізнэсу зь Беларусі ў краіны ЭЗ.

Пераважная колькасьць новых кампаніяў (1639 ці 80%) зарэгістраваныя ў Польшчы, каля 200 (10%) зьявілася ў Літве, яшчэ 10% — у іншых краінах Эўразьвязу. Паводле дасьледаваньня, пераважная большасьць іх — прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу, які займаецца паслугамі.

Вайна ва Ўкраіне і новыя санкцыі супраць Беларусі паскорылі адток бізнэсу і прадпрымальнікаў, таму колькасьць беларускіх кампаніяў у ЭЗ працягвае імкліва расьці. Напрыклад, толькі ў чэрвені у Польшчы зарэгістравалі 254 кампаніі зь беларускім капіталам.

Эфэкты адтоку кампаніяў і кадраў Беларусь адчуе толькі з часам

Рэлякацыя не заўсёды адбываецца як пераезд існай кампаніі. Часта гэта міграцыя індывідуальных прадпрымальнікаў, якія замарозілі альбо згарнулі дзейнасьць у Беларусі і ствараюць новыя бізнэсы ў краінах ЭЗ. Сюды ж можна аднесьці пераезд стартапаў на розных этапах іх разьвіцьця. Эканамісты ацанілі, што колькасьць беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў і стартапаў зь беларускімі каранямі ў ЭЗ ад жніўня 2020 году па чэрвень 2022-га вырасла прыкладна на 2000 адзінак.

Такім чынам, амаль за два гады сукупны патэнцыял бізнэс-супольнасьці Беларусі ў ЭЗ павялічыўся прыкладна на 4000 адзінак рознага маштабу і арганізацыйна-праўнай формы.

Калі параўнаць з агульнай колькасьцю прыватных фірмаў і прадпрымальнікаў, што дзейнічаюць у Беларусі, гэта зусім мала, каля 1%. Беларускі бюджэт пакуль не адчувае страту з прычыны такога выезду, бо і прадпрымальнікі, і малыя, і сярэднія фірмы сёлета за паўгода заплацілі столькі ж падаткаў, як і год таму. Агулам у 2021 годзе яны заплацілі падаткаў нават болей, чым у 2020-м.

Але тэмп росту колькасьці беларускага бізнэсу ў ЭЗ застаецца высокім, за ўвесь 2022 год колькасьць беларускіх кампаніяў і прадпрымальнікаў у Эўропе істотна вырасьце, прагназуюць аналiтыкi.

Насьцярожвае таксама тое, што разам з рэлякацыяй бізнэсу зь Беларусі зьяжджаюць высокакваліфікаваныя працаўнікі, адметныя прафэсіяналы, мэнэджары ды ўласьнікі бізнэсу. Эфэкты адтоку кадраў Беларусь адчуе толькі з часам, між іншым праз памяншэньне прыватных інвэстыцый і памяншэньне інавацыйных тавараў са знакам «Зроблена ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG