Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зноў падымуць падаткі для ІП. 5 лічбаў пра індывідуальных прадпрымальнікаў і іх унёсак у эканоміку Беларусі


Рэчавы рынак, на якім у Беларусі часта працуюць індывідуальныя прадпрымальнікі. Ілюстрацыйнае фота
Рэчавы рынак, на якім у Беларусі часта працуюць індывідуальныя прадпрымальнікі. Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі хочуць адмяніць спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня і павялічыць падаткі для ІП. Глядзім, каго гэта закране.

Паводле новага законапраекту ад міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, індывідуальным прадпрымальнікам хочуць цалкам забараніць карыстацца спрошчанай сыстэмай падаткаабкладаньня і зьбіраюцца падняць стаўку падатку, якая цяпер складае 16%, да 20%, а з 2024 году — да 25%.

Лукашэнка пры гэтым настойвае на скарачэньні сфэры дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён лічыць, што яны мусяць рэгістраваць юрыдычныя асобы, а статус ІП павінен застацца толькі ў тых, хто не адрозьніваецца ад рамесьніка.

Акрамя таго, плянуецца скараціць пералік відаў дзейнасьці для выплаты адзінага падатку і павялічыць яго стаўкі ў паўтара-тры разы.

Раней стаўку спрошчанага падатку для ІП паднялі да 6%. Глядзім, колькі ў Беларусі ІП і што яны значаць для эканомікі

3,1% ВУП фармуюць ІП

У Беларусі працуе 271 738 індывідуальных прадпрымальнікаў, паводле зьвестак Белстат на 1 жніўня гэтага году. Доля ІП у ВУП Беларусі за мінулы год — 3,1%. Дадаткова 74 563 чалавек у мінулым годзе ІП прыцягвалі да працы па працоўных і грамадзянскіх дамовах.

775,5 мільёна ў бюджэт ад ІП

Летась ад ІП у бюджэт Беларусі паступіла 775,5 мільёна рублёў, гэта на 147,6 мільёна рублёў болей, чым у 2020 годзе. Або плюс 19% за адзін год.

За год ІП зарабілі 14,8 мільярда рублёў

Выручка ад рэалізацыі тавараў і паслуг ІП за мінулы год — 14,8 мільярда рублёў. 15% ІП працуюць у сфэры вытворчасьці і 85% — у сфэры паслуг.

Доля ІП у розьнічным гандлі — 7,2%

На долю ІП у розьнічным гандлі прыпадае 7,2%. Доля ІП у аптовым гандлі — 1%. Таксама на ІП прыпадае 0,5% прамысловай вытворчасьці. ІП экспартуюць 0,6% тавараў ад усяго экспарту па Беларусі і імпартуюць 0,9% тавараў.

Больш за ўсё ІП — у Менску

Найбольш індывідуальных прадпрымальнікаў працуе ў Менску — 80,4 тысячы. Найменей індывідуальных прадпрымальнікаў зарэгістравана ў Віцебскай вобласьці — 23,8 тысячы чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG