Украінцы контратакавалі на Харкаўшчыне, вызвалілі чарговыя населеныя пункты на поўдні краіны

Украінскі вайсковец на бронетранспартэры ў Харкаўскай вобласьці, 25 жніўня 2022
Украінскі вайсковец на бронетранспартэры ў Харкаўскай вобласьці, 25 жніўня 2022

Расейскае поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну працягваецца ўжо 6 з паловай месяцаў. На 196-ы дзень вайны зьявілася новая інфармацыя пра пасьпяховыя контратакі украінскага войска.

Украінскія войскі 6 верасьня правялі контратаку ў Харкаўскай вобласьці каля горада Балаклея і, верагодна, адкінулі расейскія войскі на левы бераг рэк Северскі Данец і Сярэдняя Балаклейка. Пра гэта гаворыцца ў чарговай справаздачы амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны ISW.

Экспэрты мяркуюць, што гэтая контратака стала магчымай дзякуючы перакідваньню расейскіх войскаў на поўдзень — першапачаткова УСУ праявілі актыўнасьць у Херсонскай вобласьці, а калі расейцы пачалі ўзмацняць там свае пазыцыі, украінцы арганізавалі контранаступленьне на поўначы.

Паводле дадзеных ISW, расейскія войскі са свайго боку 6 верасьня дамагліся пэўных посьпехаў у Данецкай вобласьці — на поўдзень ад Бахмута і працягнулі наземныя атакі каля Данецку. Працягваліся баі і ў Херсонскай вобласьці.

Украінскія абаронцы вызвалілі чарговыя населеныя пункты на поўдні краіны. Аднак пра пераход вызваленых тэрыторый пад украінскую юрысдыкцыю вайсковае кіраўніцтва афіцыйна паведаміць пасьля іх «зачысткі», заявіла начальніца аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк 6 верасьня ў эфіры Freedom.

«Акупанты пакідаюць пасьля сябе замінаваную тэрыторыю, і гэта адна з асноўных пагроз, якая можа быць сурʼёзнай для тых жыхароў, якія сьпяшаюцца вярнуцца на гэтыя тэрыторыі. Таму мы не сьпяшаемся абвяшчаць аб вызваленьні населеных пунктаў, каб правесьці дбайную зачыстку ад дывэрсійных груп і такіх сюрпрызаў», -— заявіла Натальля Гумянюк.

Пры гэтым у ранішняй зводцы Генштаба УСУ са сьпісу населеных пунктаў пад Бахмутам, дзе ўкраінцы ў апошні час адбівалі атакі суперніка, зьнікла вёска Кадэма. Аб яе ўзяцьці пасьля многіх тыдняў баёў напярэдадні паведамілі некаторыя расейскія крыніцы, адзначае ВВС.

​
XS
SM
MD
LG