Экіпіроўка расейскага салдата ва Ўкраіне. Архіўнае фота
Расея аб сваіх стратах у вайне супраць Украіны ў апошні час не паведамляе.
Страты расейскага войска на вайне супраць Украіны перавысілі 50 тысяч вайскоўцаў, паведаміў Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны раніцай 5 верасьня.
Па зьвестках камандаваньня, войска Расеі страціла каля 350 чалавек за папярэднія дзень, таму агульныя страты ад 24 лютага склалі 50 150 вайскоўцаў.
Штаб таксама абнавіў дадзеныя аб стратах расейскай тэхнікі:
2077 танкаў (+9 за апошні дзень)
4484 баявыя браняваныя машыны (+25)
1179 артылерыйскіх сыстэм (+22)
296 рэактыўных сыстэм залпавага агню (+2)
156 сродкаў супрацьпаветранай абароны
236 самалётаў
207 верталётаў (+1)
876 бесьпілётнікаў апэратыўна-тактычнага ўзроўню (+9)
209 крылатых ракет (+4)
15 караблёў і катэраў
3305 аўтамабіляў і аўтацыстэрнаў (+19)
109 адзінак спэцыяльнай тэхнікі (+2)
«Найбольшыя страты супернік панёс на Данецкім кірунку. Дадзеныя ўдакладняюцца», — гаворыцца ў паведамленьні.
Па дадзеных Пэнтагона на 9 жніўня, з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне загінулі або атрымалі раненьні 70-80 тысяч расейскіх вайскоўцаў.
Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес 5 верасьня заявіў, што страты расейскага войска падчас поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну дасягнулі 25 тысяч чалавек забітымі.
Масква аб сваіх стратах у вайне супраць Украіны ў апошні час не паведамляе.
25 сакавіка толькі другі раз з пачатку маштабнага ўварваньня расейскі бок апублікаваў дадзеныя аб стратах расейскіх войскаў, паводле якіх 1351 расейскі вайсковец загінуў, яшчэ 3825 атрымалі раненьні.
Праверыць дадзеныя аб стратах ва ўмовах баявых дзеяньняў немагчыма.