У акупаваным Расеяй Бярдзянску падарвалі машыну прызначанага Расеяй «камэнданта» гораду Арцёма Бардзіна, яго ў цяжкім стане шпіталізавалі. Пра гэта паведаміла расейскае дзяржаўнае агенцтва РИА Новости, а таксама гарадзкая рада Бярдзянску.
Раней пра выбух паведамілі мясцовыя жыхары і гарвыканкам Бярдзянску. Выбух адбыўся ў цэнтральнай частцы гораду, побач з адміністрацыйнымі будынкамі. Мэрыя паведамляла, што выбухі і страляніна ў цэнтры гораду працягваліся гадзіну.
Расейскія войскі напалі на Славянск у дзень гораду
Адзін прыватны дом у прыфрантавым горадзе Славянску Данецкай вобласьці цалкам разбураны. Таксама пацярпелі суседнія дамы.
Паводле дадзеных мясцовых уладаў, пацярпелых няма.
Выбух у Энэргадары
У Энэргадары Запароскай вобласьці адключылася электрычнасьць і водазабесьпячэньне, перад гэтым жыхары пачулі магутны выбух, паведаміў мэр гораду. Тут жывуць працаўнікі Запароскай АЭС.
Раніцай расейцы абстралялі Харкаў
Як паведамляе абласная адміністрацыя, расейская армія выкарыстоўвала ракеты С-300. Адна з ракет трапіла ў жылы дом, пачаўся пажар.
Адзін з уваходаў разбураны ад даху да склепа. З будынку эвакуавалі некалькі чалавек. Яшчэ адна жанчына пацярпела. Большая частка жыхароў выехала на пачатку вайны.
Абстрэл Крывога Рогу
У Крывым Рогу Днепрапятроўскай вобласьці ў выніку ракетнага ўдару адбыўся пажар на нафтабазе, паведаміла абласная ваенная адміністрацыя. Маштабы разбурэньняў і інфармацыя аб пацярпелых пакуль высьвятляюцца.
Украінская атака на расейскі пантонны мост
У Херсонскай вобласьці ўкраінская армія разбурыла пантонны мост расейцаў. Расейскія акупанты выкарыстоўвалі яго для пераправы праз раку Інгулец. На спадарожнікавых здымках ад 5 верасьня, якія ёсьць у распараджэньні «Схемаў» (Радыё Свабода), таксама відаць значныя пашкоджаньні Дар’еўскага моста.
Спадарожнікавы здымак Planet Labs таксама паказвае пашкоджаньні будынка каля рачной прыстані, дзе з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварваньня стаяла неапазнанае судна. Прыкладна за 250 мэтраў ад пераправы спадарожнік таксама зафіксаваў зграмаджэньне расейскай вайсковай тэхнікі і вялікую колькасьць траншэй.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.