Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі міністар абароны расказаў, як кіраўнік Мінабароны Беларусі Хрэнін прапаноўваў Украіне капітуляваць


Аляксей Рэзьнікаў
Аляксей Рэзьнікаў

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў паведаміў, што праз два дні пасьля пачатку ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну яму патэлефанаваў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін і перадаў ультыматум міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу.

Як паведаміў Аляксей Рэзьнікаў у інтэрвію The Washington Post, за два дні да расейскага ўварваньня ў часе тэлефоннай размовы Віктар Хрэнін даваў слова афіцэра, што Расея не перасячэ дзяржаўную мяжу Беларусі для нападу на Ўкраіну.

«І ён быў хлусам», — сказаў Аляксей Рэзьнікаў.

Праз два дні пасьля ўварваньня, 26 лютага, міністры зноў размаўлялі. Тады, паводле ўкраінскага міністра, беларускі міністар узбуджаным і нэрвовым голасам паведаміў, што перадае пасланьне расейскага калегі Сяргея Шайгу: калі Ўкраіна падпіша акт аб капітуляцыі, уварваньне спыніцца.

Аляксей Рэзьнікаў паведаміў, што на гэтую прапанову ён адказаў: «Я гатовы прыняць капітуляцыю Расеі».

Пацьвярджэньня гэтай інфармацыі няма.

У траўні сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што для ўкраінскага кіраўніцтва стала нечаканасьцю, калі Беларусь дазволіла Расеі скарыстацца сваёй тэрыторыяй для збройнага ўварваньня ва Ўкраіну.

У чэрвені дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк заявіў, што Ўкраіна давярала заявам Аляксандра Лукашэнкі.

«Аб’ектыўна мы не чакалі, што ваша краіна дасьць у поўным аб’ёме сваю інфраструктуру для правядзеньня прамой інтэрвэнцыі ва Ўкраіну. Мы думалі, што кіраўніцтва Беларусі, нягледзячы на прыродную антыдэмакратычнасьць, значна разумнейшае і паспрабуе мінімізаваць свой удзел у прамых ваенных дзеяньнях. Цяпер юрыдычна Беларусь на доўгі час будзе лічыцца краінай, якая дала інфраструктуру для расейскага ўварваньня», — заяўляў Падаляк.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG