«Не давалі зьвязвацца з роднымі»
«Важна разумець, што Расеі праўда не патрэбная. Яна вырашае, што будзе „праўдай“, і пад яе пачынае падцягваць тое, што яна выдае за факты. У нашым выпадку Расеі патрэбен быў факт, што нас неяк лячылі, але фактычна гэта было не лячэньнем, а захаваньнем жыцьця, каб мы дажылі да моманту магчымага абмену», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве Ўладзіслаў Жайваранак, які страціў нагу пасьля раненьня.
Паводле яго, у палоне быў вельмі моцны псыхалягічны ціск.
«Расея не давала доступу да сувязі з роднымі і з навакольным сьветам. Псыхалягічны ціск яны абгрунтоўвалі тым, што мы нікому не патрэбныя: „Вы прайграяце ў гэтай вайне, і ўвогуле вам ня трэба нікому тэлефанаваць“», — расказаў украінскі вайсковец, які служыў у падразьдзяленьні «Азоў».
Дапытвалі цяжка параненых
Уладзіслаў Жайваранак паведаміў, што расейцы дапытвалі цяжкапараненых:
«Мяне дапытвалі яшчэ да таго, як пачалі даваць антыбіётыкі пасьля ампутацыі нагі. Таму лячэньнем гэта цяжка назваць. Хлопцаў, якія там знаходзіліся, моцна катавалі — камусьці іголкі ўстаўлялі ў раны, кагосьці катавалі вадой, некаторыя атрымлівалі недастатковае лячэньне», — заявіў ён.
Паводле яго, ня ўсе палонныя параненыя ўкраінцы знаходзіліся ў шпіталі, частка ў лягеры для ваеннапалонных у Аленаўцы.
«Вады давалі па 600 грамаў на двое сутак»
Баец падразьдзяленьня «Азоў» Дзяніс Чапурок, які страціў руку і атрымаў раненьне ў нагу, знаходзіўся якраз у Аленаўцы:
«Я быў сьведкам, калі білі хлопцаў. Нас выганялі і праводзілі вобшук, разьдзяваючы нас дагала. Мы былі голыя на сьпёцы, нас прымушалі прысядаць, а хто паднімаў галаву, тых пачыналі адразу біць. Мяне падчас допытаў білі, прымушаючы падпісаць паказаньні супраць свайго камандаваньня», — паведаміў ён.
Паводле яго, расейцы на допытах прымушалі прызнаць, што менавіта полк «Азоў» разбамбіў горад Марыюпаль:
«Я казаў, што ня буду гэтага рабіць, і яны пачыналі мяне біць палкамі. Але я нічога не падпісаў. Былі пагрозы жыцьцю расстрэлам. Я бачыў, як забіралі з нашага барака хлопцаў і праз 2-3 дні іх прыносілі пабітых з паламанымі рэбрамі», — удакладніў ён.
«Нас прымушалі бегаць, вады давалі 600 грам на двое сутак, але вада не была пітной. Усім там было вельмі цяжка. У камэры мэтар на мэтар нас было 10 чалавек, і мы спалі на падлозе», — сказаў Дзяніс Чапурок.
«Патрабавалі прызнацца, што забівалі мірнае насельніцтва»
Дзьмітро Ўсачэнка служыць у Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Яго 28 сакавіка дэсантавалі на «Азоўсталь» у адным зь верталётаў, якім дастаўлялі дапамогу ўкраінскім абаронцам Марыюпалю.
Выведнік апынуўся ў палоне з двума раненьнямі, расказаў ён:
«У палоне палохалі фізычнай расправай і расстрэлам у часе так званых „сьледчых дзеяньняў“. Хацелі, каб мы прызналіся, што забівалі мірнае насельніцтва, хаця мы гэтага не рабілі», — паведаміў ён.
Расея рыхтуе паказальны суд над палоннымі
Тым часам Расея рыхтуецца да правядзеньня ў Марыюпалі паказальнага суду над палоннымі байцамі ўкраінскага полку «Азоў». У пачатку жніўня Life апублікаваў відэа зь філярмоніі Марыюпалю, дзе для маючага адбыцца суду пабудавалі мэталічныя клеткі для падсудных.
Украінскі мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка ня выключыў, што расейскія вайскоўцы могуць правесьці суд над украінскімі ваеннапалоннымі ў Дзень Незалежнасьці Ўкраіны, 24 жніўня.
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея «закрые для сябе любыя шанцы на перамовы» з украінскімі ўладамі, калі пачне праводзіць так званыя рэфэрэндумы на акупаваных тэрыторыях.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.