Заява расейскага боку
Як заявіў Даніла Бяссонаў, які называе сябе «намесьнікам міністра інфармацыі ДНР», удар нанесьлі ўкраінскія вайскоўцы нібыта з ракетных сыстэмаў залпавага агню HIMARS. Як піша Бяссонаў, параненыя 130 чалавек.
Паводле ж расейскіх СМІ, загінулі 53 палонныя, яшчэ 75 атрымалі раненьні. Украінскі бок не паведамляе магчымай колькасьці загінулых украінскіх палонных.
Паведамленьне прадстаўніка сэпаратыстаў актыўна цытуюць расейскія агенцтвы, аднак іншых крыніц інфармацыі яны не прыводзяць.
Першая рэакцыя ў Кіеве
Пазьней у дэпартамэнце стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны зьняпраўдзілі абвінавачаньне Расеі ў нібыта прымяненьні амэрыканскай устаноўкі HIMARS для абстрэлу калёніі ў часова акупаванай Аленаўцы, дзе знаходзіліся ўкраінскія палонныя вайскоўцы, у тым ліку са складу полку «Азоў».
«Найперш — кожны стрэл М142 HIMARS дакладна фіксуецца, ад часу запуску да лякацыі пацэльваньня. Відавочна, што оркі спрабавалі схаваць злачынствы супраць вязьняў, якія яны чынілі ўвесь гэты час. Зьдзекі, катаваньні, забойствы. Каб замесьці сьляды, па калёніі быў нанесены ўдар», — заявілі ў дэпартамэнце Ўзброеных сіл Украіны.
Крыніцы «Ўкраінскай праўды» ў выведцы Ўкраіны паведамілі, што ў кірунку Аленаўкі былі зафіксаваныя ўдары расейскай артылерыі. Атака ішла з боку расейцаў. Іншая крыніца паведаміла, што на днях украінскіх палонных перавялі ў прамзону, у гэты самы барак, які быў абстраляны 29 ліпеня:
«Гэта быў барак, у якім знаходзіліся байцы „Азова“, іх перавялі туды за некалькі дзён да абстрэлу, мы так і не змаглі зразумець, чаму».
Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны наўпрост абвінаваціў Расею ў абстрэле калёніі з палоннымі:
«Узброеныя сілы РФ зьдзейсьнілі мэтанакіраваны і наўмысны артылерыйскі абстрэл папраўчай установы ў населеным пункце Аленаўка Данецкай вобласьці, дзе ўтрымліваліся, у прыватнасьці, украінскія зьняволеныя», — адзначаецца на старонцы Генштабу ў Фэйсбуку.
Паводле Генштабу Ўкраіны, такім чынам акупанты хочуць абвінаваціць Украіну ў ваенных злачынствах, а таксама «схаваць катаваньні палонных і расстрэлы, якія яны праводзілі там на загад акупацыйнай адміністрацыі і камандаваньня УС РФ на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласьці».
У Аленаўцы знаходзіцца калёнія № 120, дзе, у прыватнасьці, утрымліваюцца ўкраінскія ваеннапалонныя, узятыя ў палон у Марыюпалі ў траўні сёлета.
Паводле зьвестак украінскага камандаваньня, у ноч на пятніцу ўдары наносіліся па складах боепрыпасаў расейскіх войскаў у Ілавайску Данецкай вобласьці і Брылаўцы Херсонскай вобласьці.
«Азоў»: Гэта масавае забойства палонных
Андрэй Білецкі, лідэр партыі «Нацыянальны корпус», адзін зь першых камандзіраў батальёну «Азоў», заявіў, што ў Аленаўцы расейскае камандаваньне ўчыніла масавае забойства палонных. Паводле яго, палонных байцоў палку напярэдадні перавялі ў асобны будынак.
«Мы зьбіраем інфармацыю пра ахвяр і канкрэтных выканаўцаў гэтага ваеннага злачынства. Расея не змагла перамагчы „Азоў“ у сумленным баю, таму спрабуе зьнішчыць нас вераломствам. Я ад імя азоўскіх падразьдзяленьняў абвяшчаю паляваньне на ўсіх, хто мае дачыненьні да масавых забойстваў. Кожны шараговы выканаўца і кожны арганізатар, незалежна ад пасады і месца знаходжаньня, панясе адказнасьць. Дзе б ты не хаваўся, цябе знойдуць і зьнішчаць», — заявіў Андрэй Білецкі.
Арастовіч: «чарговая Катынь»
Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч назваў абстрэл калёніі з ваеннапалоннымі ў Данецкай вобласьці «чарговай Катыньню».
«Без сумневаў, гэта злачынства супраць чалавечнасьці дадасьць рашучасьці амэрыканскаму кіраўніцтву прызнаць Расею дзяржавай – спонсарам тэрарызму, а міжнароднаму правасудзьдзю — рашучасьці дагнаць вінаватых. Па сутнасьці, мы маем справу з чарговай Катыньню — масавым забойствам ваеннапалонных», — заявіў Аляксей Арастовіч.
Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк падкрэсьліў, што ўжо ёсьць сьведчаньні мясцовых жыхароў і сродкі аб’ектыўнага кантролю, якія дазваляюць вызначыць, адкуль і якім чынам вялі агонь.
Міхайла Падаляк перакананы, што расейцы, абстраляўшы калёнію, наўмысна, цынічна, прадумана масава забілі ўкраінскіх палонных грамадзян:
«Гэта будзе расьсьледаваць Офіс генэральнага пракурора і міжнародныя сьледчыя групы. Відавочна, што, адчуваючы набліжэньне тактычных паражэньняў, Расея пойдзе на новыя людаедзкія правакацыі, каб прасоўваць іх на глябальныя рынкі. Патрабуем таксама тэрміновай рэакцыі ААН і іншых міжнародных арганізацый – Расею трэба выключыць з усіх міжнародных інстытутаў», – заявіў Міхайла Падаляк.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.