Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выведцы ЗША заявілі аб спробе Расеі сфабрыкаваць доказы аб зьнішчэньні палонных украінцаў у Аленаўцы


Акцыя сваякоў і сяброў абаронцаў «Азоўсталі». Львоў, 31 ліпеня 2022
Акцыя сваякоў і сяброў абаронцаў «Азоўсталі». Львоў, 31 ліпеня 2022

У выведцы ЗША заявілі аб спробе Расеі сфабрыкаваць доказы аб зьнішчэньні палонных украінцаў у Аленаўцы, а галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны сьцьвярджаюць, што калёнію замінавалі вагнэраўцы.

«Амэрыканская выведка вызначыла, што Расея спрабуе падкінуць лжывыя доказы, каб стварыць уражаньне, што ўкраінская вайскоўцы нясуць адказнасьць за атаку па калёніі ў Аленаўцы, у выніку якой загінулі 53 асобы, а дзясяткі атрымалі раненьні», — паведаміла агенцтва Associated Press са спасылкай на амэрыканскага чыноўніка, знаёмага з высновамі выведкі.

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла дадатковыя абставіны масавага забойства ўкраінскіх палонных у Аленаўцы. У прыватнасьці, украінскія выведнікі сьцьвярджаюць, што прадстаўнікі гэтак званай «ДНР» і вайсковай кампаніі «Вагнэр» у часе допытаў катавалі і білі палонных, каб зламаць іх маральна і атрымаць прызнаньні «ў зьверствах супраць мірнага насельніцтва», а відэазапісы з прызнаньнем перадаць расейскім СМІ.

Аднак палонныя дэманстравалі мужнасьць і нязломнасьць.

«Расейскі бок ня меў намеру ажыцьцяўляць абмен палоннымі, і з мэтай утаіць неналежныя ўмовы і формы допытаў украінскіх вайскоўцаў наўмысна іх зьнішчыла. Паводле наяўных зьвестак, мінаваньне месца ўтрыманьня ўкраінскіх байцоў ажыцьцявілі баявікі ПВК „Вагнэр“ з выкарыстаньнем гаручага рэчыва, што прывяло да хуткага распаўсюджаньня агню ў памяшканьні», — адзначаецца ў паведамленьні.

Тым часам намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін трэцяга жніўня правёў брыфінг для замежных вайсковых аташэ, акрэдытаваных у Маскве.

Аляксандар Фамін паведаміў, што «кіраўніцтва Ўкраіны аддала загад нанесьці ўдар па Аленаўцы нібыта пасьля таго, як «палонныя баявікі полку „Азоў“ пачалі даваць паказаньні аб злачынствах супраць мірных грамадзян».

Паводле намесьніка міністра абароны Расеі, украінскі бок настойваў, каб украінскія вайскоўцы, якія «здаліся ў палон», знаходзіліся менавіта на тэрыторыі калёніі ў Аленаўцы.

У ноч на 29 ліпеня адзін з баракаў папраўчай калёніі ў пасёлку Аленаўка Данецкай вобласьці быў разбураны. Загінулі сама меней 50 украінскіх ваеннапалонных, якіх там утрымлівалі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG