Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс прэзыдэнта Ўкраіны: аналіз спадарожнікавых здымкаў Аленаўкі сьведчыць пра тэрмабарычны выбух унутры будынка. ФОТА


Тэрыторыя калёніі ў Аленаўцы пасьля выбухаў 28 ліпеня. Спадарожнікавы здымак Maxar Technologies, датаваны 30 ліпеня 2022 году.
Тэрыторыя калёніі ў Аленаўцы пасьля выбухаў 28 ліпеня. Спадарожнікавы здымак Maxar Technologies, датаваны 30 ліпеня 2022 году.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў, што апублікаваныя спадарожнікавыя здымкі будынка турмы ў акупаванай Аленаўцы Данецкай вобласьці, дзе ўтрымлівалі ўкраінскіх ваеннапалонных, да і пасьля выбухаў, пацьвярджаюць, што гэта быў зроблены Расеяй тэракт.

«Спадарожнікавыя здымкі дэманструюць, што пашкоджаны толькі адзін будынак. Менавіта ў яго перавялі палонных проста перад тэрактам. Аналіз фота сьведчыць пра тэрмабарычы выбух знутры. Удар? Не, тэракт», — напісаў Падаляк у твітары, апублікаваўшы спадарожнікавыя здымкі да і пасьля выбуху.

Між тым Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заявіла, што гатовая расьсьледаваць гібель дзясяткаў украінскіх ваеннапалонных у Аленаўцы.

Прадстаўнік ААН Фархан Хак заявіў, што ў выпадку згоды абодвух бакоў ААН гатовая накіраваць туды экспэртаў.

«З прычыны нядаўняй трагедыі ў калёніі ў Аленаўцы мы гатовыя накіраваць групу экспэртаў, здольных правесьці расьсьледаваньне з дазволу бакоў», — сказаў ён.

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа 30 ліпеня заявіў, што шукае доступу да месца здарэньня, але пакуль дазволу яму не далі.

Увечары 30 ліпеня Міністэрства абароны паведаміла, што Масква афіцыйна запрашае экспэртаў ААН і Міжнароднага Чырвонага Крыжа для расьсьледаваньня ўдару па калёніі ў Аленаўцы.

Прыцягненьне міжнародных экспэртаў запатрабавалі і ўлады Ўкраіны.

Адзін з баракаў папраўчай калёніі ў пасёлку Аленаўка Данецкай вобласьці быў разбураны ў ноч з 28 на 29 ліпеня. Загінулі сама меней 50 украінскіх ваеннапалонных, якіх там утрымлівалі.

Прарасейскія баевікі і Міністэрства абароны Расеі заявілі, што прычынай стаў нібыта абстрэл з боку ўкраінскіх сіл. Генштаб Узброеных сіл Украіны падкрэсьліў, што ўкраінскія вайскоўцы не рабілі артылерыйскія або ракетныя абстрэлы Аленаўкі і абвінавацілі расейскіх вайскоўцаў.

Раней украінскія ўлады заявілі, што да гібелі ваеннапалонных магло прывесьці закладзенае выбуховае прыстасаваньне, якое спрацавала.

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны сьцьвярджае, што пашкоджаньне, якое атрымаў будынак — «гэта ня тыя пашкоджаньні, якія мог бы нанесьці ўдар ракетамі HIMARS», як пра гэта заяўляў расейскі бок.

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што выбухі на тэрыторыі калёніі ў акупаванай Аленаўцы Данецкай вобласьці, дзе ўтрымлівалі ўкраінскіх ваеннапалонных, учынілі найміты са складу ПВК «Вагнера» (Ліга) «паводле асабістай каманды намінальнага ўладальніка названай ПВК — Яўгена Прыгожына».

У сумеснай заяве ўкраінскіх сілавых ведамстваў, выкладзенай у тэлеграм-канале СБУ, тое, што адбылося ў калёніі, названае «тэрарыстычным актам» і «масавым забойствам», учыненым Расеяй.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG