Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада РФ у Лёндане разьмясьціла заклік павесіць палонных украінскіх байцоў


Украінскія вайскоўцы, ўзятыя ў палон на прадпрыемстве «Азоўсталь» у Марыюпалі, архіўнае фота
Украінскія вайскоўцы, ўзятыя ў палон на прадпрыемстве «Азоўсталь» у Марыюпалі, архіўнае фота

У афіцыйным твітэры амбасады Расеі ў Вялікай Брытаніі 29 ліпеня было апублікавана паведамленьне з заклікам да пакараньня сьмерцю палонных байцоў украінскага палку «Азоў».

Твіт быў апублікаваны празь некалькі гадзін пасьля паведамленьняў гібелі ў калёніі ў Аленаўцы (Данецкая вобласць) дзясяткаў украінскіх ваеннапалонных, у тым ліку байцоў «Азова», у якой Кіеў абвінавачвае Расею.

«Баевікі „Азова“ заслугоўваюць пакараньня, але не расстрэлу, а павешаньня, таму што яны не сапраўдныя салдаты. Яны заслугоўваюць ганебнай сьмерці», — напісана ў твіце расейскай амбасады ў Лёндане. Да яго прымацавана спасылка на відэа, апублікаванае на ютуб-канале пасольства. У гэтым відэа мужчына і жанчына, якія называюць сябе жыхарамі Марыюпалю, сьцьвярджаюць, што ўкраінскія вайскоўцы стралялі па іх з тэрыторыі заводу «Азоўсталь».

Словы пра павешаньне на відэа прамаўляе адзін з удзельнікаў сюжэту, аднак расейская амбасада ніяк не пазначыла, што гаворка ідзе пра цытату і што яна неяк дыстанцуецца ад іх. У камэнтарах пад відэа шматлікія карыстальнікі сумняваюцца, што героі сюжэту апісваюць рэальныя падзеі.

Сацсетка не стала выдаляць твіт расейскай амбасады. Пасьля публікацыі мадэратары твітэру дадалі да допісу паведамленьне, у якім гаворыцца, што гэтае выказваньне парушае правіла пра забарону распальваньня нянавісьці, аднак сацсетка вырашыла яго не выдаляць, бо гэты допіс — прадмет грамадзкай цікавасьці.

Кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак, каментуючы твіт, назваў Расею «краінай-тэрарыстам», адзначыўшы, што ў XXI стагодзьдзі на дыпляматычным узроўні расказваць аб пакараньні сьмерцю праз павешаньне «могуць толькі дзікуны і тэрарысты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG