Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Ўкраіны: «Наша мэта — поўная дэакупацыя краіны»


Аляксей Рэзьнікаў
Аляксей Рэзьнікаў

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у інтэрвію Ўкраінскай службе «Голаса Амэрыкі» таксама заявіў, што дамоўленасьць з ЗША пра недапушчальнасьць нанясеньня ўдараў па расейскіх вайсковых аб’ектах не распаўсюджваецца на часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны.

Аляксей Рэзьнікаў падкрэсьліў, мэта Ўкраіны — поўная дэакупацыя краіны і вяртаньне да міжнародна прызнаных межаў па стане на 1991 год.

Рэзьнікаў таксама падзякаваў ЗША за апошні пакет дапамогі на агульную суму 1 млрд даляраў, які ўключаў боепрыпасы для РСЗА HIMARS, і заклікаў прыняць рашэньне аб выдзяленьні больш дальнабойных ракет ATACMS, якія дазволяць Украіне паражаць мэты на адлегласьці да 300 км.

«Гэта таксама дазволіць нам захаваць больш жыцьцяў нашых салдатащ — мужчын і жанчын — і нанесьці большыя страты. Мы спадзяёмся, што нарэшце атрымаем заходнія самалёты, якія дазволяць нам дамінаваць у небе дзякуючы іхным лепшым радарам, далёкасьці, манэўранасьці і хуткасьці. І, вядома, атрыманьне танкаў таксама дасьць нам перавагу. Сёньня сучасны сьвет можа лёгка даць нам тэхналёгіі, якія забясьпечаць нашу перамогу і кампэнсуюць дысбалянс у жывой сіле (паміж Расеяй і Украінай)», — удакладніў Рэзьнікаў.

Адказваючы на пытаньне аб тым, ці існуе дамоўленасьць з ЗША аб тым, каб не наносіць удары па расейскіх вайсковых абʼектах у Крыме з дапамогай амэрыканскіх сыстэм узбраеньня, Рэзьнікаў удакладніў, што дамоўленасьць датычыцца ўдараў па тэрыторыі Расеі.

«Але калі мы гаворым аб дэакупацыі часова акупаваных тэрыторый Украіны, дзе знаходзяцца нашы ворагі, то, адпаведна, у нас няма такіх абмежаваньняў», — удакладніў ён.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG