Вайсковыя экспэрты сьцьвярджаюць, што Расея пачала мінаваць населеныя пункты на ўсходняй лініі фронту ў Запароскай вобласьці, рыхтуючыся да абароны сваіх пазыцый.
У Мікалаеве — часовая перадышка ад абстрэлаў, пад ударам Запарожжа
Улады Мікалаева выкарыстоўваюць першыя гадзіны без расейскіх абстрэлаў для аднаўленьня пашкоджанай інфраструктуры.
Паводле мэра горада Аляксандра Сянкевіча, у Мікалаеве застаецца каля 200 тысяч жыхароў. Пасьля вызваленьня ад расейскай акупацыі некалькіх населеных пунктаў у Херсонскай вобласьці, зьявіліся лягістычныя магчымасьці праводзіць эвакуацыю грамадзян у Днепрапятроўскую і Адэскую вобласьці, а таксама ў іншыя рэгіёны Ўкраіны. Гарадзкія ўлады рыхтуюцца да пачатку новага навучальнага году, але, улічваючы сталую небясьпеку, навучаньне будзе адбывацца ў дыстанцыйным рэжыме.
У ноч на 18 жніўня расейцы абстралялі адзін раён у горадзе Запарожжа і яшчэ пяць населеных пунктаў у яго навакольлі. Ракеты пацэлілі ў аб’екты інфраструктуры.
Расейскія штурмы ў Данецкай і Харкаўскай абласьцях пакуль беспасьпяховыя
Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) у сваёй справаздачы адзначае, што расейскія войскі дасягнулі абмежаваных посьпехаў на паўночны захад ад Данецка і каля адміністрацыйнай мяжы Запарожжа і Данецкай вобласьці.
У той жа час некалькі штурмаў расейцаў у раёне мяжы Харкава і Данецкай вобласьці ў тактычна складаных лясных раёнах аказаліся беспасьпяховымі.
Экспэрты Інстытуту мяркуюць, што расейскія падразьдзяленьні рыхтуюцца да абароны сваіх наземных ліній сувязі (GLOCs) у трохкутніку Мелітопаль—Такмак—Бярдзянск (запароская вобласьць) і мінуюць населеныя пункты на ўсходзе Запароскай вобласьці.
У Харкаве павялічылася колькасьць ахвяр начных абстрэлаў
У ноч на 18 жніўня ў Харкаве ад абстрэлаў пацярпелі Салтаўскі і Слабадзкі раён горада, дзе пашкоджаныя жылыя будынкі, трамвайнае дэпо і інтэрнат. Пад заваламі ў гэтых двух раёнах загінулі 9 і атрымалі раненьні 35 мясцовых жыхароў, у тым ліку двое дзяцей.
Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што «высокадакладная зброя наземнага базаваньня пацэліла ў пункт часовага базаваньня замежных наймітаў у Харкаве». Паводле Расеі, там «зьнішчана 90 баевікоў».
Пасьля выбухаў у Крыме Расея ратуе свой паветраны флёт
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што Расея пачала тэрмінова перамяшчаць свае самалёты і верталёты ў глыб тэрыторыі Крыму пасьля выбухаў на аэрадроме «Сакі» і ў Гвардзейскім, а таксама на складзе з боепрыпасамі каля Джанкою.
Паводле ўкраінскіх выведнікаў, авіяцыйная тэхніка перамяшчаецца на запасныя аэрадромы і і аэрадромы сталага базаваньня на тэрыторыі Расеі.
У прыватнасьці, украінская выведка сьцьвярджае, што з Крыму перамясьцілі ня менш, чым 24 самалёты і 14 верталётаў.
Перамовы аб абмене палоннымі і целамі загінулых трываюць
Украіна працягвае перамовы аб вяртаньні целаў загінулых у баях абаронцаў краіны, а таксама палонных. Пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа нядаўна вярнулі яшчэ 19 цел. Сярод іх пакуль няма целаў загінулых беларусаў.
Ва ўкраінскай выведцы сьцьвярджаюць, што Расея не зацікаўленая ў абмене палоннымі, якія былі мабілізаваныя ў так званых «ЛНДР». «Да іх сапраўды невысокі інтарэс. Мы гэта бачым на розных узроўнях стаўленьня: ад таго, што яны найгорш апранутыя і з найгоршай зброяй, да, у тым ліку, у пытаньні абмену», — сказаў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.