Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі наймаеш кватэру, то трэба зважаць на цьвіль». Плюсы і мінусы жыцьця на Кіпры


Алесь працуе проджэкт-мэнэджарам у ІТ-кампаніі. На Кіпры ўжо больш за год. Прыняць рашэньне пра рэлякацыю прымусіла пасадка ў Менску самалёта кампаніі Ryanair. Яны з жонкай і раней разглядалі варыянты пераезду, а гэты выпадак канчаткова схіліў шалі. Цяпер яны жывуць у Лімасоле, на поўдні вострава.

«Хацелі дапамогі зь легалізацыяй, таму абралі Кіпр»

«Пасьля пасадкі самалёта палічылі, што будуць закрываць мяжу ня толькі беларусы, але і эўрапейцы. Мы хацелі пераехаць хутка, а ў маёй кампаніі быў варыянт толькі Кіпру. Маглі самастойна зьехаць у Польшчу, Літву ці Грузію, але хацелася падтрымкі зь легалізацыяй, падаткамі, відам на жыхарства. І Кіпр быў найпрасьцейшым варыянтам. Мы нічога не чакалі. Шмат пра краіну ня ведалі. Калі ўжо вырашылі зьяжджаць, нешта паглядзелі на ютубе, нешта пачыталі. Першыя дні я быў трошку ў шоку, бо пахадзіў па ня самых лепшых мясьцінах. Пасьля пазнаёміліся лепш з горадам, востравам. Стала зразумела, як тут што працуе. Зь нечым звыкліся, зь нечым — не змаглі».

Разам з жонкай Алесь шмат падарожнічае па сьвеце, ім гэта падабаецца, але рабіць гэта з Кіпру дастаткова цяжка. Справа ў тым, што Кіпр не ўваходзіць у Шэнгенскую зону, і беларусы, якія маюць у краіне дазвол на жыхарства, усё адно кожны раз мусяць афармляць візы.

«Атрымліваць візы было і раней цяжкавата, а пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне — яшчэ складаней. Гэта ня вельмі зручна. Часта даюць візы пад даты, а не на год. Кожная віза — мінус старонка ў пашпарце, а кожная паездка — чатыры штампы. Мне здаецца, што існуе пэўная рызыка, бо цяпер выдаюць за мяжой новыя пашпарты, хоць і з праблемамі, а праз год могуць увогуле перастаць гэта рабіць».

«У жонкі была холадавая алергія»

Што тычыцца плюсаў, то суразмоўца кажа, што гэта найперш прырода і надвор’е. На востраве вельмі цёпла амаль цэлы год.

«Мора чыстае і цёплае. Плаваць можна ад красавіка да лістапада. Але ў жніўні вельмі тут горача, даходзіць да 40 градусаў. Нават самім кіпрыётам гэта ня вельмі падабаецца, шмат што закрываецца на 2–3 тыдні, а мясцовыя зьяжджаюць у іншыя краіны, дзе ня так горача. Зімой шмат што залежыць ад кватэры. У нас было вельмі холадна. Калі на вуліцы +10 градусаў, то дома ў нас было +7. Тут, канечне, няма цэнтральнага ацяпленьня. Маем некалькі электрычных батарэй, якія ганялі на ўсю моц зімой, але сядзелі ўсё адно ў кофтах. У жонкі была холадавая алергія, пухлі рукі».

Пры гэтым, са словаў Алеся, у кватэры ягонага добрага знаёмага, які жыве цераз вуліцу ад яго, нават зімой было вельмі цёпла, і ён хадзіў па доме ў цішотцы.

Ад Лімасолу за гадзіну язды ёсьць горы, дзе ляжыць сьнег. Алесь кажа, што ў красавіку нават можна пакупацца ў моры, а потым паехаць пакатацца на лыжах, і гэты кантраст шмат каму падабаецца.

«Самі кіпрыёты амаль усе размаўляюць па-ангельску, бо востраў — былая частка Брытанскай імпэрыі. І машыны тут зь левага боку езьдзяць, і разэткі брытанскія, а не эўрапейскія. Шмат хто таксама размаўляе і па-расейску. Я б сказаў, што Лімасол — вельмі расейскамоўны горад, тут і крамы ёсьць з расейскімі, беларускімі, украінскімі, грузінскімі прадуктамі. Але вось у Нікасіі амаль няма расейскамоўных. У прынцыпе, можна абысьціся і расейскай мовай, але лепш ведаць і ангельскую».

«У знаёмых бурылі ў кватэры сьцяну празь цьвіль»

Як і ў шмат якіх іншых краінах, на Кіпры цэны на арэнду жыльля істотна ўзрасьлі пасьля 24 лютага 2022 году, калі пачалася вайна ва Ўкраіне. На востраў паехалі многія ўкраінцы, што ўцякалі ад баявых дзеяньняў, а таксама расейцы, якія не былі згодныя з агрэсіяй.

«Кватэры тут мераюць наяўнасьцю спальняў — one-bedroom (адна спальня), two-bedroom (дзьве спальні). Але one-bedroom — гэта заля, прыбіральня і спальня. Заля — гэта абавязкова. Мы наймаем two-bedroom за сем хвілін хады ад мора, цяпер мы плацім за кватэру 1000 эўра. Таксама тут ёсьць такая штука, як абслугоўваньне дома — гэта не камуналка, — аддаём 55 эўра. Калі ў доме ёсьць басэйн ці лазьня, то можа быць і 150».

Пры гэтым Алесь кажа, што на сёньня тысяча эўра — даволі добрая цана за кватэру. Калі яны прыехалі на Кіпр, то плацілі 900, але з пачаткам вайны кошт крыху павысілі. Знаёмым, якія наймаюць такую самую кватэру ў тым жа доме, паднялі арэнду з 900 да 1300 эўра.

«Сябры, якія прыяжджаюць цяпер, наймаюць такія ж кватэры за 1400–1700 эўра. Цэны вырасьлі моцна, вялікі попыт і амаль няма прапановы. Калі наймаць не ў вялікіх гарадах, а ў вёсках, то атрымаецца таньней. Можна наняць дом на два паверхі з басэйнам, за 30–40 хвілін ад Лімасолу, за 1000 эўра. Хоць раней гэта было ад 700 эўра».

Важным нюансам Алесь называе наяўнасьць у кіпрскіх кватэрах цьвілі. Таму перад засяленьнем ён рэкамэндуе ўсё абсьледаваць.

«Цьвіль трэба глядзець на кухні, у ваннай і прыбіральні. У мяне ёсьць знаёмыя, у якіх ламалі сьцяну праз гэта, і яны жывуць цяпер зь дзіркамі ў сьцяне. Бо тут усё вельмі марудна, нясьпешна, могуць рамантаваць сьцяну да двух месяцаў».

«Цэны на электрычнасьць моцна падняліся»

Што тычыцца камуналкі, то Алесь наракае, што цэны на яе моцна ўзьняліся апошнімі месяцамі.

«Электрычнасьць аплачваецца за два месяцы. Летась за чэрвень-ліпень мы заплацілі 130 эўра. Сёлета ж за той жа пэрыяд мы мусім аддаць 287 эўра. Прычым за меншую колькасьць кіляват. Зімой жа плацілі 450 эўра за два месяцы, але гэта было да павышэньня цэнаў. Сёлета, можа, будзе ўсе 900 эўра».

Што тычыцца вады, то рахунак за яе прыходзіць адзін раз на тры месяцы. Цяпер сям’я плаціць дзесьці каля 65 эўра.

«Мамы хвалілі мясцовыя яйкі»

Адносна прадуктаў Алесь кажа, што на Кіпры досыць дарагі хлеб. За восем кавалкаў тоставага хлеба трэба аддаць 1 эўра, за багет — 1,7. Калі хлеб ручной работы, то можа каштаваць 3–4 эўра.

«Яйкі тут прадаюцца не дзясяткамі, а тузінамі. Каштуе гэта ад 3 эўра. Але нават самыя танныя яйкі вельмі добрыя. Нашы мамы, калі прыяжджалі сюды, захапляліся яйкамі, казалі, што ў іх такі жоўты жаўток. Малако дарагое — літар 1,5 эўра. Нядаўна куплялі зьмешаны сьвіны і ялавічны фарш — 650 грамаў каштуе 4,5 эўра. Курыца тут даражэйшая за сьвініну. За яе трэба аддаць да 9 эўра за кіляграм».

Алесь зьвяртае ўвагу на цану чырвонай рыбыу. Кажа, што яна таксама «кусаецца».

«Салёная фарэль для бутэрбродаў — 100 грамаў за 4 эўра, гэта самы танны варыянт. А калі гаварыць пра замарожаную фарэль, то кавалак на 200–250 грамаў будзе каштаваць 8 эўра».

«Цяпер сэзон кавуноў»

У суботы Алесь разам з жонкай часта заходзіць на мясцовы фэрмэрскі рынак. Шмат якія пазыцыі па садавіне і гародніне там можна набыць таньней, чым у крамах.

«Цяпер сэзон кавуноў, раней былі трускаўкі, чарэшні. За кіляграм кавуна просяць 30–50 цэнтаў. Залежыць ад сэзону. Дыня на 2–3 кілё прадаецца па 1 эўра за штуку. Памідоры дзесьці 2 эўра за кіляграм, гуркі — 1,2 эўра. Бульба дзесьці 30 цэнтаў. Бульбу тут вельмі любяць, нават ёсьць помнік батату. Яблыкі — 30–40 цэнтаў за кіляграм».

З папулярнай садавіны і гародніны на Кіпры, якая не распаўсюджаная ў Беларусі, суразмоўца называе капусту кальрабі, плады кактуса, пітаю. Але асабліва хваліць мясцовае авакада. Кіляграм авакада каштуе 4 эўра.

«З дарагога тут яшчэ ёсьць дурніцы. Яны прадаюцца толькі ў крамах. За 150 грамаў просяць 5 эўра. Дзесьці можна знайсьці і за 3. Прыкладна тое самае з малінамі і ажынамі».

«У Менску ўсё было больш пракачана»

Што тычыцца рэстаранаў, то, на думку Алеся, выбар тут ня надта вялікі. Ёсьць лякальныя кавярні з грылем, а калі хочацца нечага іншага, то абыдзецца даражэй.

«Яшчэ ў 2020 годзе Менск быў нашмат болей пракачаны ў гэтым пляне, цікавых месцаў было больш. Кіпрыёты вельмі любяць грыль. Тут шмат такіх мясцовых кафэшак — з курыцай, бульбай, кебабам. У такіх месцах паесьці будзе каштаваць 13–14 эўра. Гэта асноўная страва, салат са сьвежай гародніны і нейкае піва. Калі вам хочацца нечага іншага, то ў рэстаранах стравы будуць пачынацца ад 13 эўра, кактэйлі — 6–10, піва — 1,5–2».

Алесь кажа, што культура крафтавага піва на Кіпры разьвітая слаба: ёсьць усяго некалькі бараў, за куфаль там просяць ад 5 эўра.

«Мясцовае віно ёсьць, я сам ня п’ю, але людзі хваляць. Сярэдняя цана за бутэльку — 8 эўра. Шмат дэгустацый і тураў на вінаробні. Таксама робіцца на Кіпры мясцовая вінаградная гарэлка, якая называецца зеванія. Яе могуць настойваць у бочках з-пад віна. Бутэлька 0,5 літра каштуе да 10 эўра».

«Зь дзяржаўнай страхоўкай нашмат таньней»

У Алеся прыватная страхоўка, аформленая на ягонай працы. Але ёсьць і кіпрская дзяржаўная сыстэма мэдычнага страхаваньня Gesy — 3% ад заробку ідзе на яе падтрыманьне.

«Па гэтай сыстэме можна зьвяртацца амаль у любыя клінікі, як дзяржаўныя, так і прыватныя. За прыём трэба плаціць нейкую сымбалічную суму. Калі прыём каштуе 25 эўра, то вы заплаціце 2 эўра. Лекі выпісваюць таксама на Gesy id па зьніжаных цэнах. У дэрматоляга я набываў бяз гэтай страхоўкі мазь за 15 эўра, а ўжо потым са страхоўкай некалькі мазяў і іншых лекаў за 8 эўра, калі каштаваць усё павінна было 50 эўра. Gesy — нядоўгая гісторыя, ёй яшчэ 3–4 гады».

Да стаматолягаў герой публікацыі не зьвяртаўся пакуль што. Кажа, што ягоныя знаёмыя ня вельмі давяраюць мясцовым зубным лекарам. Адзін сябра, які пяць гадоў ужо жыве на Кіпры, лячыць зубы лётаў адмыслова ў Кіеў.

«Інтэрнэт можа зьнікнуць на некалькі гадзін»


«Добры безьлімітны інтэрнэт на месяц каштуе 30 эўра. Раз на месяц ён можа зьнікнуць на некалькі гадзін, і гэта лічыцца нормай. Час ад часу тут бываюць землятрусы, хоць і нямоцныя. Да гэтага звыкаеш, але ведаць трэба, калі зьбіраесься пераяжджаць сюды».

За безьлімітны мабільны інтэрнэт са званкамі па краіне давядзецца аддаць каля 20 эўра на месяц.

«Жонка падказвае, што манікюр каштуе 35–50 эўра. Я хаджу ў барбэршоп на стрыжку, дык там аддаю 35 эўра без барады. У звычайнай цырульні, дзе працуюць дзядулі ці хлопцы, што паставілі ўсё на канвэер, можна аддаць 15 эўра».

Алесь перакананы, што Кіпр — добрае месца для тых, хто шукае мора і нясьпешны лад жыцьця.

«У такім выпадку гэта клясны варыянт. Калі ў вас іншы тэмп, больш хуткі, вы звыклі да мэгаполісаў, да сэрвісу, то гэта не пра Кіпр».

Беларусаў на Кіпры апошнім часам істотна паболела, толькі ў лякальным чаціку Лімасолу іх 350 чалавек. Ёсьць такія чаты і ў іншых гарадах. Алесь кажа, што зь непрыязьзю да беларусаў за гэты год не сутыкаўся ніводнага разу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG