Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве абароны Ўкраіны патлумачылі, чаму наступ расейцаў зь Беларусі стаў нечаканым


Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў
Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што расейцы 24 лютага пайшлі ў наступ з тэрыторыі Беларусі без фармаваньня ўдарных груповак, як гэта прадугледжвае вайсковая тактыка, таму так хутка мусілі адысьці з поўначы Ўкраіны.

«На 24 лютага расейцы не стварылі ўдарных груповак у разуменьні вайсковай навукі. Гэта я ня сам прыдумаў як цывільная асоба, гэта вайскоўцы мне патлумачылі на ўзроўні Генэральнага штабу, што ўдарная групоўка для наступу прадугледжвае пэўныя прыкметы: органы кіраваньня, і органы забесьпячэньня, і шпіталі, і лягістычныя ланцужкі, і ўдарныя групы, і гэтак далей. Дык вось ува ўсіх тых рызыкоўных зонах расейцы ня мелі прыкметаў завершанага фармаваньня ўдарнай групоўкі», — сказаў Аляксей Рэзьнікаў у інтэрвію выданьню «Українська правда»

Паводле яго, менавіта таму стала магчымай пасьлядоўная дэакупацыя Кіеўшчыны, Чарнігаўшчыны і Сумшчыны.

Апроч таго, міністар абароны Ўкраіны дадаў, што расейцы парушылі свае інструкцыі і правілы: спачатку мусіла ісьці артылерыя, а потым танкі і пяхота.

«Але яны настолькі былі ўпэўненыя, што возьмуць нас з налёту, што пакінулі артылерыю ззаду, а танкамі і БТРамі паехалі на Бравары захопліваць Кіеў. І яшчэ везьлі з сабой парадную форму», — дадаў ён.

«Гэта азначае, што яны пайшлі ў наступ, ня будучы цалкам падрыхтаванымі. Таму і іхныя лягістычныя ланцужкі мы рэзалі так лёгка. Тое самае адбылося і ў Беларусі», — перакананы Аляксей Рэзьнікаў.

У траўні сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што для ўкраінскага кіраўніцтва стала нечаканасьцю, калі Беларусь дазволіла Расеі скарыстацца сваёй тэрыторыяй для збройнага ўварваньня ва Ўкраіну.

У чэрвені дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк заявіў, што Ўкраіна давярала заявам Аляксандра Лукашэнкі.

«Аб’ектыўна мы не чакалі, што ваша краіна дасьць у поўным абʼёме сваю інфраструктуру для правядзеньня наўпроставай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну. Мы думалі, што кіраўніцтва Беларусі, нягледзячы на прыродную антыдэмакратычнасьць, значна разумнейшае і паспрабуе мінімізаваць свой удзел у наўпроставых ваенных дзеяньнях. Цяпер юрыдычна Беларусь на доўгі час будзе лічыцца краінай, якая дала інфраструктуру для расейскага ўварваньня», — заяўляў Падаляк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG