Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку чакалі на трактары. Як украінская выведка ўпусьціла расейскі наступ зь Беларусі і што ведае пра беларускую армію цяпер


Эмблема ўкраінскай вайсквай выведкі
Эмблема ўкраінскай вайсквай выведкі

Штодзень падчас расейскай агрэсіі ў ваенных зводках Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны згадвае і Беларусь. 10 чэрвеня, у прыватнасьці, ён заявіў, што расейскія войскі цяпер стаяць у 10 населеных пунктах Беларусі.

Але апошнім часам у зводках пераважна гучыць аднолькавая фраза: «Не назіраем фармаваньня наступальных груповак, але пагроза ракетных і артылерыйскіх абстрэлаў захоўваецца».

Што стаіць за гэтымі выказваньнямі і як Украіна атрымлівае інфармацыю пра тое, што адбываецца па той бок мяжы зь Беларусьсю?

Замежным выведкам спачатку ня верылі

Амэрыканская і брытанскія выведкі за некалькі месяцаў да расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны папярэджвалі ўкраінскую ўладу, што расейскія войскі пойдуць і з тэрыторыі Беларусі.

Такое папярэджаньне Вашынгтон зрабіў і за некалькі гадзін да поўнамаштабнай агрэсіі з боку Расеі 24 лютага. Але ва Ўкраіне і гэтую інфармацыю ўспрынялі скептычна, бо папярэднія даты прагназаванага ўварваньня ня спраўдзіліся. Тады выведка ЗША перадала некаторыя зьвесткі ў СМІ. Сярод іншага, у гэтых зьвестках ужо дакладна сьцьвярджалася, што поўнамаштабная агрэсія Расеі пачнецца і з тэрыторыі Беларусі.

Украінская выведка за паўгода да вайны мела схему расейскага нападу зь Беларусі

Ужо ў лістападзе 2021 году ўкраінская выведка мела схему нападу Расеі на Ўкраіну, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Гэтую схему, прадстаўленую Галоўным упраўленьнем выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, апублікавала амэрыканскае выданьне MilitaryTimes (выданьне для былых амэрыканскіх вайскоўцаў. — РС).

Тады кіраўнік украінскай вайсковай выведкі Кірыл Буданаў ці не ўпершыню агучыў прагноз наконт магчымай агрэсіі Расеі ў канцы студзеня ці на пачатку лютага. Гаворачы пра выкарыстаньне Беларусі, Кірыл Буданаў адзначаў, што зь беларускай тэрыторыі магчыма меншае ўварваньне, чым на ўсходзе і поўдні Ўкраіны.

Кірыл Буданаў, кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны
Кірыл Буданаў, кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны

Кіраўнік украінскай вайсковай выведкі лічыў, што зь Беларусі на тэрыторыю Ўкраіны магло ўвайсьці да 3500 дэсантнікаў і вайскоўцаў спэцыяльных падразьдзяленьняў. Фактычна празь Беларусь увайшло больш расейскіх падразьдзяленьняў. Зь беларускай тэрыторыі, да таго ж, агрэсію падтрымалі артылерыя і авіяцыя.

За дзень да вайны ўвялі надзвычайны стан, але Беларусь не была ў прыярытэце

Наўрад ці можна сказаць, што вышэйшае кіраўніцтва Ўкраіны ня верыла ні замежным выведкам, ні сваёй, бо за дзень да расейскага ўварваньня ва Ўкраіне абвясьцілі надзвычайны стан. Але на мяжу зь Беларусьсю зьвярнулі менш увагі, чым патрабавалася ва ўмовах вялікай канцэнтрацыі расейскіх войскаў. Чакалі, што найперш атака адбудзецца на ўсходзе і поўдні краіны.

Украінскія ўлады працягвалі давяраць Аляксандру Лукашэнку, спадзеючыся на праўдзівасьць ягоных ранейшых заяў, што зь Беларусі могуць увайсьці толькі трактары. Але пасьля падзей 2020 году афіцыйны Кіеў замарозіў кантакты з Лукашэнкам, легальна абраным кіраўніком Беларусі яго не прызнаў.

У першыя дні пасьля ўварваньня Расеі зь беларускай тэрыторыі прадстаўнікі ўкраінскіх памежнікаў і вайскоўцаў у размове са Свабодай зьдзіўляліся і казалі, што для іх гэта было нечакана.

На месцы баёў у Гастомелі пад Кіевам, куды расейскія войскі прыйшлі з тэрыторыі Беларусі. Сакавік 2022
На месцы баёў у Гастомелі пад Кіевам, куды расейскія войскі прыйшлі з тэрыторыі Беларусі. Сакавік 2022

У канцы траўня тое самае публічна заявіў і сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў.

«Сапраўды, мы лічылі, што з тэрыторыі Беларусі ня будзе таго нападу, які, на жаль, адбыўся. Больш за тое, за два дні да вайны наш міністар абароны размаўляў зь міністрам абароны Беларусі, і яны запэўнівалі, што ні ў якім выпадку гэтага ня будзе. Наш галоўны памежнік за дзень размаўляў з галоўным памежнікам Беларусі. Той сказаў: нават ня думайце сабе, што мы ў гэтым будзем удзельнічаць, што з нашай тэрыторыі нехта пойдзе», — расказаў Данілаў.

Выведка вядзецца па абодва бакі мяжы

Да расейскай вайны ва Ўкраіне сьцьвярджалі, што ад савецкай арміі засталася моцная сыстэма радыёэлектроннай выведкі, якая ўдасканальвалася цягам усіх гадоў незалежнасьці. Цяпер у яе ўваходзяць шэсьць рэгіянальных цэнтраў.

На беларускім кірунку ў складзе апэратыўнага камандаваньня «Поўнач» у Наваградзе-Валынскім (Жытомірская вобласьць) дысьлякуецца 54 асобны выведны батальён. У ноч на 9 чэрвеня горад абстраляла расейская авіяцыя, якая паднялася ў паветра зь беларускіх аэрадромаў.

Намесьнік начальніка Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў адмовіўся адказваць на пытаньне Свабоды, пры якіх умовах новыя пагрозы зь Беларусі могуць рэалізавацца ў большых маштабах. Ён лічыць, што гэта хутчэй палітычнае, чым вайсковае пытаньне.

Свае выведныя падразьдзяленьні маюць і памежныя структуры.

Пасьля вываду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей абодва бакі — і Беларусь, і Ўкраіна — узмацнілі на мяжы свае выведныя магчымасьці. Украінскія памежнікі кажуць, што досыць часта фіксуюць працу бесьпілётных апаратаў, якія запускаюцца з тэрыторыі Беларусі і, хутчэй за ўсё, адсочваюць сілы абароны Ўкраіны.

Паводле апошняй інфармацыі ўкраінскіх памежнікаў, Беларусь узмацніла сваю мяжу радыёэлектроннымі сродкамі барацьбы. А гэтыя сродкі часьцей выкарыстоўваюцца з мэтай абароны.

Крыніцы выведкі: ад публічных заяў да тэлеграм-каналаў. І ня толькі

Для прагнозу будучых дзеяньняў беларускіх уладаў украінскае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва выкарыстоўвае ня толькі інфармацыю, сабраную ўласнай вайсковай, памежнай і зьнешняй выведкай. Цэнтры аналізуюць усю інфармацыю і заявы прадстаўнікоў Беларусі, якія ўплываюць на ўхваленьне рашэньняў.

Апроч таго, даволі часта ў зводках аб апэратыўнай ваеннай абстаноўцы выкарыстоўваецца інфармацыя зь беларускіх тэлеграм-каналаў, якія адсочваюць сілавыя органы і перамяшчэньне вайсковых сіл у Беларусі. Гаворка ідзе як аб праўладных каналах, гэтак і тых, якія ў Беларусі прызналі экстрэмісцкімі.

Сярод іншага, там можна знайсьці інфармацыю пра намер Лукашэнкі павялічыць колькасьць арміі, пра стварэньне паўднёвага апэратыўнага камандаваньня, пра перамяшчэньні расейскіх войскаў і ракетных сыстэм «Іскандэр-М» і «Панцыр-С1».

На беларускім «фронце» ў украінскіх выведнікаў без сэнсацый

Найбольш рэзанансным пакуль застаецца апублікаваны 19 красавіка Галоўным упраўленьнем выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны дакумэнт, які сьведчыць пра нібыта плянаваньне ўварваньня Расеі на тэрыторыю Беларусі ўвосень 2020 году. Мінабароны Беларусі і Расеі ніяк не камэнтавалі тую публікацыю, а вайсковыя экспэрты і палітолягі ўспрынялі яе крытычна.

Для стратэгічнага плянаваньня Ўкраіна карыстаецца зьвесткамі, якія атрымлівае ад амэрыканскай выведкі.

У той жа час экспэрты кажуць, што ў публічнай прасторы інфармацыю, атрыманую шляхам выведкі, выкарыстоўваюць з пэўнымі мэтамі толькі ў асаблівых выпадках.

«Абнародуючы выведную інфармацыю, вы ніколі ня будзеце падаваць надта шмат падрабязнасьцяў, таму што дэталі і падрабязнасьці пральюць сьвятло на вашыя крыніцы і мэтады, і іншым разам вы ўжо ня зможаце атрымаць такія ж добрыя прагнозы», — кажа Стывэн Горэл (Steven Horrell), колішні афіцэр вайскова-марской выведкі ЗША.

Расейскія войскі — у 10 населеных пунктах Беларусі

Згодна з паведамленьнямі ўкраінскіх мілітарных ведамстваў, на тэрыторыі Беларусі ўсё яшчэ застаюцца расейскія войскі. Але іхную колькасьць не называюць. Сьпікер Міністэрства абароны Ўкраіны Аляксандар Матузянік удакладніў, што вайсковыя падразьдзяленьні Расеі дысьлякуюцца ў 10 населеных пунктах Беларусі.

На беларуска-ўкраінскай мяжы ўкраінская выведка налічыла 7 батальённых груп Узброеных сіл Беларусі. «Гэта дэманстрацыйныя дзеяньні беларускай улады. Імаверна, такім чынам яны намагаюцца паказаць беларусам, што нібыта існуе нейкая пагроза з боку Ўкраіны», — мяркуе Аляксандар Матузянік.

Раней у Генштабе Ўкраіны заяўлялі, што беларускія войскі заміноўваюць шляхі пад’езду, лясныя дарогі і масты ў памежных з Украінай раёнах Берасьцейскай вобласьці, уздоўж дзяржаўнай мяжы Ўкраіны з Польшчай да кірунку Алеўск — Наваград-Валынскі (Жытомірская вобласьць).

Аднак і замежныя выведкі пакуль таксама сьцьвярджаюць, што Аляксандар Лукашэнка спрабуе пазьбегнуць прамога ўдзелу ў вайне з Украінай.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG