Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве сьцьвярджаюць, што Расея спрабуе закінуць ва Ўкраіну дывэрсантаў з тэрыторыі Беларусі і вядзе выведку


Украінскі вайсковец. Ілюстрацыйнае фота
Украінскі вайсковец. Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што расейскія войскі зь беларускай тэрыторыі сочаць пры дапамозе бесьпілётнікаў за абароннымі пазыцыямі ўкраінскай арміі.

«Мы сапраўды дастаткова часта фіксуем працу бесьпілётных апаратаў, у тым ліку на ўчастку мяжы зь Беларусьсю, якія, хутчэй за ўсё, адсочваюць сілы абароны Ўкраіны», — сказаў Свабодзе сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Пра вялікую колькасьць бесьпілётнікаў, што запускаюцца з тэрыторыі Беларусі, у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом заявіў прэс-афіцэр 112-й брыгады тэрытарыяльнай абароны Ўзброеных сіл Украіны Андрэй Кавалёў.

«На мяжы зь Беларусьсю мы фіксуем на гэтым пляцдарме, зь якога Расея праводзіць сваю агрэсію, сканцэнтраваныя расейскія войскі, сфармаваныя тактычныя групы. Іхныя бесьпілётнікі перасякаюць мяжу Ўкраіны і спрабуюць весьці выведку нашай абароны, але ўсе гэтыя бесьпілётнікі зьбіваюцца. Таксама назіраем правакацыі, калі расейскія дывэрсійна-выведныя групы спрабуюць з боку Беларусі пераходзіць мяжу. То бок правакацыі на мяжы адбываюцца», — сказаў Андрэй Кавалёў.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны інфармацыю аб расейскіх дывэрсійных групах з тэрыторыі Беларусі не камэнтуюць.

«Ахова мяжы ўзмоцненая і памежнымі сіламі, і іншымі складнікамі сэктару абароны, так што гэтае пытаньне хутчэй могуць патлумачыць у тэрытарыяльнай абароне», — сказаў Андрэй Дземчанка.

Позна ўвечары 31 траўня ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што ў памежных зь Беларусьсю раёнах Украіны ваенная сытуацыя не зьмянілася і выведка не фіксуе фармаваньня наступальных груповак.

«Асноўныя высілкі Ўзброеных сіл Беларусі канцэнтруюцца на ўзмацненьні аховы дзяржаўнай мяжы. Адзначаецца зьняцьце з захаваньня танкаў і баявых машын пяхоты. Не выключаецца іх далейшая перадача Ўзброеным сілам Расейскай Фэдэрацыі для кампэнсацыі стратаў», — сказалі ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны.

26 траўня Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае. Перад гэтым у Генштабе Ўкраіны заяўлялі, што пагроза ракетна-авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі застаецца.

«На Валынскім і Палескім кірунках Узброеныя сілы Беларусі ўзмоцнена вядуць выведку, разгортваюць дадатковыя падразьдзяленьні ў памежных раёнах Гомельскай вобласьці», — заявіў тады сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG