Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мог бы выглядаць напад Расеі на Беларусь? Паводле дадзеных украінскай выведкі. МАПА

Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні, 2022 год
Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні, 2022 год

Мінабароны Беларусі і Расеі пакуль ніяк не камэнтавалі публікацыю. Вайсковыя экспэрты і палітолягі ўспрынялі яе крытычна.

19 красавіка Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны апублікавала дакумэнт, які, паводле ведамства, сьведчыць пра плянаваньне ўварваньня Расеі на тэрыторыю Беларусі ўвосень 2020 году.

Украінскае ведамства не тлумачыць крыніц паходжаньня дакумэнту, які называецца «Легенда да задумы на перагрупаваньне злучэньняў і вайсковых частак 1-й танкавай арміі ў раён выкананьня задачы».

У кароткім камэнтары з нагоды публікацыі толькі сьцьвярджаецца, што прычынай уварваньня меліся стаць пасьлявыбарныя пратэсты 2020 году.

Схема нападу на Беларусь, паводле Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны
Схема нападу на Беларусь, паводле Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны

Дакумэнт ня мае пячатак і подпісаў, у яго канцы пазначаныя імёны і прозьвішчы камандзіраў 1-й танкавай арміі РФ, а на першай старонцы стаіць пазнака «Сакрэтна». Шэраг экспэртаў крытычна ўспрынялі публікацыю ГУВ Мінабароны Украіны.

«„Дакумэнт“, хутчэй за ўсё, створаны на аснове нейкіх выняткаў з задумы вучэньняў „Каўказ-2020“, магчыма нават, „Захад 2021“ (часткі, дзе прапісаныя рубяжы, падразьдзяленьні, эшалёны і г.д.), і дадаваньня сваёй неабходнай да распаўсюджваньня інфармацыі, — напісаў пра публікацыю ўкраінцаў вайсковы экспэрт Ягор Лебядок на сваім канале ў Telegram. — У аналізе інфармацыі варта ня толькі правяраць яе праўдзівасьць, але, сярод іншага, і вывучаць час яе зьяўленьня (і незьяўленьня), кім яна пададзена (і кім не пададзена і чаму), і найважнейшае ў абстаноўцы, якая хутка зьмяняецца, — у чыіх інтарэсах яна распаўсюджана і як можа быць выкарыстана бакамі канфлікту».

Палітоляг Ігар Тышкевіч, які працяглы час жыве ва Ўкраіне, назваў апублікаваны дакумэнт сырым і недапрацаваным, але ня выключыў яго сапраўднасьці.

«Калі дакумэнт рэальны — гэта хутчэй вынік абмеркаваньняў ці працоўная прапазыцыя (чарнавік), што рабіць, — піша Тышкевіч. — Створаны на ўзроўні „академиев не кончали“ — гэта значыць максымум падпалкоўнікам, які ў вучэльні меў сталы траяк па прадметах, зьвязаных з тактыкаю дзеяньняў вялікіх злучэньняў».

Паводле апублікаванага дакумэнту, прыкрыцьцём для магчымага ўводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі павінны былі стаць вайсковыя вучэньні «Каўказ 2020». Яны насамрэч адбываліся ў Расеі ў канцы верасьня 2020 году, неўзабаве пасьля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі 14 верасьня ў Сочы. Дакумэнт апісвае шляхі перадысьлякацыі войскаў з Капусьцінага Яра, дзе праходзілі вучэньні, на тэрыторыю Смаленскай вобласьці, адкуль яны пасьля маглі наступаць на тэрыторыю Беларусі.

У якасьці асноўнага спосабу перамяшчэньня войскаў па беларускай тэрыторыі названыя чыгуначныя шляхі. Для перамяшчэньня злучэньняў і часьцей па іх у дакумэнце прапанавана выкарыстаць больш як 60 чыгуначных эшалёнаў. Зімой 2021 году расейскія войскі ў Беларусь таксама прыбывалі пераважна чыгункай. Паводле непацьверджанай інфармацыі, для перамяшчэньня ў Беларусь прыкладна 30 тысяч расейскіх салдат спатрэбілася каля 200 чыгуначных саставаў.

Згодна з украінскай публікацыяй, на тэрыторыю Беларусі расейскія войскі павінны былі трапіць адразу па трох кірунках. Адзін — з Ржэва ў кірунку Полацку, адтуль чыгункай да Маладэчна і далей на захад ад Менску ў ваколіцы Карэлічаў. Другі маршрут пранікненьня плянаваўся проста са Смаленску праз Воршу ў бок Менску і далей на Стоўбцы. Трэці павінен быў ахапіць тэрыторыю на поўдзень ад Менску — ад Калугі на Жлобін і Слуцак.

Ні беларускае Міністэрства абароны, ні расейскае публікацыю ўкраінскай выведкі пакуль не камэнтавалі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG