Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стаўленьне татальна адмоўнае». Сацыёляг тлумачыць, што беларусы думаюць пра вайну


Графіці ў Менску
Графіці ў Менску

Якія матывацыі праўкраінскай і прарасейскай пазыцыяў сярод беларусаў? Што аб’ядноўвае іх у стаўленьні да вайны? Чаго яны чакаюць ад яе завяршэньня?

Пра вынікі дасьледаваньня, праведзенага ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях, расказвае на канале Свабода Premium сацыёляг, старшы аналітык Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў.

Прапануем вашай увазе асноўныя тэзісы экспэрта.

Генадзь Коршунаў
Генадзь Коршунаў
  • Мы ў Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцях правялі 15 глыбінных інтэрвію. Гэта якасныя дасьледаваньні. Гэтыя дасьледаваньні не даюць ведаў пра долю ў грамадзтве той ці іншай пазыцыі, але даюць магчымасьць зразумець матывацыі, тое, як людзі абгрунтоўваюць сваю пазыцыю.
  • Стаўленьне да вайны як такой у рэспандэнтаў татальна адмоўнае. Мы гэта бачым і ў колькасных дасьледаваньнях. У стаўленьні да таго, што зараз адбываецца ва Ўкраіне, бачым барацьбу двух наратываў — праўкраінскага і прарасейскага.
  • Носьбіты прарасейскага падыходу гавораць пра «фашыстаў», «бандэраўцаў», пра «вызваленьне Ўкраіны», яны ўжываюць формулу «чаму вы маўчалі апошнія 8 гадоў» — усе прапагандысцкія мэмы яны паўтараюць. Відавочная праца расейскай прапаганды. Яна працуе і ў Беларусі, але ня так моцна і эфэктыўна, як у расейскай прасторы.
  • Дзіўна, што прыхільнікі прарасейскага наратыву не казалі пра вайну ва Ўкраіне як пра справядлівую, не ацэньвалі яе ў этычных катэгорыях.
  • У Беларусі цяпер ня так проста атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю. За падпіску на «экстрэмісцкія» каналы, за перапост іх паведамленьняў — крымінальная адказнасьць.
  • У сакавіцкім апытаньні Chatham House 28% апытаных адказалі, што Беларусь мусіць падтрымаць у вайне Расею палітычна, але не пасылаць войскі. Гэта насамрэч не такі і вялікі адсотак — з улікам і ўплыву расейскай прапаганды, і таго, што беларуская прапаганда цяпер фактычна рэтрансьлюе расейскія наратывы.
  • І калі ў такіх умовах Расею падтрымліваюць толькі 28% — гэта правал прапаганды. Калі б ня досьвед 2020 году, калі б у людзей ня выпрацаваліся новыя практыкі спажываньня інфармацыі, мы мелі б нашмат вышэйшы давер да інфармацыі дзяржаўных мэдыя.
  • Падтрымка Расеі з боку беларусаў — даволі пасіўная. Акрамя дэклярацыяў, мы ня бачым ніякіх пацьверджаньняў, маніфэстацыяў прарасейскай пазыцыі.
  • Нехта з фрэндаў у ФБ спытаўся, а ці ёсьць у Беларусі на машынах георгіеўская стужка. Нехта бачыў адну, нехта дзьве — вельмі няшмат.
  • Агульная думка, якую падзяляюць прыхільнікі як праўкраінскага, гэтак і прарасейскага наратываў, — «гэта ня нашая вайна». Апошнім часам гэтую тэзу пачынае рэтрансьляваць і Лукашэнка.
  • Трактоўкі Лукашэнкі як поўнай марыянэткі і як вужакі на патэльні, які круціцца і мо й выкруціцца, — яны не супрацьлеглыя ў сьвядомасьці беларусаў. Як бы з аднаго боку ад яго ўжо нічога не залежыць. Але з другога — ён жа хітры, ён жа раней заўсёды выкручваўся.
  • Людзі дэмакратычных поглядаў пераважна за Ўкраіну, прыхільнікі Лукашэнкі збольшага за Расею. Але гэта не на 100% так. І людзям прарасейскіх поглядаў больш уласьцівае ўяўленьне, што Лукашэнка ў рэшце рэшт выкруціцца.
  • У гэтым дасьледаваньні не было людзей, якія б лічылі, што Лукашэнка цалкам падпарадкаваны Пуціну, і гэта вельмі добра. У іншых дасьледаваньнях такая група фіксуецца, людзей з такімі поглядамі 5-7%. Гэта тыя, хто выступае за просты ўваход Беларусі ў РФ.
  • Абсалютная бальшыня рэспандэнтаў нашага дасьледаваньня адмоўна ставіцца да падобнай пэрспэктывы.
  • Мы задавалі пытаньне пра прысутнасьць расейскага войска ў Беларусі. Да іх удзелу ў сумесных вучэньнях людзі ставяцца цярпіма, маўляў, мы фармальна саюзьнікі, сумесныя вучэньні праводзіць дапушчальна.
  • Але пасьля вучэньняў трэба было выводзіць гэтыя войскі — гаварылі нашыя рэспандэнты. А замест гэтага зрабілі зь Беларусі прахадны двор. Нават тыя, хто наагул падтрымлівае расейскі бок у вайне, не задаволеныя тым, што расейцы на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць як у сябе дома.
  • У людзей сфармавалася адчуваньне асобнасьці, адчуваньне, што гэтая зямля — нашая.
  • Мы таксама задавалі пытаньне пра наступствы вайны. Найбольшы страх — страх перарастаньня гэтай вайны ў ядзерную. Другі страх — эканамічныя цяжкасьці: людзі разумеюць, што будзе моцны ўдар па эканоміцы, яны гэта ўжо адчуваюць.
  • Людзі старэйшага ўзросту кажуць: маем досьвед выжываньня 90-х, мы неяк выкараскаемся. А вось дзяцей і моладзь шкада, як яны будуць жыць?
  • Дарэчы, я гэты беларускі наратыў зафіксаваў і падчас пратэстаў 2020 году. І тады многія пратэстоўцы старэйшага веку казалі, што выходзяць на пратэст не за сябе, а за дзяцей. Я ня чуў, каб такое часта казалася на расейскіх пратэстах.
  • І трэці момант — гэта вялікія асьцярогі наконт росту беларусафобіі, наконт таго, што найперш украінцы, але і іншыя суседзі, людзі ў сьвеце будуць ставіцца да беларусаў кепска. Нязвыкла быць нелюбімымі, асабліва пасьля 2020 году, калі зь беларусаў у сьвеце ледзь не ікону рабілі.
  • Пры гэтым беларусы бачаць і магчымасьці пазытыўных наступстваў вайны. Некаторыя мяркуюць, што перамога Ўкраіны дапаможа скінуць дыктатараў, найперш беларускага. Сёй-той лічыць, што ў выніку эканамічных цяжкасьцяў у беларусаў расплюшчацца вочы і яны ўбачаць, хто вінаваты. Таксама выказваецца думка, што могуць адбыцца палацавыя перавароты, найперш у Расеі.
  • Цікава, што людзі прарасейскага наратыву не казалі пра нейкі пазытыўны сцэнар разьвіцьця падзеяў, які яны б ухвалялі. Апытаньне праводзілася 9–15 сакавіка. У гэты час ужо ня спраўдзіліся прагнозы, што Ўкраіна будзе разгромленая за некалькі дзён. Мы не накідалі людзям свае прапановы, а імкнуліся даведацца, што думаюць рэспандэнты. І ў іхных адказах станоўчы для Расеі сцэнар не праглядаўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG