Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна нанесла новы ўдар па Антонаўскім мосьце ў Херсоне і па Мелітопалі. Расея прызначыла рэфэрэндум у Запароскай вобласьці


Антонаўскі мост. Архіўнае фота
Антонаўскі мост. Архіўнае фота

У ноч на 8 жніўня нанесены новы ўдар па Антонаўскім мосьце цераз Дняпро ў акупаваным расейскім войскам Херсоне. Там згарэла тэхніка будаўнікоў, якія рамантавалі мост пасьля папярэдніх абстрэлаў.

Адкрыцьцё мосту будзе адкладзенае, паведаміў журналістам намесьнік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці Кірыл Страмаусаў.

Раней мост быў пашкоджаны абстрэлам з боку Ўкраіны і закрыты для грузавога транспарту. Пасьля абстрэлу ў ноч з 26 на 27 ліпеня закрыты цалкам. Удар быў нанесены з дапамогай установак HIMARS. На апублікаваных відэа можна заўважыць, што дарожнае палатно моцна пашкоджана, апоры мосту не абрынуліся. Расейскія вайскоўцы навялі пантонныя пераправы ў Херсонскай вобласьці, спрабуючы кампэнсаваць страту транспартнага злучэньня цераз Антонаўскі мост. На самым мосьце вядуць рамонтныя работы.

Антонаўскі — адзіны ў Херсоне мост цераз Дняпро, які злучае горад зь левабярэжжам. Яго працягласьць каля паўтара кілямэтра, шырыня — 25 мэтраў.

Мост кантралюецца войскамі Расеі, гэта адна з ключавых пераправаў цераз Дняпро. Па ім ідзе забесьпячэньне групоўкі расейскіх войскаў на правым беразе. Калі мост будзе разбураны, расейцы ў горадзе застануцца бяз сувязі і забесьпячэньня.

Таксама ў ноч на 8 жніўня Ўзброеныя сілы Ўкраіны нанесьлі ўдар ракетамі HIMARS па пунктах дысьлякацыі расейскіх сілаў на прамысловых пляцоўках у Мелітопалі ў Запароскай вобласьці Ўкраіны. Пра гэта паведаміў украінскі мэр акупаванага гораду Іван Фёдараў.

Паводле ўкраінскіх уладаў, зьнішчана значная колькасьць вайсковай тэхнікі, загінулі больш за 100 расейскіх вайскоўцаў.

Міністэрства абароны Расеі не камэнтавала паведамленьняў аб гібелі вайскоўцаў і зьнішчэньні тэхнікі.

Пры гэтым прадстаўнік акупацыйных уладаў Запароскай вобласьці Ўладзімір Рогаў сьцьвярджае, што расейскія сыстэмы супрацьпаветранай абароны адбілі ўдар УСУ ў Мелітопалі.

Мелітопаль быў акупаваны расейскімі войскамі ў пачатку ўварваньня ва Ўкраіну. У канцы ліпеня ўкраінскія вайскоўцы вывелі са строю чыгунку ў раёне Мелітопалю. Акрамя таго, удар нанесьлі па аэрадроме ў ваколіцы гораду.

8 жніўня кіраўнік расейскай акупацыйнай адміністрацыі Запароскай вобласьці падпісаў распараджэньне правесьці рэфэрэндум аб уваходжаньня рэгіёну ў склад Расеі.

Акупацыйныя ўлады ня раз заяўлялі пра рыхтаваньне рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны. Паводле плянаў Масквы, яны павінны адбыцца ў верасьні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG