Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна дэнансавала пагадненьне аб супрацы і каапэрацыі зь Беларусьсю ў вайскова-прамысловым комплексе

Авіярухавік, распрацаваны «Мотор-Січ»
Авіярухавік, распрацаваны «Мотор-Січ»

Урад Украіны ўхваліў рашэньне спыніць дзеяньне міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці.

Міністэрству замежных справаў Украіны даручана паведаміць беларускаму боку аб ухваленым рашэньні.

Беларусь і Ўкраіна падпісалі міжурадавае пагадненьне аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці 25 чэрвеня 2001 году. Яно набыло юрыдычную моц 1 ліпеня 2002 году.

Пагадненьне прадугледжвала ўзаемавыгадную каапэрацыю між суб’ектамі гаспадараньня Беларусі і Ўкраіны ў сфэрах распрацоўкі і вытворчасьці прадукцыі вайскова-тэхнічнага прызначэньня, паслуг такога прызначэньня, а таксама пастаўку матэрыялаў, паўфабрыкатаў, дэталяў, навучальнай і дапаможнай маёмасьці для ўласных патрэбаў, неабходных для вырабу ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі.

Пагадненьне падпісвалі на тры гады з аўтаматычным падаўжэньнем дзеяньня. Яно страціць сілу праз шэсьць месяцаў пасьля атрыманьня пісьмовага паведамленьня другога боку аб выхадзе з пагадненьня.

Урад Украіны ўхваліў рашэньне аб дэнансацыі 2 жніўня.

Што набывалі і што прадавалі

Найбольш актыўна Менск і Кіеў пачалі разьвіваць супрацу ў вайскова-прамысловым комплексе з 2014 году, калі Расея анэксавала Крым і пачала баявыя дзеяньні ў Данецкай і Луганскай вобласьці.

Менск прапаноўваў Украіне некалькі супольных праектаў у вытворчасьці вайсковай тэхнікі ў абмен на ракетную. Толькі ў 2014 годзе гэтую тэму тройчы закраналі на перамовах. Тады Беларусь рыхтавалася да выпрабаваньняў рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз».

Раней Беларусь і Ўкраіна ўжо мелі адпаведны досьвед — у 2011 годзе былі прэзэнтаваныя супрацьтанкавы ракетны комплекс «Скіф-10», распрацаваны кіеўскім канструктарскім бюро «Прамень» і менскай кампаніяй «Пеленг», і аўтаматызаваны зэнітна-ракетны комплекс Т38 «Штылет».

У той жа час вайсковыя экспэрты сьцьвярджалі, што галоўнай мэтай супольных беларуска-ўкраінскіх распрацовак быў экспарт у трэція краіны.

Патэнцыйнай пляцоўкай для супольных праектаў ад 2012 году быў Аршанскі авіярамонтны завод, больш як 50 адсоткаў акцыяў якога выкупіла запароскае аб’яднаньне «Мотор-Січ». Прадпрыемства магло ня толькі рамантаваць баявыя гелікоптэры Мі-24, а і ствараць новыя машыны Мі-8МСБ. Аднак у 2018 годзе Аляксандар Лукашэнка аддаў загад нацыяналізаваць прадпрыемства, бо нібыта ўкраінскія «ўласьнікі адмовіліся ад заводу».

Вядома, што ў 2016 годзе Беларусь у параўнаньні з 2015 годам павялічыла ўдвая пастаўкі ва Ўкраіну наземнага транспарту (частка якога — прадукцыя двайнога прызначэньня), больш як на 60 адсоткаў — электрычных машын, у чатыры разы — чыгуначных лякаматываў, на 20 адсоткаў — аптычнага абсталяваньня.

Згодна з справаздачай Дзяржаўнай службы экспартнага кантролю Ўкраіны пра міжнародную перадачу ўзбраеньняў у 2007–2021 гадах, Беларусь у 2014 годзе купіла ва Ўкраіне чатыры баявыя гелікоптэры Мі-8 і адзін пераносны ракетны комплекс.

У 2015 годзе Беларусь набыла ва Ўкраіне 18 пераносных супрацьтанкавых стрэльбаў і гранатамётаў, а ў 2009-м — 50 баявых самалётаў ВР-3 «Рэйс» і 18 ракет і ракетных пускавых установак Р-27.

У справаздачах адзначалася, што Беларусь была канчатковым спажыўцом гэтага ўзбраеньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG