Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Два гады калёніі для чалавека ні за што — гэта мала?». Што новага ў затрыманых у «справе Зельцара»


На маршы памяці Андрэя Зельцара ў Кіеве, 3 кастрычніка 2021
На маршы памяці Андрэя Зельцара ў Кіеве, 3 кастрычніка 2021

У канцы верасьня — пачатку кастрычніка 2021 году за камэнтары ў «справе Зельцара» затрымалі каля 200 беларусаў. Большасьць дагэтуль у турме ў чаканьні суду. Што новага ў затрыманых — даведалася Свабода.

«Неяк наскрэблі яму абвінавачаньне на адзін том»

У Гомлі частку затрыманых у «справе Зельцара» сьледчыя раней аб’ядналі ў «злачынную групу». Людзі не былі знаёмыя паміж сабой, што не перашкодзіла сьледзтву зрабіць зь іх «групу». Цяпер Свабодзе стала вядома, што «групы» больш няма — справы будуць разглядаць індывідуальна. 11 з 27 крымінальных справаў ужо накіравалі ў пракуратуру. Потым іх перададуць у суд.

Спачатку затрыманыя за камэнтары мелі «стандартны набор» — частку 3 артыкула 130 і артыкул 369 Крымінальнага кодэксу — «распальваньне варожасьці» і «абраза службовай асобы».

Цяпер, як стала вядома Свабодзе, частку 3 артыкула 130 большасьці жыхароў Гомля перакваліфікавалі на частку 1 таго ж артыкула. Гэта значыць, пакараньне будзе мякчэйшае. У частцы 3 артыкула 130 максымальнае пакараньне 12 гадоў пазбаўленьня волі. У частцы 1 найвышэйшая «плянка» — 5 гадоў калёніі.

«Іх аб’ядналі ў групу спачатку нібыта для дакумэнтацыі. Сьледчы сказаў, што група таму, што яны не згаворваліся, але адзін нібыта напісаў, другі бачыў, што той напісаў, і таксама напісаў камэнтар. Гэта было б сьмешна, калі б не такія жудасныя тэрміны людзям за допісы. Майму мужу прыбралі і групу, і артыкул 130 — „распальваньне варожасьці“. Пакінулі толькі „абразу службовай асобы“. Бо ў яго экспэртыза не знайшлі ніякага распальваньня варожасьці. Я нават ня ведаю, як яго будуць судзіць. Бо яны з горам напалам наскрэблі яму абвінавачаньня на адзін том крымінальнай справы», — расказала жонка аднаго з затрыманых.

«Хіба два гады калёніі для чалавека ні за што — гэта мала?»

Некаторых сваякоў сьледчыя «супакойваюць», што іхным родным на судзе «шмат не дадуць».

«Але нават два гады калёніі для чалавека нізавошта — хіба гэта мала? Майго мужа затрымалі, спачатку яму „прышылі“ частку 3 артыкула 130 і артыкул 369 — як, у прынцыпе, усім. Цяпер у яго засталася толькі частка 1 артыкула 130 — „абраза службовай асобы“, артыкул 369 прыбралі з абвінавачаньня. Ім спачатку ўсім „шылі“ менавіта частку 3 артыкула 130, бо ў трэцяй частцы чалавека да паўтара года можна трымаць у СІЗА. Цяпер трэцюю частку здымаюць, справы хутка пойдуць у суд. Ён трымаецца, але нэрвы ўжо на мяжы. Ён спадзяецца знайсьці праўду. Але за пошукі праўды яшчэ больш могуць даць», — расказала жонка яшчэ аднаго затрыманага.

Як стала вядома Свабодзе ад знаёмых вядомага валянтэра Ільлі Міронава, у яго значна пагоршылася здароўе.

«Лісты яму не перадаюць, ён сумуе. Маці піша лісты такія жахлівыя, што можна толькі плакаць. Бо ён цярпіць ад бяссоньніцы, але ў СІЗА гэта нікому ні да чога», — расказаў знаёмы Ільлі.

Ільля — вядомы гомельскі валянтэр. Да затрыманьня ён актыўна пісаў лісты падтрымкі палітзьняволеным. Паслаў у СІЗА і ІЧУ больш за 2,5 тысячы лістоў. Пасьля забойства праграміста Андрэя Зельцара Ільля напісаў на сваёй старонцы ў Facebook спачуваньні сям’і забітага. Неўзабаве валянтэр быў схоплены і дагэтуль сядзіць у гомельскім СІЗА.

Сярод затрыманых у «справе Зельцара» — шматдзетныя бацькі, праграмісты, лекары, былы супрацоўнік МНС, пэнсіянэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG