Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён плача, калі па вечарах разглядае здымкі». Сямёра дзяцей чакаюць дадому тату, які сядзіць у «справе Зэльцара»


Дзеці Максіма Лацунцэвіча
Дзеці Максіма Лацунцэвіча

36-гадовы Максім Лацунцэвіч зь верасьня сядзіць у СІЗА за камэнтары ў «справе Зэльцара». Дома яго чакае жонка і сямёра дзяцей. Малодшага, 6-месячнага Платона, тата бачыў толькі на здымках. Жонка нарадзіла яго пасьля затрыманьня Максіма.

Пра сям’ю палітвязьня напісаў блог «Галасы». Прыводзім тэкст матэрыялу без скарачэньняў.

«Ён піша ў лістах, што вечарамі разглядае здымкі дзяцей і плача», — расказала знаёмая сям’і Лацунцэвіч.

«Першы раз трапіў пад хапун выпадкова, калі проста ішоў па вуліцы»

Каля 200 беларусаў затрымалі ў апошнія дні верасьня і на пачатку кастрычніка 2021 году за камэнтары ў інтэрнэце ў «справе Зельцара». Некаторыя зь іх былі ўжо асуджаныя. Большасьць дагэтуль сядзіць у турме. Сярод іх — праграмісты, пэнсіянэры, шматдзетныя бацькі, настаўнікі, былы супрацоўнік МНС.

У сям’і Лацунцэвічаў малодшаму сыну 6 месяцаў, старэйшаму — 15 гадоў.

«У пратэстах 2020 году іх сям’я не ўдзельнічала, бо зразумела, што ім не да таго было. На той момант у іх было шасьцёра дзяцей. Яны неяк гулялі па Нямізе з жонкай 11 жніўня 2020 году, і пачаўся хапун. Тады бралі ўсіх, каго бачылі. Так Максім трапіў на Акрэсьціна. Вікторыя чатыры дні ня ведала, дзе ён, што зь ім. Потым яго прывезьлі дахаты валянтэры. Зразумела, ён быў моцна пабіты», — апавядае знаёмая.

У 2021 годзе сям’я чакала папаўненьне. Яшчэ да арышту Максіма сужэнцы дамовіліся, што сына назавуць Платонам. З радзільні Максім жонку не сустракаў. На той момант увесь клопат пра вялікую сям’ю лёг на Вікторыю.

«Ніхто ня ведае, што ён і дзе напісаў. Яго забралі супрацоўнікі КДБ з працы 29 верасьня. За нейкія нібыта камэнтары ў справе Зэльцара. Прывялі дахаты на вобшук, дазволілі пераапрануцца — і ўсё. З таго часу ён у СІЗА. Можа быць, ён нешта недзе напісаў. Бацька Максіма памёр пасьля таго, як яго пабілі міліцыянты. Цяпер многія людзі баяцца міліцыі. Мая знаёмая, калі ўбачыць, што яны прыехалі ў двор, проста ідзе з хаты, асьцерагаецца іх», — дадала знаёмая.

«Абяцаюць, што да канца верасьня ўсіх асудзяць»

Большасьць сваякоў затрыманых у «справе Зэльцара» пакутуюць ад таго, што няма аніякай інфармацыі пра справу, пра родных людзей, якія ўжо 10 месяцаў у няволі.

«Цяпер пачалі варушыцца, пачаліся нейкія дзеяньні. Нават прайшла інфармацыя, што паступіў загад да канца верасьня разабрацца з гэтай справай. Бо людзі амаль год у турме. Спадзяёмся, што ў верасьні будзе суд. Як і спадзяёмся на тое, што, можа, ня надта вялікі тэрмін дадуць», — кажа суразмоўца.

Яна расказвае, што малодшыя дзеці ў сям’і Лацунцэвічаў ня ведаюць, што тата ў турме. Ім сказалі, што ён у службовай выправе. Старэйшыя дзеці ведаюць праўду.

«Ім сказалі, што нельга нічога пісаць у інтэрнэце. Бо цяпер такі час. Да іхнай маці, Вікторыі, у аўтобусе прычапілася нейкая пэнсіянэрка. Маўляў, што ў вас за тату на руцэ? Што гэта за самалёты? А там не самалёты, а птушкі. Пэнсіянэрка кажа: „А што гэта за літары ў вас на татуіроўцы?“ А гэта ў Вікторыі пазначаны першыя літары імёнаў дзяцей! Цяпер жа і за тату могуць схапіць», — разважае знаёмая.

Яна кажа, што Максім трымаецца ў турме, але надта нудзіцца па жонцы і дзецях. Ён мае фатаздымкі дзяцей, і самага малодшага, Платона. Максім намаляваў малодшага сына ў турме.

Максім Лацунцэвіч за кратамі намаляваў малодшага сына, якога ўжывую яшчэ ня бачыў
Максім Лацунцэвіч за кратамі намаляваў малодшага сына, якога ўжывую яшчэ ня бачыў

Вікторыя цяпер клапоціцца пра дзяцей, тым больш наперадзе пачатак навучальнага году.

«Яшчэ ж увялі абавязковую форму ці атрыбуты формы. А гэта значыць — дадатковыя выдаткі для бацькоў на тыя ж значкі, якія хочуць увесьці. Адной ёй, зразумела, цяжка з усім справіцца. Максім напісаў ёй: «Прабач, што я вас падставіў», — дзеліцца знаёмая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG