Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля сёньняшняй ночы з 20 ракетамі нашым нікому нічога не дадуць». Беларусы ва Ўкраіне па-ранейшаму маюць праблемы зь легалізацыяй


Анісія Казьлюк
Анісія Казьлюк

Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў беларусаў, якія там знаходзіліся, перасталі прымаць дакумэнты на падаўжэньне дазволу на жыхарства.

Праца Міграцыйнай службы Украіны аднавілася ў чэрвені, за гэты час у многіх скончыўся тэрмін легальнага знаходжаньня на ўкраінскай тэрыторыі. Сярод іх апынулася і беларуская праваабаронца Анісія Казлюк. У канцы чэрвеня яе затрымалі за нелегальнае знаходжаньне ва Ўкраіне. У справу ўмяшаўся Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, дзяўчыну з паліцыі адпусьцілі і дазволілі падаць дакумэнты зноў. Як расказала Свабодзе Анісія, дазволу на жыхарства ва Ўкраіне яна так пакуль і не атрымала.

«Адказу ад міграцыйнай службы я ўсё яшчэ не атрымала, — расказвае Анісія. — І ў прынцыпе ніякай камунікацыі зь іхнага боку са мной не было. 27 ліпеня было роўна чатыры тыдні, як я падала дакумэнты. Мне сказалі тады, што адказ будзе цягам 2-3. Паводле заканадаўства, яны павінны адказаць за 15 дзён. Пакуль што я ня ведаю, што адбываецца».

Па словах Анісіі Казлюк, яе статус цяпер няпэўны. На руках у беларускі толькі копія квітка аб сплаце дзяржаўнага збору за разгляд дакумэнтаў на падаўжэньне дазволу на жыхарства.

«Напэўна, я магу знаходзіцца ва Ўкраіне, таму што я падала дакумэнты, — гаворыць Анісія. — Ці можа мяне зноў паліцыя затрымаць? Так, вядома. Мяне ўжо затрымлівала паліцыя, калі я езьдзіла ў Кіеў, са мной быў яшчэ адзін беларус. Нас адвозілі ў пастарунак. Да мяне пытаньняў не ўзьнікла, бо гэта быў той самы пастарунак, куды мяне прывозілі чатыры тыдні таму першы раз. Але ў прынцыпе могуць, так. Гэта можа зноў здарыцца».

Па словах Анісіі, у праваабаронцаў мала інфармацыі пра тое, як цяпер ва Ўкраіне ўспрымаюць беларусаў дзяржаўныя органы і ці аднавіўся прыём дакумэнтаў на атрыманьне ДНЖ ад іх у поўнай меры. Анісія кажа, што як мінімум у некаторых зь беларусаў, хто ня меў праблем з пратэрмінаваньнем ранейшага ДНЖ, зараз дакумэнты на новы дазвол прымаюць.

«Людзі цяпер спачатку праходзяць гутарку з супрацоўнікамі СБУ, а пасьля падаюць дакумэнты, — расказвае Анісія. — Зразумела, больш прыдзірліва ўсё адбываецца. Але дакумэнты ўсё ж прымаюць. Сапраўды, можна сказаць, што нейкі зрух адбыўся. Але па тэрмінах мы ня маем ніводнага выдадзенага дакумэнту. Я была першым чалавекам, якому паставілі штамп пра прымусовае вяртаньне. І вось пра мяне яшчэ няма рашэньня. У Карыны (беларуская валянтэрка з Бучы Карына Пацёмкіна спачатку атрымала ў пашпарт штамп аб дэпартацыі, а пасьля ён быў скасаваны. — РС) быў адменены гэты штамп. Але ў якой яна сёньня сытуацыі, невядома».

Па словах Анісіі, цалкам ацаніць сытуацыю з атрыманьнем беларусамі легальнага статусу ва Ўкраіне сёньня цяжка. Яны далёка не заўсёды зьвяртаюцца да праваабаронцаў, таму зьвестак пра канкрэтныя выпадкі няшмат. Самой Анісіі Казьлюк увечары 27 ліпеня зноў пазванілі з СБУ і запрасілі на гутарку. Гэта будзе ўжо другая размова беларускі з прадстаўнікамі ўкраінскіх спэцслужбаў. 29 ліпеня яна зьбіраецца зьвярнуцца ў Міграцыйную службу, каб высьветліць свой статус.

Як расказала Свабодзе валянтэрка Карына Пацёмкіна, зь ейнай сытуацыяй пакуль таксама няма ніякай пэўнасьці.

«На тым тыдні паехалі ў ДМС на вуліцы Б.Хмяльніцкага, 10 (аддзяленьне Дэпартамэнту міграцыі ў Кіеве. — РС). Там сказалі, што трэба падавацца на падаўжэньне тэрміну знаходжаньня. Паколькі я штраф заплаціла, то трэба прыйсьці з кіраўніком валянтэрскай арганізацыі, якая зарэгістравана ў Мін’юсьце і Міністэрстве сацыяльнай палітыкі Ўкраіны з пакетам дакумэнтаў, узяць уласьніка жытла, які запоўніць нейкія паперы, што зарэгіструе мяне да сябе».

Па словах Карыны, для яе такія патрабаваньні складаюць праблему — уласьнік жытла знаходзіцца на тэрыторыі Нямеччыны, кіраўнік валянтэрскай арганізацыі таксама знаходзіцца за мяжой. Карына паспрабавала падацца на статус уцякачкі ва Ўкраіне, але таксама пакуль ня мела посьпеху.

«Ніякага прасьвету няма, акрамя гэтай пэтыцыі, якую я ня ведаю, хто зрабіў, — кажа беларуска. — На прапанову падаць прашэньне ў маёй справе ад рады Бучы на Хмяльніцкага адказалі, што ім усё роўна на раду, на дэпутатаў і гэтак далей. Маўляў, вось пастанова 150 ад Кабінэту міністраў Ўкраіны, і чытайце яе. Сёньня пішуць у чаце, што ДМС на Хмяльніцкага ўвогуле не прымае беларусаў да канца тыдня. Жах і боль. Мне здаецца, што пасьля сёньняшняй ночы з 20 ракетамі зь Беларусі нікому нічога не дадуць, калі ўвогуле не вывезуць у РБ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG