Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы цяпер валянтэраць цішком». Гутарка з Анісіяй Казьлюк, якой пагражае дэпартацыя з Украіны

абноўлена

Анісія Казьлюк пасьля суду
Анісія Казьлюк пасьля суду

Праз вайну ва Ўкраіне многія іншаземцы ня могуць падоўжыць ці атрымаць від на жыхарства і маюць праблемы зь міграцыйнай службай — мусяць у кароткі тэрмін пакінуць краіну. Гэта чарговы раз пацьвердзіў выпадак зь беларускай праваабаронцай Анісіяй Казьлюк, зь якой пагутарыла Свабода.

Хто такая беларуска Анісія Казьлюк, супраць высылкі якой з Украіны выступіў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай?

Праваабарончай дзейнасьцю Анісія Казьлюк займаецца з 15 гадоў. У 21 год трапіла ў сьпіс часопісу Forbes — у трыдцатку самых пэрспэктыўных людзей Эўропы, маладзейшых за 30 гадоў. Праз пагрозу перасьледу ў 2021-м дзяўчына вымушана была пераехаць зь Беларусі ў Кіеў. Нягледзячы на вайну, не пакінула Ўкраіну, а толькі перабралася ў больш бясьпечны Львоў. Дагэтуль валянтэрыць і займаецца праваабарочай дзейнасьцю. Аднак цяпер яна пад пагрозай высылкі з Украіны.

Удзень 28 чэрвеня Анісія Казьлюк паведаміла, што ў яе не прынялі дакумэнты на працяг легалізацыі ва Ўкраіне.

«Украіна прыняла мяне, калі я ўцякала зь Беларусі»

24 чэрвеня Анісію Казьлюк затрымалі ў Кіеве — нібыта за нелегальнае знаходжаньне ва Ўкраіне. Прывезьлі ў аддзяленьне паліцыі, дзе зь ёй даволі груба размаўляў прадстаўнік Дзяржаўнай міграцыйнай службы.

Паводле самой Анісіі, 23 лютага яна атрымала пячатку аб падаўжэньні тэрміну легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне. Аднак з таго часу і да чэрвеня міграцыйныя службы дакумэнтаў не прымалі.

Анісія з коткай падчас паветранай трывогі хаваецца ў ванным пакоі
Анісія з коткай падчас паветранай трывогі хаваецца ў ванным пакоі

Пасьля розгаласу ў СМІ ў сытуацыю ўмяшаўся Кабінэт прадстаўнікоў Ціханоўскай, Анісію абнадзеілі, што ня вышлюць з Украіны. Аднак Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны 27 чэрвеня аштрафавала яе на 1700 грыўняў (57 даляраў). Да таго ж яна павінна прайсьці сумоўе ў Службе бясьпекі Ўкраіны, зноў падаць дакумэнты, чакаць разгляду. Аднак зьяжджаць з Украіны Анісія ўпарта ня хоча.

«Украіна — вельмі важная для мяне краіна. Палова маёй сям’і паходзіць з Украіны, мне вельмі ўтульна тут знаходзіцца. Украіна прыняла мяне, калі я ўцякала зь Беларусі. Тут шмат маіх калег, шмат праваабарончай працы, якой я хацела б займацца. Тут звыклая, зразумелая мова для мяне, зразумелая геаграфія. Плюс вельмі прыемна жыць у краіне, дзе ёсьць і горы, і мора», — аргумэнтуе свой выбар Анісія.

«Ёсьць вялікая розьніца паміж „Белоруссией“ і Беларусьсю»

Як праваабаронца Анісія Казьлюк ведае пра шматлікія выпадкі дыскрымінацыі беларусаў, якія займаюцца валянтэрствам, дастаўляюць гуманітарную дапамогу, дапамагаюць разграбаць завалы пасьля бамбаваньняў. Аднак стараецца зразумець, чаму ўкраінцы ўсё часьцей сталі праяўляць агрэсію ў дачыненьні беларусаў. І дапускае, што ў іх ёсьць на гэта пэўныя прычыны.

Гуманітарная дапамога ад беларусаў украінцам
Гуманітарная дапамога ад беларусаў украінцам

«Гэта зразумела і з псыхалягічнага пункту гледжаньня — калі на ўкраінцаў насунуўся такі велізарны пляст несправядлівасьці, болю, бяды, а ты нічога ня можаш зрабіць, і гэта ў табе назапашваецца. І ты пачынаеш вымяшчаць гэту сваю агрэсію на блізкіх, бо яе трэба кудысьці выплеснуць! Таму я з абсалютным разуменьнем стаўлюся да гэтай сытуацыі. Але толькі да таго моманту, калі ўсё гэта можа скончыцца праз камунікацыі.

Адна справа — выплеснуць, а потым рацыянальна паразмаўляць, іншая справа — „Я нічога ня чую, ня бачу і не хачу зразумець, таму што ракеты ляцяць зь беларускага боку“. Калі чалавек нічога ня хоча бачыць і чуць, акрамя адмоўных рэчаў, гэта для мяне ўжо становіцца незразумела», — прызнаецца яна.

На думку Анісіі, ёй дапамог гучны розгалас вакол яе справы, тое, што заступіліся калегі зь міжнародных праваабарончых арганізацый, а таксама Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Ёй хочацца верыць, што гэтая хваля нэгатыўнага стаўленьня да беларусаў хутка пройдзе.

Анісія падчас эвакуацыі
Анісія падчас эвакуацыі

«Трэба размаўляць і з простымі ўкраінцамі, і зь міграцыйнай службай: тлумачыць, што беларусы — гэта яшчэ і людзі, якія возяць гуманітарную дапамогу, працуюць мэдыкамі, служаць у войску, падымаюць эканоміку, займаюцца праваабарончай дзейнасьцю, прасоўваюць тэму Ўкраіны ў іншых дзяржавах. І ўсё ж я мяркую, што кожны, хто атрымлівае гуманітарку ад беларусаў, хто атрымлівае дапамогу, разумее, што ёсьць вялікая розьніца паміж „Белоруссией“ і Беларусьсю.

Тут варта разумець, што большасьць беларусаў, дапамагаючы ўкраінцам, вырашае і свае пытаньні. Перамога ўкраінцаў будзе і перамогай і для Беларусі. Таму варта працягваць працаваць», — мяркуе Анісія Казьлюк.

«У 15 гадоў было маё першае сутыкненьне зь несправядлівасьцю беларускай судовай сыстэмы»

Праваабарончай дзейнасьцю дзяўчына займаецца з 15 гадоў. У канцы 2011 года яе старэйшы брат Аляксей Казьлюк, які працаваў у «Вясьне», даваў сястры невялічкую падпрацоўку — дзяўчына «расшыфроўвала» аўдыёзапісы з судоў.

«У 15 гадоў было маё першае сутыкненьне зь несправядлівасьцю беларускай судовай сыстэмы. Я спытала Лёшу: «Гэта сапраўдныя суды? Нават мне, падлетку, відаць, што вырак проста „прыцягнуты за вушы“. Людзі даказваюць сваю невінаватасьць, абгрунтоўваюць, судзьдзя нібыта зь імі пагаджаецца, а потым выносіць рашэньне — „суткі“», — успамінае тыя ўражаньні ад судоў Анісія.

Анісія з коткай падчас эвакуацыі
Анісія з коткай падчас эвакуацыі

У 2012 годзе ў праваабарочага цэнтра «Вясна» зьявілася валянтэрская служба, і Анісія ўцягнулася ў працу. Першы праект, які праводзілі валянтэры разам з Офісам людзей зь інваліднасьцю — маніторынг даступнасьці судоў. Валянтэры адзначалі, ці ёсьць у судах пандусы, безбар’ернае асяродзьдзе.

«Пры гэтым у анкеты мы ўключылі пытаньне: ці можа звычайны чалавек трапіць на любое судовае паседжаньне, бо згодна з заканадаўствам, да таго, як судовае паседжаньне не абвяшчаецца закрытым, яго можа наведаць любы чалавек.

Спачатку судзьдзі на нас глядзелі круглымі вачыма: «Вы хто, чаго вы папрыходзілі, што значыць „слухачы“?» У нас перапісвалі пашпартныя дадзеныя, мы сутыкаліся зь дзіўнай рэакцыяй. Але паступова судзьдзі на нас пачалі рэагаваць нармальна.

Пасьля гэтага маніторынгу валятэры зрабілі справаздачу, і гэта стала ўжо прымальнай практыкай, што слухачы могуць прысутнічаць на судовых працэсах, працягвае Анісія.

«Гэта ўжо сёньня зьявіліся заганная практыка закрываць літаральна ўсе суды, браць з адвакатаў падпіскі аб невыдаваньні, што абсалютна непрымальна. Але тады мы яшчэ маглі хадзіць на суды і нічога нам за гэта не было», — успамінае не такія ўжо і далёкія часы Анісія.

Швейныя наборы для вайскоўцаў
Швейныя наборы для вайскоўцаў

Потым валянтэры пачалі займацца маніторынгам мірных сходаў — на акцыях зьявіліся людзі ў сініх камізэльках, якія хадзілі на «Дзяды» ў Курапаты, на Чарнобыльскія шляхі. Яны зьбіралі інфармацыю пра парушэньні з абодвух бакоў: і з боку ўдзельнікаў шэсьця, і з боку сілавікоў.

«Галоўны прынцыпы праваабаронцаў — гэта аб’ектыўнасьць і бесстароннасьць. І мы заўсёды выносілі рэкамэндацыі як арганізатарам масавых мерапрыемстваў — мірных сходаў, так і дзяржаўным органам, якія забаранялі ці дазвалялі акцыі, а таксама міліцыі, якая ахоўвала мірны сход», — апавядае тагачасная валянтэрка.

У 21 год трапіла ў рэйтынг самых пэрспэктыўных маладых людзей Эўропы

У 2017 годзе па ўсёй Беларусі пракаціліся «Маршы недармаедаў», валянтэры шмат езьдзілі па ўсёй краіне, назіралі, і, натуральна, увагі да праваабаронцаў стала больш. 25 сакавіка перад акцыяй на Дзень Волі сілавікі ўварваліся ў офіс «Вясны», где ў той час праходзіў інструктаж валянтэраў, усіх паклалі тварам у падлогу. У верасьні 2017 года затрымалі 50 валянтэраў, дома ў Анісіі адбыўся ператрус. А калі яна вярталася зь Вільні з праваабарончага форуму, яе затрымалі на мяжы.

Анісія Казьлюк, 2021 год
Анісія Казьлюк, 2021 год

У 2018 годзе Анісія Казьлюк трапіла ў рэйтынг «30 Under 30», які праводзіць часопіс Forbes — у трыдцатку самых пэрспэктыўных людзей Эўропы, маладзейшых за 30 гадоў, у катэгорыі «Права і палітыка».

«Пра мяне тады шмат хто пісаў — пра мае шматлікія затрыманьні. Менавіта з навінаў журналісты Forbes даведаліся пра мяне. Гэта быў вялікі конкурс: кожны апавядаў пра сваю дзейнасьць і потым яны ўключылі 30 чалавек у гэты сьпіс. Гэта стала для мяне абсалютнай нечаканасьцю», — прызнаецца праваабаронца.

Праўда, жыцьцё яе абсалютна не зьмяніліся пасьля гэтага. Быў толькі адзін выпадак, калі Анісія нагадала пра свой высокі тытул — пры затрыманьні ў студзені 2021 году.

«Калі мяне павялі ў кабінэт для больш сур’ёзнага апытаньня, на мяне пачаў крычаць адзін з супрацоўнікаў: маўляў, „Чаго ты дамаглася ў сваім жыцьці?“ Я адказала: „Я папраўдзе ў сьпісе Forbes“. „Што?“ — не зразумеў міліцыянт. Гэта быў адзіны раз, калі я гэтым скарысталася. Але не дапамагло: мяне асудзілі на 20 сутак», — цяпер ужо з усьмешкай прыгадвае Анісія пра той выпадак.

Адышла ад праваабарончай дзейнасьці, але пасьля адседкі вярнулася

У 2019 годзе Анісія Казлюк адышла ад праваабарончай дзейнасьці, звольнілася зь «Вясны» — прызнаецца, што «выгарала», стамілася. Паспрабавала ўладкавацца на больш спакойную працу эканамістам, прайшла навучаньне.

Ногі Анісіі пасьля затрыманьня ў 2021 годзе. На іх відаць сінякі ад мэталічных нараў.
Ногі Анісіі пасьля затрыманьня ў 2021 годзе. На іх відаць сінякі ад мэталічных нараў.

«Але ў мяне ўзяла інтэрвію нямецкая газэта пра будучыя выбары. І мне адмовілі ў працаўладкаваньні. Потым я зразумела, што і не змагла б там працаваць. У жніўні мы пачалі збор зьвестак пра катаваньні на Акрэсьціна, пра злачынствы. Так што я была рада, што ня трапіла на тую працу», — прызнаецца яна.

На некаторы час Анісія паехала ва Ўкраіну, а калі вярнулася, яе затрымалі разам са швайцарскай журналісткай на выхадзе з кавярні. Швайцарку адпусьцілі, а Анісіі прысудзілі 20 сутак паводле артыкулаў 23.34 и 23.4 КаАП.

«Калі я выйшла з Жодзінскага СІЗА, я зразумела, што трэба вяртацца да сур’ёзнай праваабарончай дзейнасьці. Летам 2021 года я пачала займацца тэмай палітычных зьняволеных, мы распачалі ініцыятыву „Письма в клеточку“ — дапамагалі ў перапісцы з палітвязьнямі».

«Я ехала фактычна ў нікуды, была ў разгубленасьці, у прастрацыі»

У ліпені 2021 годe пачаўся перасьлед праваабаронцаў, затрымалі кіраўніцтва «Вясны» — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча. Анісію папярэдзілі, што на допытах затрыманым задаюць шмат пытаньняў пра яе дзейнасьць, да сілавікоў трапілі нейкія зьвесткі. Ёй параілі выехаць.

«Да жніўня 2021 году жыцьцё было карысным, плённым. Я паехала фактычна ў нікуды, была ў разгубленасьці, у прастрацыі. Даўно хацела займацца падтрымкай палітзьняволеных. Яшчэ на працы ў „Вясьне“ я рабіла акцыі, вечарыны салідарнасьці з украінскімі, расейскімі палітвязьнямі. Калі у нас стала шмат палітвязьняў беларускіх, я адчула сябе на сваім месцы. Пачала стажавацца ў адной праваабарончай арганізацыі менавіта ў тэме палітвязьняў», — расказала Анісія пра свае першыя паўгода ў Кіеве.

«Беларусы ва Ўкраіне валянтэраць цішком, не афішуюць сваёй дзейнасьці»

Але з пачаткам вайны давялося перакваліфікавацца, займацца эвакуацыяй, перасяленьнем людзей.

«Зараз я зноў вяртаюся да працы з палітзьняволенымі. Таксама працую са становішчам беларусаў ва Ўкраіне з пачаткам вайны. І вельмі хачу далучыцца да працы украінскіх праваабаронцаў, якія займаюцца зборам дадзеных пра ваенныя злачынствы Расеі».

Котка Анісіі каля зямлянкі ва Ўкраіне
Котка Анісіі каля зямлянкі ва Ўкраіне

Па назіраньнях беларускай праваабаронцы, амаль усе беларусы ва Ўкраіне валянтэраць цяпер цішком, стараюцца не афішаваць сваёй дзейнасьці.

«Рэальна толькі адзінкі выкладаюць фота, што павезьлі гуманітарку. Людзі ходзяць плесьці маскавальныя сеткі, нібыта для іх гэта адпачынак, а не валянтэрства. Беларусы вельмі сьціплыя: „Прывёз усяго толькі фуру гуманітаркі“, „Знайшоў, дзе купіць турнікеты“... І вось гэта „ўсяго толькі“ — яно такое сьціплае, такое мілае. Хаця папраўдзе, беларусаў ва Ўкраіне засталося мала», — прызнаецца праваабаронца Анісія Казьлюк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG