Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты „хэйт“ народжаны няведаньнем». Валянтэрка зь Львова тлумачыць, як трэба рэагаваць на «хэйт» беларусаў з боку ўкраінцаў


Цягам выходных 25–26 чэрвеня з тэрыторыі Беларусі па ўкраінскіх гарадах расейская армія зноў пускала ракеты. Гэта прывяло да таго, што ў сацыяльных сетках, а часам і ў асабістых зносінах, многія беларусы зноў адчулі непрыязнае стаўленьне з боку ўкраінцаў.

«Арлона» (у мэтах бясьпекі суразмоўца ня хоча называць свайго сапраўднага імя) шмат гадоў займалася грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю ў Беларусі. Праз рэпрэсіі ў 2021 годзе была вымушаная пакінуць краіну. Цяпер яна ў Львове, дзе займаецца валянтэрскай дапамогай для ўцекачоў і ахвяраў вайны. «Арлона» дзеліцца сваімі назіраньнямі, як трэба адказваць на «хэйт» беларусаў.

«На мяне таксама ляцяць ракеты, як і на ўкраінцаў»


«Становіцца ўжо дурной традыцыяй слаць праклёны ня ў той бок, — кажа валянтэрка. — Вы шляце праклёны нам, а не ўзурпатару і яго халуям. Хіба гэта нармальна? Нам, хто змагаўся, хто сядзіць у турмах, каго закатавалі і забілі, хто партызаніць, каго псыхалягічна скалечылі на ўсё жыцьцё, хто страціў родных? Няўжо можна лічыць, што вінаваты ня кат, гвалтаўнік і забойца, а яго ахвяра?»

Пасьля таго як у тэлеграм-канале «Беларускі Гаюн» зьявілася мноства нэгатыўных выказваньняў на адрас беларусаў, адміністратары канала нават мусілі адключыць камэнтары. Падобнае назіраецца і на іншых пляцоўках.

«На мяне таксама ляцяць ракеты, як і на ўкраінцаў. Мне кажуць, што вы „заслужылі такога прэзыдэнта“, але большасьць беларусаў не выбіралі яго ў 2020-м. Беларусы стаялі разам з вамі на Майдане. Колькасьць „канапных байцоў“, якія кажуць „мы змагаліся“, ужо яўна пераўзыходзіць тых, хто сапраўды рызыкаваў сабой на Майдане. Януковіч у параўнаньні з Лукашэнкам быў „плюшавай цацкай“. У Майдана былі тэлеканалы, бізнэс, прадстаўнікі мясцовых уладаў. У Беларусі ж за любую крытыку ўладаў выкрадаюць, саджаюць, катуюць і забіваюць», — кажа «Арлона».

Валянтэрка кажа, што ва Ўкраіне выклікае раздражненьне, калі сытуацыю ў Беларусі параўноўваюць з сытуацыяй у нядаўна акупаваным Херсоне.

«Хоць для мяне паралелі відавочныя. Не зьдзіўлюся, калі расгвардзейцаў трэніравалі па мэтадычках беларускага АМАПу. Жыхары Херсона, як і мы, выходзілі на акцыі пратэсту, і іх закідвалі сьвятлашумавымі гранатамі, стралялі, выкрадалі з хатаў. Калі маштаб рэпрэсій расьце, то мірны пратэст вычэрпвае свае магчымасьці. Так было і ў Беларусі, і ў Херсоне».

«Жахі ва Ўкраіне не нівэлююць нашых пакут, не даюць права абражаць беларусаў»


Яшчэ адзін часта ўжываны аргумэнт, які называе «Арлона», — такі: «Вы з расейцамі аднолькавыя, таму разам мусіце прасіць у нас прабачэньня».

«Расейцы ўсё ж выбіралі Пуціна, а мы Лукашэнку не выбіралі. Хіба нехта бачыць у Беларусі масавае „победобесие“? Ці шмат на беларускіх вуліцах людзей і аўта з сымбалем „Z“? Амаль ніхто ў Беларусі не жадае сьмерці ўкраінцам і не ўхваляе вайны».

«Арлона» заўважае, што многія ўкраінцы нічога ня ведалі і не хацелі ведаць пра Беларусь, апроч «добрых дарог, малочкі і трыкатажу».

Увогуле гэты «хэйт» народжаны няведаньнем. Надзіва вялікая колькасьць украінцаў ня бачыла «бел-чырвона-белай» Беларусі, якая змагаецца за свабоду, якая за Ўкраіну. Нават у 2020 годзе хапала «мысьляроў», якія казалі, што хай лепш пераможа Лукашэнка, а то прыйдзе нехта прарасейскі. Нават у 2021 годзе 40% украінцаў лічылі, што ў беларусаў клясны кіраўнік дзяржавы. А калі гэты лідэр ударыў нажом у плечы, то было пачуцьцё здрады. Але гэта не праз тое, што «ўсе яны такія», а таму, што нехта сам сябе надурыў«.

Валянтэрка ўспамінае зусім кур’ёзныя выпадкі, калі ўкраінцы пішуць беларусам, што тыя карыстаюцца мовай агрэсара — беларускай.

«Гэта пры тым, што лукашэнкаўцы нашу мову вынішчалі, кнігарні зачыняюцца, пісьменьнікаў і музыкаў за беларускую перасьледуюць. Міліцыя можа пасадзіць на суткі, калі чуе, як ты размаўляеш па-беларуску».

«Арлона» перакананая, што ўкраінцы сёньня ня маюць права ні «хэйціць» беларусаў, ні абразьліва перакручваць назву нашай краіны.

«Ва Ўкраіне адбываецца самае страшнае з усяго — вайна. Але і ў Беларусі таксама адбываюцца жудасныя рэчы. Большыя пакуты і жахі ва Ўкраіне не нівэлююць нашых пакут, не даюць права абражаць. Ва Ўкраіне таксама ёсьць здраднікі, наводчыкі, марадэры, тыя, хто нажываецца на гуманітарцы, на бядзе, і рускамірцы. Нельга ўсіх абагульняць».

Жанчына кажа, што беларусы ўжо чатыры месяцы спрабуюць дагрукацца да ўкраінцаў, каб патлумачыць сваю сытуацыю, і вельмі часта сутыкаюцца зь неразуменьнем і агрэсіяй. Тым ня менш яна лічыць, што трэба працягваць гэта рабіць.

«Я ўсё ж веру ў людзей. Мне шанцуе на тых, хто побач, што яны імкнуцца ўсё ж ва ўсім разабрацца, а ня проста кідацца адзін на аднаго».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG