Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора брат, а сёньня — вораг. Колькі часу спатрэбіцца, каб паміж беларусамі і ўкраінцамі ўсё стала «як раней»


У сёньняшняй Украіне на кожным рагу можна пачуць, прачытаць, убачыць, адчуць: «Ніколі мы ня будзем больш братамі...» І гэта ў дачыненьні ня толькі да расейцаў, але цяпер ужо і да беларусаў — пасьля таго як рэжым Лукашэнкі падтрымаў расейскую агрэсію і ўсяляк ёй спрыяе.

Сотні беларускіх палітэмігрантаў, палітуцекачоў, якія не з уласнай ахвоты апынуліся пасьля падзей 2020 году на ўкраінскай тэрыторыі, на кожным кроку сутыкаюцца з прыдзірлівым і перадузятым стаўленьнем да сябе, з дыскрымінацыяй у банках і міграцыйных службах, зь незразумелымі і часта беспадстаўнымі патрабаваньнямі і затрымкамі на мяжы... І ўсё гэта — без усялякай асабістай віны, толькі за свой беларускі пашпарт.

Няўжо і сапраўды гэтая варажнеча — назаўсёды?

Ні вечных братоў, ні вечных сяброў і саюзьнікаў нават сярод самых блізкіх народаў не бывае. У гісторыі (і далёкай, і зусім блізкай) здаралася і здараецца вельмі па-рознаму. Самыя блізкія сябры ператвараюцца часам у заклятых ворагаў, а былыя ворагі, здараецца, становяцца братамі.

У дзяцінстве ў сваёй вёсцы я некалькі разоў назіраў, як, пасварыўшыся, біліся блізкія суседзі за спрэчныя межы паміж сваімі агародамі. Да крыві і калецтваў. Жорстка і бязьлітасна. Тыя самыя мужыкі і суседзі, якія яшчэ ўчора, седзячы на гэтай мяжы, мірна гутарылі, жартавалі і выпівалі. Дзеці якіх разам на гэтай мяжы гулялі і разам выбіраліся раніцай у школу. Адразу пасьля гэтага звыклы сьвет бурыўся — і для дарослых, і для дзяцей.

Забівалі цьвікамі брамку, празь якую раней хадзілі адзін да аднаго. Завешвалі наглуха вокны, якія выходзілі ў двор ворага. Надзьмутыя дзеці ня ведалі, як сябе паводзіць з суседзкімі, хоць самі між сабой і не сварыліся... Але мінаў час. Кавалачак спрэчнай мяжы зарастаў травой. Падзецца ад суседзяў не было куды. Супольныя справы і інтарэсы вымагалі кантактаў. І рана ці позна даводзілася мірыцца.

«Навекі з Масквой, навекі з рускім народам!»

У першым падручніку гісторыі, які браў у рукі кожны савецкі школьнік у пасьляваенным СССР, адной з самых маляўнічых ілюстрацый была рэпрадукцыя карціны ўкраінскага мастака Міхаіла Хмялько «Навекі з Масквой, навекі з рускім народам!». Сюжэт: 1654 год, украінскі гетман Багдан Хмяльніцкі і расейскі пасол Васілій Бутурлін з прыступак палаца ў Пераяславе абвяшчаюць, што ўсходняя Ўкраіна пераходзіць пад скіпэтар расейскага цара. Ахоплены шчасьцем натоўп казацкай старшыны падкідае ўгару шапкі і радасна махае шаблямі.

Карціна была напісана адмыслова да 300-годзьдзя далучэньня Ўкраіны да Расеі, якое сьвяткавалася ў 1954 годзе, і ў той час на загад Масквы была размножана ў мільёнах рэпрадукцый. Іх разьмяшчалі ўсюды: у вітрынах крамаў, на сьценах будынкаў, на цукерачных абгортках і пушках запалак. Апатэозам той прапагандысцкай кампаніі стала перадача Масквой Украіне Крыма са складу РСФСР — як шчодры братэрскі падарунак і сьведчаньне вечнай дружбы.

Не такія круглыя юбілеі «ўзьяднаньня» таксама адзначаліся шырока і манумэнтальна. Напрыклад, знаёмая многім Арка дружбы ў Кіеве зьявілася да 60-годзьдзя СССР, але сымбалізавала пераважна еднасьць з Расеяй (гранітная скульптура: сцэна зь Пераяслаўскай рады, бронзавыя постаці расейца і ўкраінца, тытанавая «вясёлка», якая сымбалізавала лучнасьць двух народаў).

Што адметна, у савецкай Беларусі падобнай маштабнай, скіраванай у гісторыю прапаганды еднасьці з Масквой было мала — ні манумэнтаў, ні карцін, ні ілюстрацый у падручніках на тэму «Навекі з Масквой». Прынамсі, да ідэі адзначаць як усенароднае сьвята гадавіны падзелаў Рэчы Паспалітай тады ніхто не дадумаўся.

Увогуле, у афіцыйным савецкім «ранжыры» ўкраінцы заўсёды лічыліся галоўнымі, самымі важнымі братамі расейцаў. Сьцяг і герб Украінскай ССР абавязкова разьмяшчаліся адразу пасьля расейскіх; Кіеў лічыўся галоўным савецкім горадам пасьля Масквы і Ленінграда; кіраўнік Украінскай ССР заўсёды ўваходзіў у Палітбюро ЦК КПСС. А ўкраінскае паходжаньне і ўкраінскія старонкі біяграфіі толькі спрыялі імкліваму прасоўваньню па партыйна-савецкай службовай лесьвіцы (біяграфіі Мікіты Хрушчова і Леаніда Брэжнева — таму пацьверджаньне).

Да беларусаў і беларускай намэнклятуры ў савецкай Маскве ставіліся з куды меншым піетэтам. Юбілеяў яднаньня не адзначалі, паўвыспаў ды іншых тэрыторый не дарылі (а нават яшчэ і адабралі Беластоцкую вобласьць у 1945-м); Пятра Машэрава 14 гадоў трымалі кандыдатам, так і не прызначыўшы членам Палітбюро ЦК КПСС.

І дзіўная рэч: чым больш экзальтаванай, падкрэсьлена гіпэрбалізаванай была тая даўняя дэманстрацыя «вечнай дружбы», тым больш балючым і драматычным выявіліся расчараваньне, разлад і сварка былых братоў.

Не дарылі б Крым у 1954-м — не было б чаго адбіраць у 2014-м. Ня ўзводзілі б велічнай Аркі дружбы — не ламалі б галаву, што зь ёй рабіць у 2022-м (пасьля пачатку вайны скульптуры зьнішчылі, а саму арку перайменавалі ў Арку свабоды ўкраінскага народу, але ці адбылося такое ж перайменаваньне ў грамадзкай сьвядомасьці?). І дзе цяпер тое маштабнае эпічнае палатно двойчы ляўрэата Сталінскай прэміі Міхаіла Хмялько «Навекі з Масквой...», якое яшчэ зусім нядаўна лічылася ледзь не галоўным экспанатам Нацыянальнага мастацкага музэю Ўкраіны? Добра, калі захавалася дзе-небудзь у пыльных запасьніках...

Як былыя ворагі становяцца братамі

Звычайна прынята гаварыць, што беларусы з украінцамі ніколі не ваявалі. Гэта не зусім так. У драматычныя для беларускіх земляў 40–50-я гады XVII стагодзьдзя ва ўжо згаданага гетмана Хмяльніцкага зьявіўся плян стварэньня ўкраінскай дзяржавы, у якую ён зьбіраўся ўключыць і беларускія землі — Падняпроўе і Палесьсе. З 1648 году ён пачаў пасылаць туды сваіх агітатараў, а пазьней і казацкія загоны, якія распачыналі баявыя дзеяньні. У выніку на паўднёвым усходзе сёньняшняй Беларусі (а тады — Вялікага Княства Літоўскага) разгарэлася сапраўдная вайна. Пацярпелі вялізныя абшары: у ваколіцах Мазыра, Пінску, Рэчыцы маёнткі былі выпалены, сяляне абрабаваны, многія вымушаны былі пакінуць родныя мясьціны.

Сярэдзіна XVII стагодзьдзя ўвогуле была трагічным часам для Рэчы Паспалітай. Няспынныя ўварваньні расейскіх войскаў, швэдзкі «патоп», казацкія войны... Продкі сёньняшніх беларусаў (тагачасныя літвіны) былі ў тых войнах галоўным чынам па адзін бок з палякамі, а ўкраінцы — на супрацьлеглым баку, пераважна з расейцамі.

У бліжэйшай гісторыі — у мінулым стагодзьдзі — таксама бывала па-рознаму. Адна з самых змрочных старонак у гісторыі ўкраінска-польскіх дачыненьняў — «Валынская разьня», масавае зьнішчэньне ў 1943–1944 гадах Украінскай паўстанцкай арміяй польскага насельніцтва Заходняй Украіны. Імкнучыся «зачысьціць» ад «акупантаў» землі, якія да вайны былі ўсходнімі тэрыторыямі Польшчы, украінскія нацыяналісты выкарыстоўвалі фашысцкія мэтады — выразалі, расстралялі, закатавалі каля 60 000 чалавек мірнага польскага насельніцтва на тэрыторыі сёньняшніх Валынскай, Ровенскай, Цярнопальскай абласьцей. Помстай за гэта ў 1947 годзе стала апэрацыя «Вісла» ўраду сацыялістычнай Польшчы: з паўднёва-ўсходніх раёнаў ПНР прымусова сагналі і перасялілі на поўнач і захад краіны 138 тысяч украінцаў.

Вядома ж, гэтая рана доўга не гаілася. Тым больш што і палітыкі ў абедзьвюх краінах яе часта выкарыстоўвалі ва ўласных каньюнктурных мэтах. Але ніякая варажнеча не бывае вечнай. Мінулыя некалькі месяцаў менавіта тыя раёны польска-ўкраінскага памежжа, якія 70 гадоў таму былі месцам жорсткага міжэтнічнага канфлікту, сталі зонай надзвычайнай людзкой салідарнасьці і падтрымкі. Некалькі мільёнаў украінскіх уцекачоў, ратуючыся ад вайны, менавіта на польскім баку мяжы атрымалі дах над галавой, дапамогу, разуменьне, працу. А сёньняшняя Польшча — адзін з самых пасьлядоўных і адданых саюзьнікаў і аднадумцаў Украіны ў яе змаганьні з расейскім агрэсарам.

Югаслаўскі сцэнар з адтэрміноўкай на 30 гадоў

Якімі б крывавымі і зьніштажальнымі ні былі войны, рана ці позна яны канчаюцца. Раны гояцца, траншэі і бункеры зарастаюць травой, боль ад стратаў і крыўды ад несправядлівасьці пакрысе суцішваюцца. Былым ворагам даводзіцца мірыцца. Далёка не заўсёды і не адразу яны зноў становяцца сябрамі, але і часу для прымірэньня, як паказвае гісторыя, патрэбна не аж так шмат. Прынамсі, не стагодзьдзі і нават не пакаленьні. (Ня кажучы ўжо пра «больш ніколі ў жыцьці...»). Асабліва калі ёсьць палітычная воля для прымірэньня і дараваньня.

Напрыклад, Таварыства германа-савецкай дружбы было створана ў 1949 годзе — усяго праз чатыры гады пасьля таго, як здавалася, што пасьля такой вайны і такіх злачынстваў, катаваньняў і ахвяраў савецкія людзі перасварыліся зь немцамі на стагодзьдзі і ні пра якую дружбу размовы быць ня можа. І ў тым таварыстве, дарэчы, значыліся каля 6 мільёнаў немцаў — грамадзянаў ГДР. (Вядома, тут трэба рабіць папраўку на спэцыфічны дзяржаўны лад Усходняй Нямеччыны, але тым ня менш...)

Сьвяжэйшы прыклад — былая Югаславія на пачатку 90-х гадоў. Мініятурны балканскі СССР распадаўся крывава і трагічна — Сэрбія і ейны тагачасны лідэр Слабадан Мілошавіч зацята не жадалі зьмірыцца са стратай сваёй маленькай імпэрыі. Стварэньне сэпаратысцкіх рэгіёнаў у суседніх рэспубліках, увод туды сэрбскіх войскаў дзеля іх абароны, этнічныя чысткі, бамбаваньні, фільтрацыйныя лягеры: 30 гадоў таму на Балканах у адносінах паміж Сэрбіяй і Харватыяй, Сэрбіяй і Босьніяй адбывалася прыблізна тое ж, што цяпер робіць Расея ва Ўкраіне (зразумела, толькі ў мініятуры — у адпаведнасьці са сваімі маштабамі і магчымасьцямі). Вайна паміж Харватыяй і рэшткамі былой Югаславіі працягвалася чатыры гады (1991–1995).

Сэрбскі аналяг «ДНР-ЛНР» (самаабвешчаная Рэспубліка Сэрбская Краіна на тэрыторыі Харватыі) урэшце была зьнішчана, Харватыя цалкам аднавіла тыя свае межы, якія мела ў складзе саюзнай Югаславіі. Варажнеча ў адносінах паміж двума народамі ў часе вайны панавала татальная: дзясяткі тысяч забітых з абодвух бакоў, сотні тысяч уцекачоў, зьнішчаныя гарады і вёскі, расьцярушаныя па сьвеце сем’і, нянавісьць і прага помсты... І што было потым?

Праз год, у 1996-м, краіны ўсталявалі між сабой дыпляматычныя адносіны. Праўда, у наступныя гады не спыняліся міжнародныя суды ў справе ўзаемных абвінавачаньняў у генацыдзе, пошуку і прыцягненьня да адказнасьці ваенных злачынцаў і г.д. Але пасьля 2010 году адносіны значна палепшыліся. Прэзыдэнты дзьвюх краін абмяняліся ўзаемнымі візытамі. Харватыя з 2013 году ў Эўразьвязе. Сэрбія пакуль толькі кандыдат, але, як мяркуецца, далучыцца да ЭЗ у сярэдзіне 20-х гадоў (і Харватыя гэтаму не пярэчыць). І сэрбы, і харваты езьдзяць адны да адных бязь візаў...

У былым СССР у сярэдзіне 90-х гадоў, гаворачы пра Югаславію, прынята было хваліцца: маўляў, дзякуй Богу, што хапіла розуму на мірны распад Савецкага Саюзу, ня так, як на Балканах. Сёньня мы ўпэўніваемся: ніякага мірнага распаду СССР не атрымалася. Масква да драбніц паўтарае югаслаўскі сцэнар, толькі з адтэрміноўкай на тры дзесяцігодзьдзі.

Асуджаныя жыць побач

Сёньня і беларусам, і ўкраінцам здаецца, што звыклы сьвет бурыцца назаўсёды, але так звычайна бывае падчас вайны. Тое, што зблізку бачыцца як канчаткова спаленыя масты і сварка назаўсёды, да апошніх дзён, — з дыстанцыі выглядае зусім іначай... Беларус заўсёды будзе разумець украінскую мову (а ўкраінец — беларускую); Прыпяць не пацячэ на захад, а Дняпро — на поўнач; Гомель і Чарнігаў застануцца памежнымі гарадамі, і на рынках абодвух будуць таргавацца, жартаваць і выпіваць беларусы з украінцамі. Можа, зь невялікім перапынкам. Усё вернецца. Максымум празь некалькі гадоў пасьля вайны, якую не пачыналі ні ўкраінцы, ні беларусы. І якой ня хочуць ні адны, ні другія.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG