Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы расчараваліся ў беларусах. Што стаіць за крытыкай Падаляка ў адрас Ціханоўскай


Плякат на Дзень волі ў Вільні, 25 сакавіка 2022
Плякат на Дзень волі ў Вільні, 25 сакавіка 2022

Вайна робіць сытуацыю чорна-белай, спрашчае многія нюансы і адценьні.

Інтэрвію дарадцы кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіла Падаляка парталу «Зеркало», у якім зьмяшчаецца шмат папрокаў у адрас беларускай дэмакратычнай супольнасьці, выклікала актыўную зваротную рэакцыю. Ці слушныя прэтэнзіі беларускіх дэмакратаў да афіцыйнага Кіева?

Сьцісла:

  • Сутнасьць прэтэнзій беларусаў да афіцыйнага Кіева палягае ў тым, што ён недастаткова падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы.
  • Вайна робіць сытуацыю чорна-белай, спрашчае многія нюансы і адценьні. Украінскім палітыкам цяпер не да палітэсу і цырымоній.
  • Апошнія сацыялягічныя апытаньні ва Ўкраіне паказваюць, што стаўленьне да беларусаў і Беларусі радыкальна пагоршылася. Такім чынам, украінскія палітыкі ідуць усьлед за грамадзкімі настроямі.

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» ўжо правёў фактчэкінг, паказаў недакладнасьці ў заявах украінскага сьпікера, ягоных прэтэнзіях у адрас Сьвятланы Ціханоўскай.

Але, здаецца, праблема тут больш глыбокая і наўрад ці правільна ўсё зводзіць да недакладнасьці ў выказваньнях ці недасьведчанасьці Падаляка. Хачу нагадаць, што таксама бурную дыскусію ў беларускіх незалежных мэдыя і сацыяльных сетках выклікала інтэрвію прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага расейскім журналістам 27 сакавіка. Тады, нагадаю, украінскі лідэр заявіў, што калі ў выніку ўдалых перамоваў на беларускай тэрыторыі спыніцца вайна, то яму ўсё роўна, калі Лукашэнка атрымае суб’ектнасьць і адчуе сябе зноў гаспадаром у доме.

У папроках у адрас і Зяленскага, і Падаляка ёсьць нешта агульнае. Сутнасьць прэтэнзій беларусаў з нагоды гэтых заяваў палягае ў тым, што ўкраінскія палітыкі ў дачыненьні да Беларусі занадта кіруюцца лёгікай Realpolitik, недастаткова падтрымліваюць беларускія дэмакратычныя сілы.

Ад пратэстаў 2020 году да пачатку вайны Кіеў праводзіў адносна Беларусі даволі асьцярожную палітыку. Украіна не прызнала Лукашэнку прэзыдэнтам, дала прытулак беларускім палітычным уцекачам, увяла пэрсанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі, закрыла сваю паветраную прастору для кампаніі «Белавія». Але не далучылася да эканамічных санкцый ЭЗ, працягвала актыўны гандаль зь Беларусьсю. Уладзімер Зяленскі так і не сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай. Бо не хацеў моцна злаваць Лукашэнку, каб не справакаваць яго на саўдзел у патэнцыйнай расейскай агрэсіі.

Пасьля пачатку вайны ківач палітыкі афіцыйнага Кіева што да Беларусі моцна хіснуўся ў процілеглы бок. Украіна пачала канфіскоўваць маёмасьць беларускіх гаспадарчых суб’ектаў, банкаўскія ўклады беларусаў ва ўкраінскіх банках і інш.

Бо вайна робіць сытуацыю чорна-белай, спрашчае многія нюансы і адценьні. Украінскім палітыкам цяпер не да палітэсу і цырымоній. Варта нагадаць, што Кіеў даволі бесцырымонна крытыкуе палітыкаў і палітыку краін Захаду (напрыклад, Нямеччыны). Ня дзіва, што цяпер украінскіх афіцыйных асобаў менш за ўсё хвалюе, як яны выглядаюць у вачах беларускіх дэмакратаў. Не да таго.

І яшчэ адзін важны нюанс. Доўгі час Аляксандр Лукашэнка быў ва Ўкраіне самым папулярным замежным палітыкам. Сымпатыі да яго там сягалі за 60%. І ўкраінскія палітыкі не маглі гэтага ня ўлічваць, часта заплюшчваючы вочы на беларускую дыктатуру.

Цяпер усё радыкальна памянялася. Апошнія сацыялягічныя апытаньні ва Ўкраіне паказваюць, што да жыхароў Беларусі станоўча ставяцца 22% украінцаў, да Беларусі як краіны — 7%, да Лукашэнкі — 3%. Дык украінскія палітыкі ідуць усьлед за грамадзкімі настроямі. Такая лёгіка функцыянаваньня дэмакратычнага грамадзтва.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG