Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мінус 7 кілё, мінус цыкль, мінус імунітэт». Праваабаронца Анісія Казьлюк пра свае 20 сутак


 Анісія Казьлюк пасьля выхаду з ізалятара
Анісія Казьлюк пасьля выхаду з ізалятара

Два дні таму Анісія Казьлюк вызвалілася з Жодзінскага ізалятара, дзе адбыла 13 дзён, а да таго 7 дзён правяла на Акрэсьціна.

Па вяртаньні на старонцы ў Фэйсбуку Анісія выклала фатаздымак сваіх ног у сіняках.

«На Акрэсьціна палітычным дагэтуль не даюць матрацаў, сядзець удзень і спаць ноччу даводзіцца на жалезных пласьцінках, пасьля ў дзяўчат яшчэ тыдзень на нагах сінякі не сыходзяць. Шмат такіх бачыла ў Жодзіне. У канваіраў на пытаньне, чаму гэтак, адказ просты: «Вы палітычныя, вам не паложана».

Пасьля вызваленьня Анісія Казьлюк апублікавала здымкі сінякоў на нагах
Пасьля вызваленьня Анісія Казьлюк апублікавала здымкі сінякоў на нагах

Анісія лічыць пастанову суду, які адправіў яе на 20 сутак за краты, «палітычна матываванай». Дзяўчына згадала, як па затрыманьні 31 студзеня на яе складалі пратакол паводле «народнага» артыкула 23.34 аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а потым далі і артыкул 23.4 — «непадпарадкаваньне».

«Я ж праваабаронца, ведаю закон. Убачыла шмат парушэньняў, запатрабавала дасканалага выкананьня, і за гэта атрымала яшчэ адзін пратакол і адпаведна — яшчэ плюс 5 сутак да 15».

Як і за што затрымалі Анісію Казьлюк?

Дзяўчына настойвае, што законных прычын для яе затрыманьня не было, як не было на вуліцы, дзе яе затрымалі, ніякай акцыі пратэсту.

«Гэта была нядзеля, 31 студзеня. Мы былі ўтраіх: я з мужам і знаёмая журналістка са Швайцарыі. Мы проста ішлі па праспэкце ў кавярню, побач спыніўся „бусік“, адтуль выскачылі людзі ў цывільным, і нас затрымалі. Павезьлі ў Фрунзэнскі РУУС, сам начальнік управы намі займаўся. Аказваецца, у той дзень у Маскве праходзілі акцыі ў падтрымку Навальнага, а ў нас у нейкім чаце хтосьці разьмясьціў заклік выходзіць у гэты час на вуліцу, надзеўшы маскі, браць нейкія пакункі ў рукі і гуляць. Мы якраз былі ў масках, бо ішлі ў кавярню. Швайцарскую журналістку потым адпусьцілі, а нас з мужам назаўтра судзілі. Мне далі 20, мужу 25 сутак. Не выключаю, што гэта была нейкая міліцэйская правакацыя, каб нахапаць болей людзей. Ім трэба падтрымліваць атмасфэру страху, дый самім выслужыцца», — мяркуе Анісія.

«Іншыя манеры, іншая лексыка»

Меркаваньне адносна правакацый супраць грамадзян з пратэставымі настроямі ў Анісіі замацавалася пасьля 7 сутак, адбытых у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) на Акрэсьціна. Актывістка згадала, як зусім маладых сукамэрніц па некалькі разоў выводзілі на размовы з супрацоўнікамі ў цывільным.

«Угаворвалі пачаць супрацоўнічаць. Каб заклікалі ў чатах не выходзіць на пратэсты, каб дзяліліся цікавай інфармацыяй», — згадвае Анісія пераказы сукамэрніц. Паводле назіраньняў дзяўчат, якіх выклікалі на размовы, іх суразмоўцамі былі супрацоўнікі іншых сілавых структураў.

«Іншая лексыка, іншыя мэтады, манеры. Але было зразумела, адкуль яны былі — яўна не міліцыянты», — казалі сукамэрніцы Анісіі. Яе саму на такія размовы не выклікалі.

«Проста я ўжо маю пэўны праваабарончы досьвед, а яны працуюць толькі з новенькімі, з пачаткоўцамі, якіх больш шанцаў запалохаць і прымусіць рабіць тое, што ім трэба», — кажа Анісія.

Паводле Анісіі, праваахоўнікі цяпер актывізаваліся, бо самі баяцца, што ўвесну людзі зноў пойдуць на вуліцы пратэставаць супраць несумленных выбараў 2020 году і гвалту.

«Ім яўна пастаўленая задача зьбіць хвалю дваровай актыўнасьці, каб разьяднаць людзей, запалохаць», — кажа Анісія.

Анісія расказвае, што размаўляла зь міліцыянткай, і тая расказала, што сама не выходзіць у двор без пасьведчаньня, нават каб выкінуць сьмецьце. Бо любы чалавек, нават самы далёкі ад пратэстаў, можа трапіць пад зачыстку двара. «І разьбірацца ня будуць», — перадае Анісія словы міліцыянткі.

«А пра што ты думала, калі ў двор выходзіла?»

Як праваабаронцу, Анісію таксама вельмі абурае тое, як у райаддзелах абыходзяцца з затрыманымі маці малалетніх дзяцей. Па назіраньнях Анісіі, такіх у ізалятар часовага ўтрыманьня трапляе нямала.

«На ІЧУ сядзела з зусім маладымі маці. Міліцыянты ведаюць, што іх трэба будзе цягам 3 дзён вызваліць, але адцягваюць да апошняга моманту, калі ўжо 72 гадзіны заканчваюцца. У жанчыны стрэс, яна ня ведае, што з малымі дзецьмі, некаторыя ж без мужоў, а тым — усё роўна. У іх мэтад перавыхаваньня просты: «А пра што ты думала, калі ў двор выходзіла?»

Але Анісія не перакананая, што такая тактыка праваахоўнікаў спрацоўвае.

«Так, людзі сядзяць, пакутуюць, але будуюць пляны, як увесну пачнуць выходзіць, здавацца не зьбіраюцца. Сустракаліся „дзьвіжовыя“ пэнсіянэркі, якія не здаюцца, альбо зусім маладыя дзяўчаты, якія ў жніўні далучыліся да пратэстаў, ужо сядзелі і таксама нічога не баяцца», — кажа Анісія.

У ізалятары на Акрэсьціна праваабаронца стала сьведкам такой сцэны: міліцыянты кінулі на падлогу бел-чырвона-белы сьцяг і патрабавалі ад затрыманых выціраць аб яго ногі на ўваходзе.

«Але большасьць, нават дзяўчаткі, на сьцяг не ступалі. На іх ліліся маты, лаянка, пагрозы, але марна. Трымаліся», — згадвае Анісія.

Жодзінскі ізалятар: «Матрацы на ноч давалі, але ў астатнім — той жа зьдзек»

Умовы ўтрыманьня ў Жодзінскім ізалятары ў параўнаньні з Акрэсьціна Анісія Казлюк назвала «крыху лепшымі». Але, паводле яе, гэта тычыцца толькі некаторых побытавых рэчаў.

«Там хоць матрацы на ноч давалі. Людзей было ў камэры ня больш за колькасьць месцаў. Туалетную паперу не даводзілася выпрошваць па кавалку, як на Акрэсьціна, але ва ўсім астатнім — той жа зьдзек зь людзей», — кажа Анісія Казьлюк.

Праваабаронца сьцьвярджае, што ў іх камэру сьняданак прывозілі яшчэ ў 5.40, хоць дазволены пад’ем паводле раскладу — у 6.00. Ранішні графік арыштантак праз гэта ламаўся, прыбрацца да сьняданку не заставалася часу. Бывала, што ежу даводзілася есьці халоднай.

«Там паўсюль гатуюць вельмі дрэнна — што на Акрэсьціна, што ў Жодзіне. І хлеб такі, што есьці немагчыма, таму, калі ў чалавека праблемы са страўнікам, дык можа быць бяда. Адна жанчына ў нас ад такой ежы не магла схадзіць у прыбіральню па патрэбе больш за 11 сутак, а дапамогі ніякай не было. Нават слабіцельнага не давалі. У выніку яе забралі ў шпіталь, я нават ня ведаю, чым усё скончылася», — згадала Анісія Казьлюк.

«Мінус 7 кілё, мінус цыкль, мінус імунітэт»

Так падагуліла свой досьвед сутак Анісія ў посьце ў Фэйсбуку.

Першыя 17 дзён арышту для яе прыпалі на час, калі вязьням, нібыта з прычыны каранавірусу, забаранілі перадаваць перадачы. Анісія схуднела на 7 кіляграмаў, бо нармальна не магла харчавацца. Некаторыя сукамэрнікі таксама часова адмаўляліся ад ежы, у тым ліку абвяшчалі галадоўку. Але і тое, што потым дазволілі перадаваць, ня стала паратункам, кажа Анісія.

«Адной дзяўчыне з усёй гародніны, што ёй перадалі, дазволілі 1 агурок, другой — 1 мандарын. Мне пашанцавала на 3 апэльсіны».

Пасьля адседкі Анісія здала аналізы на каранавірус — яна не захварэла. А вось муж Юлій у камэры падхапіў гэтую хваробу і двухбаковую пнэўманію, дагэтуль лечыцца.

«Толькі сёньня атрымалі вынікі аналізаў, што стала лепш», — кажа Анісія. Яна мяркуе, што часам адміністрацыя наўмысна падсяляе хворых арыштантаў да здаровых. «Да нас дадалі такую жанчыну. Было відавочна, што яна хворая, але чамусьці гэта нікога не зьбянтэжыла», — згадвае праваабаронца.

«Асобны ціск праз пошту»

Асобным мэтадам ціску на палітычных вязьняў, паводле Анісіі Казьлюк, застаюцца маніпуляцыі зь ліставаньнем. Анісія і яе сукамэрніцы ніводнага разу не атрымлівалі тэлеграм і віншавальных паштовак, хоць цяпер яна ведае, што іх адпраўлялі. Звычайныя лісты таксама былі рэдкасьцю.

«За 20 дзён мне прыйшоў толькі адзін ліст — ад маці мужа. Дый той у самым канцы тэрміну і праз 9 дзён, як прыйшоў у Жодзіна. Муж сядзеў у тым жа будынку, зразумела, што ад яго нічога не магло дайсьці. Але і лісты маіх бацькоў, сваякоў і сяброў чамусьці не прапускалі. Мяне гэта ня вельмі засмучала, бо была падрыхтаваная, ведала, што мной на волі ўсё роўна апякуюцца. А вось для некаторых сукамэрніц такое нібыта маўчаньне сваякоў — вялікі стрэс. Мяркую, гэта таксама робіцца наўмысна, каб яшчэ і маральна дабіваць вязьняў. Маўляў, вось глядзіце, вы змагаецеся, а вас забылі. Але гэта насамрэч ня так», — кажа Анісія Казьлюк.

Анісія Казьлюк сказала, што абавязкова будзе абскарджваць пастановы суду аб сваім арышце, бо лічыць іх незаконнымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG