Расейцы з тэрыторыі Беларусі абстралялі Ўкраіну «Іскандэрамі», вядома пра 25 запускаў ракет

Запуск ракет, ілюстрацыйнае фота
Запуск ракет, ілюстрацыйнае фота

Абстрэлы адбыліся ранкам 28 ліпеня.

У Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьці ранкам упала некалькі ракет. Апэратыўнае камандаваньне «Поўнач» паведаміла, што 9 ракет прыляцелі на Чарнігаўшчыну, некаторыя ўпалі на лясны масіў. Трапілі ўдары і па Вышгарадзкім раёне Кіеўскай вобласьці.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», з 5:23 да 6:29 з аэрадрому «Зябраўка» пад Гомлем адбываўся запуск ракет па тэрыторыі Ўкраіны. Усяго зафіксавана 25 запускаў.

Украіну з тэрыторыі Беларусі абстралялі «Іскандэрамі». Усяго расейцы білі з трох напрамкаў, паведаміў «Украінскай праўдзе» прэс-сакратар камандаваньня Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.

Па яго словах, расіяне выпусьцілі «Калібры» з акваторыі Чорнага мора, «Іскандэры» з раёна аэрадрома «Зябраўка» Гомельскай вобласьці Беларусі і ракеты Х-22 з далёкіх бамбардзіроўшчыкаў Ту-22М3, якія базуюцца на аэрадроме «Шайкоўка» ў Расеі.

Ігнат адзначыў, што з-за цяжкасьці паражэньня падобных паветраных цэляў, СПА не ўдалося зьбіць усе ракеты.

Улады Кіеўскай вобласьці паведамілі, што на Вышгарадзкі раён зь Беларусі запусьцілі 7 ракет, дзьве зь якіх зьбілі супрацьпаветраныя сілы Ўкраіны.

Жыхары Гомельскага раёну паведамляюць, што ракетныя абстрэлы пачаліся ў 5:30, яны чулі глухі сьвіст ракет.

Супраць ракет працавалі ўкраінскія сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Пра ахвяры ракетнага абстрэлу нічога не вядома.

​
XS
SM
MD
LG