Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЧБ-нявеста Іна Зайцава зьехала з Украіны ў Швайцарыю. Пад пагрозай дэпартацыі застаюцца іншыя беларусы


Іна Зайцава. Архіўнае фота.
Іна Зайцава. Архіўнае фота.

БЧБ-нявеста Іна Зайцава расказала Свабодзе, чаму ня хоча бліжэйшым часам вяртацца ва Ўкраіну.

Больш за 40 беларусаў ужо атрымалі пастановы аб дэпартацыі з Украіны. У рэальнасьці праблемы з дакумэнтамі можа мець значна больш людзей.

Іна Зайцава, больш вядомая як БЧБ-нявеста, стала адной зь першых вядомых беларусак, якія сутыкнуліся з праблемамі, спрабуючы працягнуць дазвол на жыхарства ва Ўкраіне. Пасьля некалькіх беспасьпяховых візытаў у міграцыйныя органы Іна разам з мужам і дзецьмі вырашыла зьехаць з Украіны, нягледзячы на набыты ва ўласнасьць дом пад Кіевам. 11 ліпеня сямейная пара беларусаў праз Польшчу дабралася да Швайцарыі, дзе плянуе застацца на даўжэйшы час.

«Мы самі пра сябе клапаціліся ва Ўкраіне»

Іна Зайцава
Іна Зайцава

«Праехалі паўтары тысячы кілямэтраў за два дні, — расказала Іна ў размове са Свабодай. — Прыехалі зараз у Бэрн і падаліся тут як уцекачы, па агульнай працэдуры. Нас адразу разьмясьцілі. Мы прайшлі гутарку, запоўнілі ўсе неабходныя дакумэнты. Зараз чакаем, калі нас разьмяркуюць на пастаяннае месца жыхарства. Будзем чакаць, калі ўсё вырашыцца. Мы беларусы і жылі ва Ўкраіне па часовым дазволе на жыхарства. Але швайцарскі адвакат нас запэўніў, што мы маем усе падставы атрымаць статус уцекача. Сказаў, каб мы не перажывалі, бо нават калі нам адмовяць, то ён падасьць на дзяржаўныя органы ў суд».

Атрыманьне новых дакумэнтаў, як паведамілі Іне, можа заняць ад некалькіх тыдняў да месяца. Аднак пастаяннае жыльлё беларусам могуць даць і раней. Цяпер Іна разам зь сям’ёй жыве ў прытулку для ўцекачоў.

«Гэта як інтэрнат такі, — расказвае Іна. — Нам на сям’ю выдзелілі асобны пакой. Кормяць тут нас. Мы пакуль за тры дні ў Швайцарыі не патрацілі ніводнага эўра, ніводнага франка самі ня выдаткавалі на сябе. Вельмі вялікая падтрымка адчуваецца ад швайцарцаў, калясальная. У Бэрне паўсюль украінскія сьцягі. Уцекачоў усе падтрымліваюць».

У доме Іны, які застаўся ва Ўкраіне, цяпер жывуць унутраныя ўкраінскія перасяленцы. Як жартуе сама беларуска, «яны маюць украінскія пашпарты, і іх ніхто пакуль не выганяе з Украіны». Назад пад Кіеў Іна зь сям’ёй пакуль вяртацца не плянуе. Яна кажа, што вусных запэўніваньняў ад украінскіх уладаў, што ўсё добра, ёй недастаткова.

«Пакуль сытуацыя ва Ўкраіне (з атрыманьнем замежнікамі дакумэнтаў для легальнага статусу. — РС) ня зьменіцца, мы назад не паедзем, — кажа Іна. — Няма сэнсу інтэгравацца там, траціць свае грошы, арганізоўваць побыт на птушыных правах. У гэтым вялікая розьніца паміж Швайцарыяй і Ўкраінай. У Швайцарыі ўсё вельмі проста. Калі ты тут сам можаш сябе забясьпечыць, можаш працаваць, то ты можаш застацца. Тут даўно разумеюць, што людзі — самі па сабе вельмі каштоўны рэсурс. Асабліва тыя, хто можа сам пра сябе паклапаціцца. А мы ва Ўкраіне самі пра сябе клапаціліся».

«Натарыюсы часта не прымаюць дакумэнты на пераклад»

Беларуская праваабаронца Анісія Казьлюк таксама сутыкнулася з праблемамі, спрабуючы працягнуць свой дазвол на жыхарства ва Ўкраіне. 28 чэрвеня ў яе не прынялі дакумэнты, падаць якія ў міграцыйныя органы ўлады атрымалася толькі пасьля розгаласу ў СМІ. Як расказала Анісія ў размове са Свабодай, рашэньне ўжо павінна было быць прынятае, аднак яго пакуль няма.

«Рашэньне па маёй справе мусіла быць у сераду (13 ліпеня. — РС), але яго пакуль што няма, чакаю, — кажа Анісія. — Кажуць, што гэта ў сувязі з ваенным становішчам, альбо нешта такое».

Калі яе справа займела розгалас, праваабаронца напісала пост у фэйсбук з просьбай адгукнуцца да тых беларусаў, якія маюць падобныя праблемы з працягам свайго дазволу на жыхарства ва Ўкраіне. Яна таксама апублікавала спасылку на пэтыцыю з заклікам паўплываць на вырашэньне праблемы.

«Да нас зьвярнуліся 15 чалавек, яны вэрыфікаваныя, — расказвае Анісія. — Вялікая колькасьць людзей проста не ідуць у міграцыйную службу. Яны ня хочуць атрымаць выдварэньне, ня хочуць губляць тут працу, свой дом. Сярод тых, хто да нас зьвярнуўся, абсалютна розныя людзі. Гэта журналісты, тыя, хто ва Ўкраіне з палітычных прычын. Ва ўсіх іх тэрмін знаходжаньня ва Ўкраіне пратэрмінаваўся з 24 лютага па 1 чэрвеня. Бо менавіта 1 чэрвеня пачалі прымаць дакумэнты зноў».

Па словах Анісіі, натарыюсы часта проста не прымаюць у беларусаў дакумэнты на пераклад, каб тыя маглі паспрабаваць працягнуць свой дазвол на жыхарства. Сытуацыю мог бы выправіць адпаведны нарматыўны акт.

«Ва ўкраінскім заканадаўстве не прадугледжаны варыянт, калі не працуе Міграцыйная служба, — кажа Анісія. — І пратэрміноўка (выдадзеных раней дазволаў на жыхарства. — РС) адбываецца зь віны Міграцыйнай службы. У сваіх сацыяльных сетках яна піша, што людзі, у якіх з 24 лютага па 1 чэрвеня пратэрмінаваліся дакумэнты, не павінны несьці ніякай адказнасьці. Але гэта толькі пост у фэйсбуку, хай сабе і на афіцыйнай старонцы дзяржаўнага органа. На месцах гэта не бяруць у разьлік».

Як паведамілі Свабодзе ў Міграцыйнай службе Ўкраіны, ад пачатку году 43 грамадзяніны Беларусі атрымалі пастанову аб неабходнасьці пакінуць украінскую тэрыторыю. Васьмі зь іх пры гэтым афіцыйна забаранілі вяртацца ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG