З таго часу ва Ўкраіне зьмяніліся прэзыдэнты, прэм’еры і кіраўнікі сілавых структур, якія ў той трагічны дзень неаднаразова заяўлялі, што знайсьці забойцаў Паўла Шарамета — справа іхнага гонару.
Цяпер ужо відавочна, што гэтая справа стане цяжкай спадчынай для кожнага новага кіраўніка дзяржавы, а таксама сілавых і сьледчых структур. Чым даўжэй забойства Паўла Шарамета застаецца нераскрытым, тым часьцей гэтая справа становіцца аб’ектам спэкуляцый і маніпуляцый, у тым ліку і ў палітычных мэтах.
Свабода падсумоўвае тое, як пачыналася сьледзтва і што цяпер вядома ў справе пра забойства Паўла Шарамета.
Справа аб выканаўцах рассыпалася ў судзе
У сьнежні 2019 году кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і Генэральнай пракуратуры ў прысутнасьці прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага гучна заявілі аб раскрыцьці справы і затрыманьні трох падазраваных: Андрэя Антоненку (музыкі, добраахвотніка, службоўца Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны), Юліі Кузьменкі (хірурга-кардыёляга, вайсковай лекаркі, якая працавала ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны) і Яны Дугар (вайсковай мэдсястры).
Андрэй Антоненка і Юлія Кузьменка працяглы час утрымліваліся ў сьледчым ізалятары, але ў 2020-м былі вызваленыя пад хатні арышт. Яна Дугар ад пачатку атрыманьня падазрэньня знаходзілася пад начным хатнім арыштам.
Справа два гады разглядалася ў судах, але да разгляду па сутнасьці так і не дайшло. Пераважна разглядаліся хадайніцтвы сьледзтва аб падаўжэньні захадаў папярэдняга трыманьня для падазраваных. Апошні раз сёлета ў студзені суд падоўжыў начны хатні арышт для Андрэя Антоненкі і Юліі Кузьменкі, але на наступнае пасяджэньне не прыйшлі пракуроры, таму ўжо ў красавіку абмежаваньні аўтаматычна былі скасаваныя.
Што праўда, усе фігуранты гэтай справы так і не атрымалі пакуль адказу на пытаньне, ці застаюцца яны падазраванымі.
Цяпер Андрэй Антоненка і Яна Дугар вярнуліся ў войска, а Юлія Кузьменка працягвае апэраваць дзяцей і дапамагаць фронту.
Экс-міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў пасьля сваёй адстаўкі пачаў сьцьвярджаць, што падазраваныя ў забойстве журналіста Паўла Шарамета маглі супрацоўнічаць з СБУ і ня ведаць, супраць каго іх выкарыстоўваюць у падрыхтоўцы і арганізацыі злачынства.
Справа аб арганізатарах вылучана ў іншае вядзеньне
У чэрвені 2020 году справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі адасобілі ад справы аб выканаўцах (ад справы Антоненка, Кузьменкі і Дугар. — РС).
Гэта адбылося пасьля абнародаваньня аўдыёзапісаў размовы 2012 году з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанэнтаў беларускай улады, у тым ліку і Паўла Шарамета.
Тады ж сьледзтва заявіла аб актыўным вывучэньні імавернага «беларускага сьледу», паводле матэрыялаў, якія ўкраінскаму сьледзтву перадаў былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар. Яго таксама дапыталі і далучылі ў якасьці сьведкі. Атрыманыя ад яго аўдыёзапісы размоў у КДБ Беларусі перадалі на фонаскапічную экспэртызу.
Але дагэтуль сьледзтва нічога не паведаміла ні аб выніках экспэртызы, ні аб прасоўваньні ў расьсьледаваньні «беларускага сьледу».
У справе сотні тамоў
Цяпер у справе пра забойства Паўла Шарамета налічваецца больш за 200 тамоў з матэрыяламі.
Гэта ўжо больш, чым было ў справе пра забойства ў 2000 годзе журналіста выданьня «Українська правда» Георгія Гангадзэ. У 2008 годзе асудзілі трох выканаўцаў гэтага злачынства — аднаго на 13 гадоў зьняволеньня, двух — на 12 (яны былі затрыманыя ў 2005-м). Яшчэ аднаго забойцу — былога начальніка галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС генэрала Аляксея Пукача — затрымалі ў 2009 годзе, а ў 2013 годзе яго асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне. Заказчыкаў забойства не знайшлі.
Ці захаваліся матэрыялы справы
У ліпені стала вядома, што ў першыя дні вайны, калі расейскія войскі актыўна прасоўваліся ў кірунку Кіева, Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў зьнішчыла матэрыялы рэзанансных крымінальных спраў — у дачыненьні да прэзыдэнта-ўцекача Віктара Януковіча, колішніх міністраў абароны Дзьмітрыя Саламаціна і Паўла Лебядзева, экс-кіраўнікіа Службы бясьпекі Аляксандра Якіменкі.
Свабода зьвярнулася з афіцыйным запытам у Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны, каб даведацца аб расьсьледаваньні забойства Паўла Шарамета і ці не былі зьнішчаныя матэрыялы гэтай крымінальнай справы, але адказу пакуль не атрымала.
Украінскія журналісты раніцай 20 ліпеня традыцыйна ўшанавалі памяць калегі на месцы ягонай гібелі ў Кіеве.
Амбасада ЗША ва Ўкраіне сёньня заявіла, што працягвае дабівацца справядлівасьці ў справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета.
«Мы працягваем дабівацца справядлівасьці для Паўла Шарамета і ў чарговы раз заяўляем аб рашучай падтрымцы правоў і свабод журналістаў ва Ўкраіне, у той час, калі расейскія войскі забіваюць і калечаць тых, хто адданы сваёй справе, і расказвае праўду аб несправядлівай і жорсткай вайне Крамля», – заявіла амэрыканская амбасада.