Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць гадоў без Шарамета. Шэсьць галоўных аспэктаў справы пра забойства журналіста


Калегі і сябры ля помніка Паўлу Шарамету ў Кіеве 20 ліпеня

20 ліпеня спаўняецца пяць гадоў з дня забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета. Ён загінуў у Кіеве пры выбуху аўтамабіля, на якім ехаў раніцай на працу.

З таго часу ва Ўкраіне зьмяніліся прэзыдэнты, прэм’еры і кіраўнікі сілавых структур, якія ў той трагічны дзень неаднаразова заяўлялі, што знайсьці забойцаў Паўла Шарамета — справа іхнага гонару.

Цяпер ужо відавочна, што гэтая справа стане цяжкай спадчынай для кожнага новага кіраўніка дзяржавы, а таксама сілавых і сьледчых структур. Чым даўжэй забойства Паўла Шарамета застаецца нераскрытым, тым часьцей гэтая справа становіцца аб’ектам спэкуляцый і маніпуляцый, у тым ліку і ў палітычных мэтах.

Свабода падсумоўвае тое, як пачыналася сьледзтва і што цяпер вядома ў справе пра забойства Паўла Шарамета.

Выканаўцы і арганізатары — асобныя справы

Цяпер справа падзеленая на дзьве — аб выканаўцах (расьсьледаваньне ўжо завяршылі і зь верасьня 2020 году справу разглядае суд) і аб арганізатарах, якая дагэтуль знаходзіцца на стадыі дасудовага расьсьледаваньня.

У першай справе трое падазраваных:

  • Андрэй Антоненка. Музыка, добраахвотнік, службовец Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны. Сёлета ў красавіку вызвалены пад хатні арышт пасьля таго, як 505 дзён адседзеў у сьледчым ізалятары.
  • Юлія Кузьменка. Хірург-кардыёляг, вайсковая лекарка, працавала ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Вызваленая пад хатні арышт у жніўні 2020-га, адседзела ў СІЗА больш за 7 месяцаў.
  • Яна Дугар. Вайсковая мэдсястра. Ад пачатку ўтрымлівалася пад начным хатнім арыштам, а летась суд зьняў зь яе і электронны бранзалет (дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэньні асобы, у дачыненьні да якой праводзіцца сьледзтва).

Усе трое зьняпраўджваюць сваю датычнасьць да забойства.

Ад удзячнасьці да няўпэўненасьці

У сьнежні 2019 году, пасьля затрыманьня трох падазраваных, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў праваахоўнікам за раскрыцьцё забойства Паўла Шарамета, але ўжо праз год пачаў выказвацца аб гэтай справе больш стрымана.

Урэшце сёлета ў траўні ўкраінскі прэзыдэнт увогуле заявіў, што «стопрацэнтных доказаў таго, што яны невінаватыя ці вінаватыя, яшчэ няма» і паведаміў, што перапісваецца ў адным з мэсэнджараў зь фігуранткай справы Янай Дугар.

У чэрвені стала вядома, што Яна Дугар удзельнічала ў пасяджэньні Кансультацыйнай рады ў пытаньнях забесьпячэньня гарантый правоў і свабод асобаў, якія абаранялі Ўкраіну на ўсходзе. Гэтая рада была створаная на ініцыятыву Зяленскага, а пасяджэньне праходзіла ў Офісе прэзыдэнта.

Раней сьледзтва меркавала, што арганізаваў забойства Андрэй Антоненка, але пазьней абвінавачаньне зьмянілі. Інфармацыі аб арганізатарах дагэтуль няма.

Вэрсіі адкідвалі і вярталі

Па гарачых сьлядах вызначылі чатыры вэрсіі забойства Паўла Шарамета.

  • прафэсійная дзейнасьць у Беларусі, Расеі і Ўкраіне;
  • дэстабілізацыя сытуацыі ў краіне;
  • памылка ў аб’екце злачынства (аўтамабіль належаў Алене Прытуле, на той час кіраўніцы праекту «Українська правда»);
  • асабістыя канфлікты.

У 2017 годзе асноўнай лічылі прафэсійную дзейнасьць журналіста, а па выніках расьсьледаваньня справы аб выканаўцах — дэстабілізацыю сытуацыі ў краіне. Цяпер зноў разглядаюць яшчэ адну з ранейшых вэрсій. Гэтую вэрсію — аб імаверным «беларускім ці расейскім сьледзе» — выставілі адразу пасьля гібелі Паўла Шарамета, але пазьней яе адкінулі.

«Цікавыя паказаньні і беларускі сьлед»

Справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі выдзелілі ў асобнае вядзеньне ў чэрвені 2020 году. Цяпер у ёй актыўна вывучаецца і імаверны «беларускі сьлед», паводле матэрыялаў, якія ўкраінскаму сьледзтву перадаў былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар.

Гаворка ідзе аб апэратыўных дакумэнтах і аўдыёзапісах размовы 2012 году з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанэнтаў беларускай улады, у тым ліку і Паўла Шарамета.

Сьледчыя дапыталі Ігара Макара і далучылі яго ў якасьці сьведкі. Атрыманыя ад яго аўдыёзапісы размоў у КДБ Беларусі перадалі на фонаскапічную экспэртызу.

На іх падставе сьледзтва зноў вярнулася да вывучэньня адной з ранейшых вэрсіяў аб так званым «беларускім сьледзе» ў забойстве журналіста. Адначасова Нацыянальная паліцыя Ўкраіны накіравала запыты ў Беларусь, Літву, ЗША і Расею.

Цяпер, як заявіў намесьнік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Максім Цуцкірыдзэ, сьледзтва чакае адказаў, каб можна было пацьвердзіць або зьняпраўдзіць вэрсію пра магчымы беларускі сьлед у справе Шарамета.

Безвыніковасьць сьледзтва — падстава для маніпуляцый

У траўні Ўладзімір Зяленскі заявіў, што дэталёва ведае ўсё, што адбываецца ў справе пра забойства Паўла Шарамета. І тады ж ён упершыню агучыў «імавернасьць датычнасьці ў часе той кадэнцыі тых або іншых асобаў, якія маглі быць зьвязаныя з контравыведкай».

У ліпені па ўласным жаданьні пайшоў у адстаўку міністар унутраных справаў Арсэн Авакаў, які кантраляваў расьсьледаваньне забойства Паўла Шарамета і пад кіраўніцтвам якога арыштавалі трох падазраваных. Год таму Арсэн Авакаў абяцаў абнародаваць новыя дэталі справы, але яны так і не зьявіліся.

Пасьля адстаўкі Авакава актывізаваліся адразу некалькі сілаў.

  • Грамадзкія актывісты і шэраг палітычных сілаў, якія сфармавалі ўладу пасьля 2014 году, патрабуюць правесьці ўнутранае расьсьледаваньне ў Нацыянальнай паліцыі, каб знайсьці вінаватых у фальсыфікацыі справы супраць падазраваных Андрэя Антоненкі, Юліі Кузьменкі і Яны Дугар.
  • Дэпутат фракцыі прарасейскай партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё!» Ільля Ківа (ён доўгі час працаваў дарадцам міністра ўнутраных справаў Арсэна Авакава) патрабуе ад Офісу пракурора праверыць інфармацыю аб датычнасьці да забойства супрацоўнікаў Нацыянальнай паліцыі, Службы бясьпекі Ўкраіны.
  • Асобна Ільля Ківа просіць зьвярнуць увагу на колішняга грамадзяніна Беларусі Сяргея Кароткіх, які цяпер мае ўкраінскае грамадзянства і актыўна ўдзельнічае ў палітычна-грамадзкіх арганізацыях «Нацыянальны корпус» і «Нацыянальныя дружыны», зьвязаных з экс-дэпутатам Андрэем Білецкім, колішнім камандзірам добраахвотніцкага батальёну «Азоў».
  • Цяпер зноў пачалі згадваць, што Павал Шарамет за тры дні да сваёй гібелі ў блогу для інтэрнэт-выданьня «Українська правда» напісаў пра датычнасьць добраахвотніцкага батальёну «Азоў» да двух рэзанансных на той момант справаў — калі суд вызваліў з-пад варты кіраўнікоў Адэскага прыпартовага заводу, абвінавачаных у раскраданьні ў вялікіх памерах маёмасьці прадпрыемства, і аб затрыманьні банды, якая рабавала банкі ў Запароскай вобласьці.

У справе сотні тамоў

Цяпер у справе пра забойства Паўла Шарамета налічваецца больш за 200 тамоў з матэрыяламі.

Гэта ўжо больш, чым было ў справе пра забойства ў 2000 годзе журналіста выданьня «Українська правда» Георгія Гангадзэ. У 2008 годзе асудзілі трох выканаўцаў гэтага злачынства — аднаго на 13 гадоў зьняволеньня, двух — на 12 (яны былі затрыманыя ў 2005-м). Яшчэ аднаго забойцу — былога начальніка галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС генэрала Аляксея Пукача — затрымалі ў 2009 годзе, а ў 2013 годзе яго асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне. Заказчыкаў забойства не знайшлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG