Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер асабліва не хапае голасу Паўла». У Кіеве ўшанавалі памяць забітага пяць гадоў таму журналіста Шарамета. ФОТА


Помнік Паўлу Шарамету ў Кіеве

У Кіеве на скрыжаваньні вуліц Івана Франка і Багдана Хмяльніцкага, дзе пяць гадоў таму загінуў журналіст Павал Шарамет, 20 ліпеня ўшанавалі ягоную памяць.

Некалькі дзясяткаў журналістаў, прадстаўнікоў грамадзкага сэктару, юрыстаў і бізнэсоўцаў прыйшлі з кветкамі да помніка, пастаўленага год таму побач з месцам забойства Паўла Шарамета. Да помніка прыхілілі вялікі фотапартрэт Паўла з надпісам «Палітычная справа Паўла Шарамета».

Як паведаміла галоўны рэдактар выданьня «Українська правда» Сяўгіль Мусаева, напярэдадні чарговых угодак забойства калегі Паўла Шарамета хацелі сустрэцца з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў Украіны, каб даведацца аб расьсьледаваньні справы.

Зьлева направа – Алена Прытула, цывільная жонка Паўла Шарамета, Сяўгіль Мусаева і Генадзь Чыжыкаў
Зьлева направа – Алена Прытула, цывільная жонка Паўла Шарамета, Сяўгіль Мусаева і Генадзь Чыжыкаў

«Я вельмі спадзяюся, што неўзабаве зможам сустрэцца (з новым міністрам унутраных справаў Дзянісам Манастырскім) і расказаць пра стан справы і пра тое, што адбываецца. Мы хацелі сустрэцца напярэдадні, але пазыцыя МУС палягае ў тым, што яны ня хочуць камэнтаваць справу, бо яны лічаць, што гэта паўплывае на рашэньне суду», – сказала Сяўгіль Мусаева.

Сяўгіль Мусаева ўскладае кветкі да помніка Паўлу Шарамету ў Кіеве
Сяўгіль Мусаева ўскладае кветкі да помніка Паўлу Шарамету ў Кіеве

У сваю чаргу журналіст выданьня Раман Кравец адзначыў, што чакае, калі праваахоўныя органы, якія расьсьледуюць справу пра забойства Паўла Шарамета, патлумачаць апошнюю заяву прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага пра «імавернасьць датычнасьці ў часе той кадэнцыі тых або іншых асобаў, якія маглі быць зьвязаныя з контравыведкай».

«Мне хочацца, каб нашыя праваахоўнікі, наш прэзыдэнт, пачалі тлумачыць, што меў на ўвазе Ўладзімір Зяленскі, таму што тут ёсьць пэўныя сыгналы. Давайце ўжо разматаем гэты клубок», – сказаў Раман Кравец.

Да помніку Паўла Шарамета прыйшлі некалькі дзясяткаў журналістаў, актывістаў, бізнэсоўцаў
Да помніку Паўла Шарамета прыйшлі некалькі дзясяткаў журналістаў, актывістаў, бізнэсоўцаў

Украінская журналістка Натальля Гумэнюк, якая да 2019 году ачольвала недзяржаўнае «Громадське телебачення» лічыць Паўла Шарамета калегам, які «гарэў сваёй прафэсіяй і працай».

«Вельмі балюча, асабліва цяпер, калі разумееш, што Павал не дажыў да таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Я заўсёды думаю, як было б, калі тут цяпер быў Павал... Мне здаецца, гэта было б надзвычайна важна сёньня. І калі цяпер набліжаецца год ад пачатку пратэстаў у Беларусі, з усімі рэпрэсіямі, якія там адбываюцца — з арыштамі, захопамі, я разумею, што голасу Паўла ў Беларусі цяпер надзвычайна не хапае ў Беларусі. І гэта вялікая трагедыя ня толькі для нас, а для ягонага народу», — адзначыла Натальля Гумэнюк.

Генадзь Чыжыкаў, сябраваў з Паўлам Шараметам, кожны год прыходзіць на месца гібелі журналіста
Генадзь Чыжыкаў, сябраваў з Паўлам Шараметам, кожны год прыходзіць на месца гібелі журналіста

Кіраўнік Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны Генадзь Чыжыкаў, які зьяўляецца ганаровым старшынём Усеўкраінскага саюзу беларусаў, быў сябрам Паўла Шарамета.

«Мы сустрэліся, калі нам ужо было за 40. Усе кажуць, што такім узросьце сяброўства не бывае. Бывае. Дзе б ён ня быў, ён заўсёды быў душой кампаніі. Вакол яго заўсёды зьбіраліся людзі, цікавыя людзі. Мне вельмі ў ім падабалася тое, што ён быў вельмі сьмелым і прафэсійным, і як журналіст, заўсёды ішоў да сутнасьці справы», – паведаміў Генадзь Чыжыкаў.

Паводле яго, Павал Шарамет казаў, што хоча зрабіць так, каб моладзь не баялася. «Яго нам цяпер не хапае. Бо такія людзі асаблівыя».

Журналіст выданьня «Українська правда» Раман Раманюк прыйшоў на акцыю ўшанаваньня памяці ў футболцы з надпісам «Хто забіў Паўла?»
Журналіст выданьня «Українська правда» Раман Раманюк прыйшоў на акцыю ўшанаваньня памяці ў футболцы з надпісам «Хто забіў Паўла?»
  • Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.
  • Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году на брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. На наступны дзень пасьля брыфінгу ўсіх трох падазраваных затрымалі:

Андрэй Антоненка. Музыка, добраахвотнік, службовец Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны. Сёлета ў красавіку вызвалены пад хатні арышт пасьля таго, як 505 дзён адседзеў у сьледчым ізалятары.

Юлія Кузьменка. Хірург-кардыёляг, вайсковая лекарка, працавала ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Вызваленая пад хатні арышт у жніўні 2020-га, адседзела ў СІЗА больш за 7 месяцаў.

Яна Дугар. Вайсковая мэдсястра. Ад пачатку ўтрымлівалася пад начным хатнім арыштам, а летась суд зьняў зь яе і электронны бранзалет (дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэньні асобы, у дачыненьні да якой праводзіцца сьледзтва).

  • Усе трое адхіляюць сваю датычнасьць да забойства. З верасьня 2020 году іхную справу разглядае суд.
  • Справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі выдзелілі ў асобнае вядзеньне ў чэрвені 2020 году. Яе дагэтуль расьсьледуюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG