Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Забойства Шарамета будзе раскрытае», — былы спэцназавец Макар даў паказаньні ў Кіеве


Падчас адкрыцьця мэмарылу Паўлу Шаремету ў Кіеве ў ліпені 2020 году.
Падчас адкрыцьця мэмарылу Паўлу Шаремету ў Кіеве ў ліпені 2020 году.

Ігар Макар, былы намесьнік камандзіра баявой групы «Алмаз», а цяпер прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал», расказаў, як даваў паказаньні ў Кіеве ў справе аб забойстве Паўла Шарамета ў сувязі з публікацыяй гуказапісу 2012 году, у якім фігуруюць беларускія спэцслужбы.

Глядзіце размову цалкам на відэа.

Тут фрагмэнты гутаркі.

Сьцісла

  • Калі я прыляцеў ва Ўкраіну, мяне сустрэлі спэцслужбы. Мне была забясьпечаная ахова 24 гадзіны на суткі.
  • На маю думку, я прадставіў дастаткова падставаў для таго, каб сьцьвярджаць, што да замовы забойства Паўла Шарамета маюць дачыненьне беларускія спэцслужбы.
  • На 60% гэта зьвязана са справамі зьніклых. Павал таксама шчыльна займаўся і расьсьледаваньнем справы выбуху ў менскім мэтро. Можна гаварыць і пра нянавісьць Аляксандра Лукашэнкі да Паўла Шарамета. Усё гэта разам і магло стаць прычынай яго ліквідацыі.

— Ігар, вы перадалі брусэльскаму выданьню EUObserver для расьсьледаваньня запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У запісе вядзецца размова аб ліквідацыі за мяжой Алега Алкаева, Уладзімера Барадача, Вячаслава Дудкіна і Паўла Шарамета. І наша сёньняшняя размова будзе зьвязаная зь імем Паўла Шарамета, бо вы толькі што вярнуліся з Кіева, дзе давалі паказаньні па гэтай справе. Што адбылося?

— 16 студзеня я вярнуўся з Кіева ў Вільню. Пасьля публікацыі маёй інфармацыі пра тое, што адбывалася ў кабінэце старшыні КДБ Зайцава ў 2012 годзе, са мной зьвязаліся ўкраінскія дыпляматы і абмеркавалі супрацоўніцтва ў справе раскрыцьця забойства Паўла Шарамета. Па просьбе начальніка дэпартамэнту нацыянальнай паліцыі Ўкраіны мне адкрылі ўкраінскую візу і папрасілі прыляцець ва Ўкраіну і ўзяць удзел у сьледчых дзеяньнях. Можна было гэта зрабіць і ў Вільні, але лепей ва Ўкраіне. Я пракансультаваўся са сваёй камандай і потым заявіў пра згоду ляцець ва Ўкраіну. Мне прыходзіла шмат лістоў ад людзей, якія прасілі не ляцець, бо гэта можа быць небясьпечна, але я вырашыў усё ж ляцець.

Калі я прыляцеў ва Ўкраіну, мяне сустрэлі спэцслужбы. Мне была забясьпечаная ахова 24 гадзіны на суткі. Я пабачыў прафэсіяналізм у працы ўкраінскіх спэцслужбаў. Мы правялі ў нацыянальнай паліцыі сьледчыя дзеяньні і іншыя мерапрыемствы, пасьля якіх украінскі бок паведаміў мне, што ў іх няма падставаў мне не давяраць. На маю думку, я прадставіў дастаткова падставаў для таго, каб сьцьвярджаць, што да замовы забойства Паўла Шарамета маюць адносіны беларускія спэцслужбы.

Я даў украінскаму боку нашмат больш інфармацыі, чым абнародаваў у СМІ. Я не публікаваў яе, бо некаторым людзям пагражала б небясьпека. Пагаварыўшы з супрацоўнікамі галоўнага сьледчага ўпраўленьня нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, я пераканаўся ў іх карэктнасьці і прафэсіяналізьме. Мы дамовіліся, і я паабяцаў, што не агалашу свае паказаньні, бо гэта можа паўплываць на сьледзтва. Ужо ідуць суды ў гэтай крымінальнай справе, і вельмі важна, каб гэтая інфармацыя нікуды ня трапіла.

— Вэрсія аб удзеле беларускіх спэцслужбаў была ад самага пачатку, але гэта не была асноўная вэрсія ў расьсьледаваньні ўкраінскіх спэцслужбаў. Ці думаеце вы, што цяпер расьсьледаваньне будзе ісьці па гэтым кірунку як па асноўным?

— Я думаю, што расьсьледаваньне справы карэнным чынам зьменіцца ў выніку ўсяго гэтага, і яно будзе даведзенае да канца ўжо офісам генэральнага пракурора Ўкраіны. Я перакананы, што гэтае злачынства будзе раскрытае. Я перакананы, што незалежна ад таго, хто цяпер затрыманы і каго падазраюць, сьледзтва давядзе справу да канца і высьветліць, хто канкрэтна зьдзейсьніў забойства і хто непасрэдны замоўнік гэтага гучнага забойства.

Што да прычын забойства Паўла Шарамета, на маю думку, на 60% гэта зьвязана са справамі зьніклых. Павал таксама шчыльна займаўся і расьсьледаваньнем справы выбуху ў менскім мэтро ў 2011 годзе. На маю асабістую думку, пасьля супастаўленьня шэрагу фактаў і пасьля размовы з украінскімі сьледчымі, можна гаварыць і пра нянавісьць Аляксандра Лукашэнкі да Паўла Шарамета. Усё гэта разам і магло стаць прычынай яго ліквідацыі. І гэта было зроблена як дэманстратыўнае забойства.

Мае крыніцы ў Беларусі паведамілі мне, што публікацыя аўдыёзапісу выклікала вялізарны розгалас у КДБ. Усе на ўзводзе, чакаюць нейкіх камэнтароў, адзін за адным сочаць, усе чагосьці баяцца. Ці ў бясьпецы я? Я іду на сьвядомую рызыку, і я не адступлюся і буду ісьці наперад дзеля беларускага народу. І думаю, што даб’юся таго, да чаго імкнуся.

  • Журналіст выданьня «Українська правда» Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ў выніку выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева. У сьнежні 2019 году паліцыя ўпершыню назвала імёны падазраваных у справе: сяржант Сілаў спэцыяльных апэрацый Андрэй Антоненка (Riffmaster), вайсковы мэдык Яна Дугар і валянтэрка Юлія Кузьменка. Яны заяўляюць, што ня маюць дачыненьня да забойства. 4 верасьня 2020 году суд пачаў разгляд справы.
  • 4 студзеня 2021 году брусэльскае выданьне EUObserver апублікавала запіс размовы 2012 году з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанэнтаў беларускай улады.

Пра што гаворыцца ў расьсьледаваньні EUObserver

  • Выданьне апублікавала гукавы запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Вадзіма Зайцава.
  • Падчас гутаркі з двума суразмоўцамі абмяркоўваецца апэрацыя па ліквідацыі Алега Алкаева (былога начальніка СІЗА № 1, «Валадаркі» ў Менску), Уладзімера Барадача (былога камандзіра брыгады спэцназу), Вячаслава Дудкіна (былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй) і Паўла Шарамета (расейскага журналіста беларускага паходжаньня, які ў той час жыў у Маскве).
  • Паводле запісу, Аляксандар Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн даляраў на апэрацыі такога кшталту.
  • Спэцыялісты NATO ў Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацьвердзілі брусэльскаму выданьню падабенства голасу Зайцава на аўдыё.
  • З 2013 году былы галава КДБ Зайцаў узначальвае прыватную кампанію — правайдэра тэле- і інтэрнэт-паслуг «Космас ТВ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG