Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і КДБ плянавалі забойствы апанэнтаў у Нямеччыне? Расьсьледаваньне EUObserver

абноўлена

Будынак КДБ Беларусі ў Менску
Будынак КДБ Беларусі ў Менску

Аўтарытэтнае брусэльскае выданьне EUObserver апублікавала запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Вадзіма Зайцава.

Радыё Свабода спрабавала атрымаць камэнтар КДБ у справе публікацыі EUobserver, аднак нумар тэлефону прэс-службы не адказвае. Свабода накіравала адпаведны запыт праз электронную пошту Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Аўдыё і апэратыўныя дакумэнты перадаў журналістам для расьсьледаваньня старшы лейтэнант Ігар Макар — былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз».

Выданьне прыводзіць поўную тэкставую вэрсію размовы.

На апэрацыю для ліквідацыі Алега Алкаева (былога начальніка СІЗА №1, «Валадаркі» ў Менску), Уладзімера Барадача (былога камандзіра брыгады спэцназу) і Вячаслава Дудкіна (былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй) Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн даляраў. Апэрацыю хацелі правесьці бясьсьледна, інсцэнаваць няшчасны выпадак. Абмяркоўвалі таксама забойства журналіста Паўла Шарамета з выкарыстаньнем бомбы, піша EUObserver.

Спэцыялісты NATO ў Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацьвердзілі брусэльскаму выданьню падабенства голасу Зайцава на аўдыё.

З 2013 году былы галава КДБ Зайцаў узначальвае прыватную кампанію — правайдэра тэле- і інтэрнэт-паслуг «Космас ТВ».

«Прэзыдэнт чакае гэтых апэрацый»

«Прэзыдэнт (Лукашэнка) чакае гэтых апэрацый», — сказаў чалавек, голас якога падобны да голасу Вадзіма Зайцава, тагачаснага старшыні КДБ, у сваім офісе на праспэкце Незалежнасьці ў Менску неўзабаве пасьля 8:45 раніцы ў сераду, 11 красавіка 2012 году, згодна з аўдыёфайлам сустрэчы, які быў тайна запісаны на схаванай прыладзе і перададзены EUobserver празь бясьпечную праграму, піша выданьне.

Зайцаў нібыта праводзіў брыфінгі для супрацоўнікаў элітнага контратэрарыстычнага падразьдзялення КДБ «Альфа».

«Для мяне важна, каб ніхто нават ня думаў пра КДБ, — сказаў ён. — І зразумелыя мэтады, якімі мы павінны будзем дзе каго ўтапіць, дзе каго расстраляць — гэта зразумела. А як справакаваць натуральны падрыў, як справакаваць натуральны пажар, забойства і ўсе астатнія рэчы...»

Пра забойства Шарамета: «Зробім закладку нейкую»

Паводле EUobserver, КДБ таксама абмяркоўваў забойства журналіста Паўла Шарамета, які ў той час пражываў у Расеі.

«Вось па Шарамету трэба спрацаваць, які за..., бл... Зробім
закладку нейкую і гэтак далей, каб гэтага пацука, бл..., зусім, бл..., ні рук, ні ног не зьбяруць. Усё каб было, як натуральным чынам, але гэта ня так узьдзейнічае на сьвядомасьць людзей», — сказаў Зайцаў, паводле запісу 2012 году.

КДБ нібыта ўстанавіла назіраньне за Шараметам у Маскве, паводле справаздачы КДБ, якая таксама трапіла ў распараджэньне EUobserver.

Аўтамабіль, у якім было закладзенае прыстасаваньне, ад выбуху якога загінуў Павал Шарамет
Аўтамабіль, у якім было закладзенае прыстасаваньне, ад выбуху якога загінуў Павал Шарамет

20 ліпеня 2016 году Павал Шарамет быў забіты выбухам бомбы ў аўтамабілі ў Кіеве.

Экспэрт-крыміналіст «ня выявіў» ніякіх відавочных «сьлядоў аўдыёманіпуляцый»

«Гук быў занадта нізкай якасьці з тэхнічнага пункту гледжаньня, каб праводзіць біямэтрычны аналіз распазнаньня таго, хто гаворыць», — сказаў Каталін Грыгорас, дырэктар Нацыянальнага цэнтру судовай экспэртызы СМІ пры Ўнівэрсытэце Каларада ў ЗША.

Грыгорас паведаміў EUobserver, што яго рэдагавалі як мінімум адзін раз, пэўна, каб выдаліць лічбавы подпіс, які мог бы ідэнтыфікаваць «крата» з КДБ, што паставіў прыладу для запісу ў кабінэце Зайцава.

Але экспэрт-крыміналіст «ня выявіў» ніякіх відавочных «сьлядоў аўдыёманіпуляцый» у файле, сказаў ён.

«Камісар паліцыі Бэрліну папярэдзіла, што рыхтуецца маё забойства»

Былы начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда», расказаў Свабодзе, што ў 2012 годзе паліцыя Бэрліну атрымала інфармацыю пра пляны яго ліквідацыі і прапанавала ахову. Алкаеў зьвязвае гэта з тым, што ён — ключавы сьведка ў справе зьнікненьня і меркаванага забойства вядомых беларускіх палітыкаў. Ён спадзяецца, што цяпер распачнецца новы этап у расьсьледаваньні справаў зьніклых на міжнародным узроўні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG