Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: мільёны ўкраінцаў пакутуюць ад недахопу прадметаў першай неабходнасьці

Уцякачка з усходняй Украіны ў Тэрнопалі
Уцякачка з усходняй Украіны ў Тэрнопалі

Разбураная інфраструктура і меркаваньні бясьпекі абцяжарваюць дастаўку гуманітарнай дапамогі ў многія раёны Ўкраіны.

Пра гэта інфармуе Голас Амэрыкі.

Паводле дадзеных розных агенцтваў, якія ўваходзяць у склад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, мільёны ўкраінцаў пакутуюць ад вострага недахопу ежы, вады, прытулку і іншых прадметаў першай неабходнасьці ў выніку ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю краіны.

Гуманітарныя агенцтвы ААН спрабуюць аказваць дапамогу ўкраінцам, якія пацярпелі ад расейскага ўварваньня, аднак разбурэньні, якія прычыняюцца ў выніку авіяўдараў і артылерыйскага агню, а таксама меркаваньні бясьпекі абцяжарваюць дастаўку дапамогі ў некаторыя раёны. У ААН паведамляюць аб немагчымасьці дастаўкі гуманітарнай дапамогі ў Херсон і Марыюпаль, гарады, якія былі разбураныя расейскімі авіяўдарамі.

Выступаючы ў Кіеве, каардынатар ААН у гуманітарных пытаньнях ва Ўкраіне Оснат Лубрані заявіў, што як мінімум 10 тысяч мірных жыхароў былі забітыя і параненыя з пачатку вайны, прычым рэальныя лічбы страт могуць быць значна вышэйшыя. Паводле яго слоў, амаль 16 мільёнаў украінцаў маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе і абароне.

«Мы прыкладаем усе намаганьні, каб падтрымаць людзей, чые жыцьці былі паламаныя праз гэтую вайну, — сказаў Лубрані. — Але Расейская Фэдэрацыя, а таксама ўрад Украіны, павінны рабіць больш, каб абараніць народ гэтай краіны і зрабіць магчымай нашу працу».

Паводле словаў Лубрані, ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі аказалі дапамогу амаль 9 мільёнам чалавек ва ўсіх рэгіёнах Украіны. Яна дадала, што амаль 2 мільёны чалавек атрымалі грашовую дапамогу на асноўныя патрэбы.

Украінскі крызіс таксама ўплывае на ўвесь сьвет. Расейскія караблі блякуюць чарнаморскія парты Ўкраіны, не дазваляючы краіне экспартаваць збожжа на Блізкі Ўсход, у Паўночную Афрыку і Азію. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый папярэджвае, што гэта можа выклікаць голад у шмат якіх краінах.

Намесьнік каардынатара Сусьветнай харчовай праграмы па надзвычайных сытуацыях Кейт Ньютан кажа, што без адкрыцьця чарнаморскіх партоў немагчыма наблізіцца да неабходнага ўзроўню экспарту ўкраінскага збожжа. Пры гэтым робіцца ўсё магчымае для экспарту з дапамогай аўтамабільнага, чыгуначнага і рачнога транспарту.

Збор ураджаю ва Ўкраіне
Збор ураджаю ва Ўкраіне

Украіна лічыцца адной з сусьветных засек. Яна забясьпечвае каля 10% сусьветнага экспарту пшаніцы і амаль палову сусьветнага экспарту сланечнікавага алею.

Паводле дадзеных Сусьветнай харчовай праграмы (СХП), да вайны Ўкраіна экспартавала да 6 мільёнаў тон збожжа ў месяц. Летась каля 400 мільёнаў чалавек ва ўсім сьвеце ўжывалі ўкраінскую прадукцыю. Паводле дадзеных СХП, цяпер, калі экспарт практычна спыніўся, каля 20 млн тон збожжа затрымаліся на складах ва Ўкраіне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG