Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палонныя мяжы. Выйшаў даклад пра пакуты ўцекачоў паміж Латвіяй і Беларусьсю


Ірацкія ўцекачы на беларуска-латвійскай мяжы
Ірацкія ўцекачы на беларуска-латвійскай мяжы

Вайна ва Ўкраіне і трагедыя некалькіх мільёнаў чалавек, якія пакінулі гэтую краіну пасьля пачатку расейскай агрэсіі, захінула папярэднія міграцыйныя крызісы — у тым ліку той, які быў справакаваны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі на межах Беларусі зь яе суседзямі — Польшчай, Літвой і Латвіяй

Між тым здабыткам галоснасьці становіцца інфармацыя, якая дазваляе казаць аб масавых парушэньнях правоў чалавека — прынамсі на беларуска-латвійскай мяжы.

Пра гэта піша расейская служба Радыё Свабода.

Са жніўня 2021 году па красавік 2022 года дзьве сотні грамадзянаў Іраку, Афганістану, Сырыі і іншых краінаў трапілі на мяжы Беларусі і Латвіі ў пастку. Яны правялі ў лесе ад некалькіх тыдняў да сямі месяцаў, начавалі пад адкрытым небам у жорсткія маразы, яны распавядаюць, што на латвійскім баку іх зьбівалі, зьневажалі і пагражалі ім.

Сьведчаньні больш за 35 пацярпелых сабрала і абагульніла дасьледчыца міграцыйнага права Аляксандра Ёлкіна. З тых часоў і дагэтуль (а надзвычайная сытуацыя ў памежжы была ў чарговы раз падоўжаная 12 траўня) памежная ахова дала справаздачу аб 6656 прадухіленых спробах нелегальнага перасячэньня мяжы. Аднак Ёлкіна і грамадзкія актывісты, якія сачылі за сытуацыяй, прааналізаваўшы розныя зьвесткі, сьцьвярджаюць, што за ўвесь гэты час на латвійскай мяжы пабывала ня больш за дзьве з паловай сотні чалавек. Аж да пачатку красавіка беларускія памежнікі штодзень гналі іх у Латвію, а латвійскія вярталі назад. Менавіта так і ўзьнікла вялікая міграцыйная статыстыка.

«Латвійскі бок дзейнічаў такім чынам: групы, якія складаюцца зь некалькіх чалавек у вайсковай форме, перадавалі нас людзям у масках і чорнай уніформе і аддавалі ім загады, — расказвае адзін з пацярпелых (тут і далей сьведчаньні цытуюцца па тэксьце дасьледаваньня Аляксандры Ёлкінай). — Затым людзі ў чорнай форме запіхвалі нас у машыну і жорстка зьбівалі... [...] Немагчыма было размаўляць зь імі і нешта абмяркоўваць [...] Яны патрабавалі ад нас не глядзець ім у вочы і білі кожны раз, калі бачылі, што мы гэта робім. Першыя некалькі дзён яны білі нас увесь час».

«Сярод катаваньняў, якія, па словах ахвяраў, да іх ужывалі, — удары токам да страты прытомнасьці ў геніталіі, язык і галаву, — піша ў Фэйсбуку журналіст Том Анцыціс, які пагутарыў зь некалькімі дзясяткамі ўцекачоў і цяпер дапамагае траім зь іх падаць пазовы ў латвійскую пракуратуру і скаргу ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. — Таксама выкарыстоўвалася вядомая з турмы ў Гуантанама тэхніка „утапленьня“, пры якой галава ахвяры апускаецца ў ваду».

Справакаваўшы міграцыйны крызіс, беларускі дыктатар хацеў прымусіць Эўразвяз пайсьці яму на саступкі. 10 жніўня латвійскі ўрад увёў у памежных раёнах Латгаліі рэжым надзвычайнай сытуацыі. Ніводны чалавек, які спрабаваў бязь візы перасячы мяжу з боку Беларусі па зямлі, цяпер ня меў права прасіць там аб прытулку. Насуперак міжнародным законам, людзей сталі выштурхоўваць назад.

Улады Латвіі накіравалі на дапамогу памежнікам войска і паліцыю і дазволілі ім ужываць спэцсродкі. Адначасова быў закрыты доступ у зону надзвычайнай сытуацыі для журналістаў, валянтэраў, праваабаронцаў і незалежных назіральнікаў.

Кожны, хто хоць раз перасёк мяжу, рабіўся яе палонным, пазбаўленым сувязі і цалкам адрэзаным ад сьвету. Мабільныя тэлефоны зьнішчаліся адразу. Толькі зрэдку міласэрныя латвійскія паліцыянты ці беларускія памежнікі пагаджаліся сфатаграфаваць уцекачоў і даслаць фота іх родным, каб паказаць, што яны яшчэ жывыя.

Дзень пачынаўся а 4-5 гадзіне з пад’ёму ў намёце, затым спэцназ вёз уцекачоў на мяжу і загадваў ісьці ў Беларусь — часам уброд па вадзе ці балоце. Там іх знаходзілі беларускія памежнікі і адпраўлялі назад у Латвію. Па словах аднаго з уцекачоў, гэта было рутынай, як калі б яны штодня хадзілі на працу. На латвійскім баку ім давалі пачак печыва і бутэльку вады за дзень. Беларускія памежнікі часам набывалі ім грэчку ці хлеб, каб яны не памерлі з голаду.

Зь лесу фактычна было адно выйсьце — праз згоду на добраахвотнае вяртаньне ў краіну паходжаньня. Уцекачы згаджаліся, нават калі ім на радзіме пагражала небясьпека, пад шантажом і пагрозамі. Толькі нямногім пашчасьціла вярнуцца назад у Менск.

Латвійская памежная ахова адмаўляе гвалт у адносінах да грамадзянаў трэціх краін на латвійска-беларускай мяжы. Намесьнік начальніка Даўгаўпілскага ўпраўленьня Дзяржаўнай памежнай аховы Юрыс Кусіньш заявіў: «Латвія зьяўляецца дэмакратычнай краінай, нічога такога не адбывалася, а службы выконвалі міжнароднае заканадаўства».

Ён сьцьвярджае, што, сустракаючы мігрантаў на тэрыторыі Латвіі, памежнікі праводзілі візуальны агляд, пыталіся, ці патрэбная ім мэдычная дапамога, адзеньне, абутак, і пераконвалі вярнуцца назад у Беларусь, «адкуль яны незаконна перасеклі мяжу».

Па словах Кусіньша, больш за 100 чалавек добраахвотна прынялі рашэньне вярнуцца на радзіму, і ні аб якім прымусе пры гэтым гаворкі не ішло.

3 траўня Эўрапейскі суд па правах чалавека прыняў справу ўцекачоў супраць Латвіі, у якой да гэтага часу засталося 26 заяўнікаў. Яна тычыцца неправамоцнасьці адмовы ў рэгістрацыі іх прашэньняў аб прытулку, а таксама незаконнага ўтрыманьня ў цэнтры для затрыманых замежнікаў і высылкі ў Беларусь. Цяпер заяўнікаў прадстаўляе ў судзе юрыст праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill Мікіта Мацюшчанкаў.

Мацюшчанкаў кажа, што заяўнікі не скардзіліся на жорсткасьць з боку беларускіх памежнікаў на мяжы з Латвіяй і што ён цалкам давярае ім, паколькі на мяжы з Польшчай і Літвой, паводле іх расповедаў, беларускі спэцназ такую жорсткасьць праяўляў (гэта пацьвярджае і Аляксандра Ёлкіна).

Мацюшчанкаў паведаміў у Фэйсбуку, што ў звароце яго кліентаў у ЭСПЧ ёсьць усе элемэнты вызначэньня «катаваньне» з 1-га артыкулу Канвэнцыі супраць катаваньняў. Respect-Protect-Fulfill праінфармавала пра гэта Камітэт супраць катаваньняў ААН. «Спадзяемся, што падчас разгляду справаздачы Латвіі гэтай восеньню Камітэт задасьць ураду пытаньні пра абыходжаньне зь мігрантамі», — кажа юрыст.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG