Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі ў Латвію кожны дзень спрабуюць трапіць дзясяткі мігрантаў, многія — з абмаражэньнямі. Вось як гэта адбываецца


Латвійскі вайсковец патрулюе мяжу зь Беларусьсю, верасень 2021 г.
Латвійскі вайсковец патрулюе мяжу зь Беларусьсю, верасень 2021 г.

Латвія працягвае рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю — на гэтым настойваюць памежная ахова і МУС. Пакуль рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы дзейнічае да 10 лютага, кіраўнік МУС прапануе падоўжыць яго мінімум да 10 траўня.

Падстава — тое, што паток мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЭЗ зь Беларусі, хоць і скараціўся, але ўсё ж не спыніўся цалкам: кожны дзень толькі ў Латвію незаконна спрабуюць трапіць 50–60 чалавек. У асноўным гэта грамадзяне Іраку. Улетку яны спрабавалі прарвацца празь літоўскую, потым польскую мяжу, а цяпер затрымаліся ў зімовым лесе на мяжы Беларусі і Латвіі.

Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ (Польшчай, Літвой і Латвіяй) пачаўся летам 2021 году. Тады ў Беларусь пачалі прыяжджаць сотні жыхароў Блізкага Ўсходу, у асноўным курды з Іраку і Сырыі. Потым яны зьяўляліся на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй у суправаджэньні беларускіх сілавікоў і рабілі спробы трапіць на тэрыторыю ЭЗ. Моцнае абвастрэньне адбылося 15 лістапада. Каля дзьвюх тысяч мігрантаў прыйшлі да КПП «Брузгі — Кузьніца», асноўнага пункта пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы, спрабавалі зламаць загароды на КПП і на нэўтральнай паласе, кідалі ў памежнікаў камяні і бутэлькі. Памежная варта Польшчы ў адказ ужыла сьлезацечны газ і вадамёты.

Мяжу паміж Беларусьсю і Латвіяй называюць «зялёнай мяжой»: у гэтым рэгіёне — лясы, балоты і сялянскія хутары, зграйкі казуль пераходзяць з поля на поле. Пасьля таго як тут быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча, мясцовым жыхарам, каб знаходзіцца ў двухкілямэтровай памежнай зоне, патрэбны спэцыяльны пропуск. Яго лёгка атрымаць электронна, запоўніўшы анкету. З латвійскага боку тэрыторыю стала патрулююць памежнікі. Яны абвінавачваюць беларускіх калегаў у тым, што тыя ня проста прапускаюць мігрантаў да мяжы, а арганізуюць трафік мігрантаў.

«Увесь рух на мяжы кантралююць сілавыя структуры Рэспублікі Беларусь. Мы бачым, як людзей (зь беларускага боку) вядуць іх памежнікі, — падкрэсьлівае Юрыс Кусіньш, начальнік Даўгаўпілскага ўпраўленьня Дзяржаўнай памежнай аховы. — Яны даюць кірунак у бок Латвіі, паказваюць, куды ісьці. Самі людзі нам потым расказваюць, што ў Беларусь іх не пускаюць назад. Яны могуць зьехаць зь мяжы ў аэрапорт, каб паляцець. Але ім проста не даюць сысьці зь мяжы».

Латвійскія памежнікі называюць людзей, якія захрасьлі на мяжы, закладнікамі. Прайсьці ў Латвію яны ня могуць: патрулі іх ня ўпусьцяць у краіну. А вярнуцца дадому ім таксама не даюць — але ўжо тыя, хто кантралюе мяжу зь беларускага боку. Гэта пацьвярджае Бахаа Джаліл — грамадзянін Іраку, які разам зь сям’ёй восеньню правёў у лесе на мяжы больш за два месяцы.

У Менск Бахаа прыляцеў з жонкай і двума дзецьмі. Ён расказвае, што вайскоўцы забралі іх проста з гатэля.

«Я спытаў, куды нас вязуць. Яны сказалі, мы не павінны нічога пытацца ў іх. Нас адвезьлі ў месца, якое называецца Урбаны. Гэта побач з латвійскай мяжой, — расказвае ён. — Там было шмат людзей, у гэтай вёсцы. З Іраку, Ірану, Сырыі, Емэну. Шмат людзей, каля тысячы. Вайскоўцы нам сказалі: „Ідзіце ў Эўропу і назад у Беларусь не вяртайцеся“».

Бахаа кажа, што тры разы спрабаваў перасекчы мяжу, але зрабіць гэта яму так і не ўдалося. І вярнуцца ў Менск беларускія сілавікі яму не дазволілі.

«Нас білі. Не маю жонку і дзяцей, але мяне і іншых людзей білі. Мужчын зьбівалі, — расказвае грамадзянін Іраку. — Я прапаноўваў ім [беларускім памежнікам] грошы, каб нас зь сямʼёй адпусьцілі назад у Менск, каб мы вярнуліся ў аэрапорт. Я шмат разоў прасіў дапамагчы мне вярнуцца дадому. Я тэлефанаваў у амбасаду Іраку, тлумачыў, што нас забралі і я ня ведаю, куды нас прывезьлі. Мы жылі ў лесе, у нас не было ніякай абароны ад непагадзі ці жывёл. Дзесяць дзён запар ішоў дождж. Было вельмі холадна і вельмі цяжка».

Бахаа расказвае, што ў нейкі момант яго сямʼю разьдзялілі: жонку і дзяцей перавялі ў іншае месца на мяжы. Бахаа шукаў іх 10 дзён. У выніку знайшоў: яны ўсе разам зьбеглі ў Менск і паляцелі дадому, у Ірак. На радзіме Бахаа аднавіўся на працы ў шпіталі і вярнуўся да звычайнага жыцьця.

Цяпер на мяжы Латвіі і Беларусі мінус 10 градусаў. Усюды ляжыць глыбокі сьнег. Немагчыма ўявіць, як у такіх умовах людзі могуць знаходзіцца месяцамі. Але, паводле зьвестак дабрачынных арганізацый, некаторыя мігранты жывуць у лесе ў памежнай зоне ўжо 4 месяцы.

«На латвійскім баку ёсьць намёт, у якім на ноч разьмяшчаюць людзей. Але днём іх выштурхоўваюць назад у Беларусь, — расказвае Эгілс Грасманіс, актывіст латвійскай арганізацыі „Хачу дапамагчы ўцекачам“. — Дабрачынныя арганізацыі або прэсу не падпускаюць да гэтага намёта або іншых месцаў, дзе людзі цяпер знаходзяцца».

Афіцыйна памежнікі не пацьвердзілі інфармацыю, што мігрантаў пускаюць пагрэцца нанач: яны падкрэсьліваюць, што ў краіну не пускаюць нікога. Але кажуць, што дапамагаюць людзям у крытычнай сытуацыі: напрыклад, у прымежную зону могуць выклікаць хуткую дапамогу, каб людзі маглі пагрэцца ў машынах.

«У выпадку неабходнасьці мы раздаём людзям сухі паёк, розныя рэчы першай неабходнасьці. Калі трэба, выдаём ім цёплае адзеньне і абутак, які нам даставілі дабрачынныя арганізацыі або самі памежнікі перадалі, — расказвае Юрыс Кусіньш. — За апошнія два тыдні мы прапусьцілі ў краіну траіх чалавек, яны атрымалі ў лесе сурʼёзныя абмаражэньні. Ім даюць мэдыцынскую дапамогу і разьмяшчаюць у цэнтры для затрыманых іншаземцаў. Потым іх проста дэпартуюць».

Латвійскія афіцыйныя асобы сытуацыю на мяжы называюць «напружанай, але пад кантролем». Але падкрэсьліваюць, што кожны дзень колькасьць спробаў перасекчы мяжу павялічваецца.

«Гэта могуць быць тыя самыя людзі, якія спрабуюць прайсьці некалькі разоў, — кажа Гунтыс Пуятс, начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі. — Але цяпер мы ведаем пра некалькі вялікіх групаў людзей на мяжы. Яны спрабуюць прайсьці, мы не пускаем, людзі адыходзяць. Але сытуацыя ўвесь час мяняецца».

Латвійскія памежнікі мяркуюць, што большасьць людзей, якія цяпер знаходзяцца каля мяжы з Латвіяй, да гэтага былі на мяжы з Польшчай, потым зь Літвой. Цяпер беларускія сілавікі прывялі людзей у гэтыя лясы — відаць, таму, што грунтоўную высокую агароджу тут павінны паставіць толькі вясной, і на першы погляд здавалася, што перайсьці мяжу будзе адносна проста. Латвійскія памежнікі паставілі на адкрытых месцах, дзе было лягчэй за ўсё прайсьці, часовы плот з калючага дроту. Таксама лавіць мігрантаў дапамагаюць камэры, датчыкі руху ў лесе, патрулі на сьнегаходах і квадрацыклах, назіраньне з вышак і пешыя патрулі.

Тыя мігранты, каго памежнікі ўсё ж пускаюць у Латвію з гуманітарных меркаваньняў, аказваюцца альбо ў шпіталі, альбо ў цэнтры для затрыманых іншаземцаў. Гэта закрытая ўстанова, з аховай і калючым дротам, адкуль людзі ня могуць свабодна выйсьці. Зь яго затрыманых вывозяць у аэрапорт і дэпартуюць.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG