Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страляць без папярэджаньня». Што адбываецца на межах Беларусі з Польшчай і Літвой


Беларуска-польская мяжа
Беларуска-польская мяжа

Пік міграцыйнага крызісу прыпаў на лістапад, калі адбываліся падзеі ля памежнага пераходу ў Брузгах. Аднак інцыдэнты на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу працягваюцца дагэтуль.

139 выпадкаў за выходныя

Польская памежная служба нават з надыходам халадоў фіксуе каля 50 спробаў нелегальнага пераходу беларуска-польскай мяжы ў суткі. Паводле афіцыйных паведамленьняў, на мяжы рэгулярна здараюцца сутычкі паміж мігрантамі і польскімі памежнікамі.

«Група з 30 замежнікаў пры дапамозе беларускіх сілавікоў перайшла беларуска-польскую мяжу, — гаворыцца ў паведамленьні за 19 студзеня. — Яны кідалі ў польскіх памежнікаў камяні, у выніку чаго адзін з польскіх жаўнераў быў паранены ў галаву і трапіў у шпіталь. Усе замежнікі былі затрыманыя і адведзеныя да мяжы дзяржавы. Сярод мігрантаў былі грамадзяне Іраку, Індыі, Сырыі, Гвінэі і Пакістану».

Польскія памежнікі таксама паведамляюць, што за суткі да гэтага было зафіксавана 38 спробаў нелегальнага пераходу мяжы. З 14 па 16 студзеня палякі фіксавалі 139 выпадкаў нелегальных спробаў перасячэньня мяжы зь Беларусьсю. Агулам за першыя 17 дзён студзеня польскія памежнікі налічылі 546 спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі. Пэрыядычна польскія крыніцы паведамляюць пра стрэлы халастымі патронамі зь беларускага боку. 25 студзеня на польска-беларускай мяжы пачалі будаваць дадатковую сыстэму агароджы — мэталічны плот вышынёй 5 мэтраў з ахоўнай сыстэмай з калючага дроту.

Пры гэтым яшчэ ў канцы 2021 году палякі паведамлялі, што спробаў нелегальнага пераходу мяжы станавілася ўсё менш. 28 сьнежня, напрыклад, такіх выпадкаў увогуле не было зафіксавана.

Пераход «Брузгі — Кузьніца» па-ранейшаму закрыты

Як расказалі Свабодзе жыхары Горадні, найбліжэйшы да гораду памежны пераход з Польшчай па-ранейшаму закрыты, рух транспарту празь яго цалкам спынены.

«Людзі езьдзяць усе праз Баброўнікі, — паведамілі суразмоўцы. — Калі адчыняць „Кузьніцу“, пакуль невядома. Кажуць, што яна яшчэ доўга будзе зачыненая. Палякі ня хочуць адкрываць. Мігранты ў „Брузгах“ так і жывуць у лягістычным цэнтры, іх там яшчэ шмат. Але колькі дакладна, ніхто ня ведае. Іх ахоўваюць. У горадзе іх больш не заўважна, ня тое, што летам і ўвосень».

Польшча закрыла памежны пераход у Кузьніцы 9 лістапада, пасьля таго як да пункту пропуску зь беларускага боку пачалі прыбываць вялікія групы мігрантаў. Празь некалькі дзён сотні мігрантаў спрабавалі штурмаваць пераход, аднак польскі бок адціснуў іх з дапамогай вадамётаў. Памежны пераход у выніку супрацьстаяньня быў значна пашкоджаны.

19 студзеня дзяржаўная «Гродзенская праўда» паведаміла, што ў лягістычным цэнтры «Брузгі» застаюцца 767 мігрантаў, зь іх каля 300 дзяцей.

«22 стрэлы з боку Беларусі за суткі»

Як паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, ад пачатку году фіксуюцца адзінкавыя выпадкі нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі. Калі яшчэ ў лістападзе 2021 году іх колькасьць магла даходзіць да ста на суткі, то на пачатку 2022 году іх было ад трох да трынаццаці. А ў некаторых выпадках не было ўвогуле.

Пры гэтым 12 сьнежня 2021 году літоўскія памежнікі паведамілі, што за адну ноч з боку Беларусі ў бок Літвы было зроблена 22 стрэлы. У тыя ж суткі літоўцы спынілі на мяжы восем мігрантаў.

Абстрэл беларускага памежнага слупа

Пра інцыдэнт стала вядома 17 студзеня. Паводле інфармацыі беларускага боку, абстрэл адбываўся з тэрыторыі Польшчы, у выніку яго быў пашкоджаны беларускі памежны слуп. А менавіта — выява дзяржаўнага герба на мэталічнай пласьціне. Памежны камітэт Беларусі паведаміў таксама пра пачатак сьледзтва па факце інцыдэнту.

Празь дзень Польская памежная служба расказала сваю вэрсію інцыдэнту. Паводле палякаў, мэталічную шыльду з памежнага слупа зьнялі самі беларусы. Пасьля гэтага яны сышлі зь ёю ўглыб лесу, а калі вярнуліся — прымацавалі шыльду назад і пачалі яе фатаграфаваць. Палякі зьнялі ўсё гэта на відэа і выклалі на YouTube.

«Плянуюць захапіць беларускага памежніка»

Пра тое, што палякі плянавалі захапіць у палон беларускага памежніка, расказаў кіраўнік Памежнага камітэту Беларусі Анатоль Лапо. Пры гэтым Лапо не патлумачыў, адкуль ён атрымаў такую інфармацыю і калі менавіта такі захоп плянаваўся. Аднак паведаміў, што цяпер беларускія памежнікі маюць загад страляць у польскіх без папярэджаньня.

«Калі я атрымаў інфармацыю, што польскія сілавікі плянуюць, магчыма, захапіць беларускага памежніка — я даў каманду без папярэджаньня неадкладна прымяняць зброю, — сказаў ён. — Хачу тут заявіць, што калі недзе будзе пагроза жыцьцю і бясьпецы беларускага памежніка на беларускай мяжы, які выконвае свае задачы на сваёй тэрыторыі, будзе тут жа прыменена зброя без папярэджаньня».

Рэакцыя польскага боку на заявы Анатоля Лапо пакуль невядомая. Ва ўсіх памежных зь Беларусьсю раёнах Польшчы па-ранейшаму дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча. Доступ туды адкрыты толькі для жыхароў памежных паселішчаў.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG