«Нападам мігрантаў на польскую мяжу кіраваў беларускі генэрал», — польскія спэцслужбы

Генэрал-маёр Раман Подлінеў. Здымак апублікаваны Станіславам Жарынам у сваім Твітэры.
Генэрал-маёр Раман Подлінеў. Здымак апублікаваны Станіславам Жарынам у сваім Твітэры.

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын заявіў, што нападам мігрантаў на польскую мяжу 16 лістапада кіраваў намесьнік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, генэрал-маёр Раман Подлінеў.

Гаворка пра масавую спробу прарыву беларуска-польскай мяжы каля пераходу «Брузгі». Польскія памежнікі вымушаныя былі ўжыць сьлезацечны газ і вадамёты. На апублікаваным Жарынам здымку бачны Подлінеў, які назірае за ўсім, стоячы каля агароджы. Паводле польскіх спэцслужбаў, побач зь імі знаходзіліся іншыя беларускія сілавікі.

«Гэта чарговы доказ таго, наколькі глыбока беларускія службы ўцягнутыя ў гібрыдную апэрацыю супраць ЭЗ», — напісаў Жарын у сваім Твітэры.

У верасьні Раман Подлінеў назваў неабгрунтаванымі абвінавачаньні з боку эўрапейскіх краін у міграцыйным крызісе на мяжы з ЭЗ.

«Мы часта чуем на ўсіх узроўнях, што Беларусь нібыта ажыцьцяўляе мерапрыемствы па арганізацыі незаконнай міграцыі, стварыла міграцыйны крызіс, вядзе гібрыдную вайну, нібыта аўтамабілямі, у тым ліку службовымі, прывозіць нелегальных мігрантаў да мяжы», — сказаў Подлінеў. Ён дадаў, што гэтыя абвінавачаньні ні на чым не грунтуюцца, бо няма ніякіх доказаў датычнасьці беларускага боку да мігранцкага крызісу.

​
XS
SM
MD
LG