Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты спрабавалі прарваць мяжу з Польшчай на пераходзе Брузгі — Кузьніца

Ноч з 15 на 16 лістапада група зь некалькіх тысяч мігрантаў правяла на беларуска-польскім памежжы ў пункце пропуску. Каля 12:00 гадзіны яны пачалі спробу прарыву, якая беспасьпяхова скончылася каля 14.30.

21:35 16.11.2021

Міністар Макей у размове з прадстаўніком ЭЗ Бурэлем: Беларусь уводзіць больш жорсткі міграцыйны рэжым

16 лістапада адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея з Высокім прадстаўніком Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем. Як паведамляе МЗС Беларусі, бакі абмеркавалі сытуацыю, якая складваецца на мяжы Беларусі і Эўразьвязу.

Міністар замежных справаў давёў да суразмоўцы інфармацыю па ўзмацненьні міграцыйнага рэжыму ў Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні.

20:45 16.11.2021

Мігрантаў палівалі з вадамёта, зь беларускімі пратэстоўцамі гэта таксама рабілі. Дзьве вельмі розныя ацэнкі ўладаў

Сёньня на беларуска-польскай мяжы польскі бок прымяніў газ, сьвятлашумавыя гранаты і вадамёты супраць мігрантаў, якія спрабавалі прарвацца праз агароджы з калючага дроту на тэрыторыю краіны. Вадамёты і святлашумавыя боепрыпасы шырока ўжываліся беларускімі сілавікамі супраць пратэстоўцаў у 2020 годзе.

Журналісты zerkalo.io параўналі, як выкарыстаньне спэцсродкаў выглядала тады і сёньня на мяжы, а таксама — як два гэтыя выпадкі камэнтавалі беларускія ведамствы.

19:44 16.11.2021

NATO гатова рэагаваць на зьмены сытуацыі на мяжы Беларусі і краін альянсу

Міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас пасьля сустрэчы з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам заявіў, што альянс гатовы рэагаваць на міграцыйны крызіс на мяжы Эўразьвязу.

Паводле дадзеных ведамства, на сустрэчы ў аўторак Анушаўскас і Столтэнбэрг абмяняліся інфармацыяй і меркаваньнямі аб дзеяньнях Беларусі ў кантэксьце крызісу зь нелегальнай міграцыяй.

«Падчас сустрэчы з Анушаўскасам генэральны сакратар NATO падкрэсьліў значэньне салідарнасьці краін NATO і запэўніў, што Альянс і надалей будзе праяўляць пільнасьць і рэагаваць на зьменлівыя абставіны на мяжы Беларусі і краін NATO», — паведамляе Міністэрства абароны Літвы.

19:23 16.11.2021

Прадстаўнік СК: у сутыкненьнях на мяжы атрымалі цялесныя пашкоджаньні і беларускія грамадзяне

На памежнцым пункце «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы працуюць супрацоўнікі Сьледчага камітэту.​ Тэлеграм-канал ведамства цытуе намесьніка начальніка СК па горадзенскай вобласьці Віктара Легана:

«Сёньня ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Горадзенскай вобласьці [прыйшла інфармацыя] з мэдычнай установы, што па аказаньне мэдычнай дапамогі зьвярнуўся шэраг беларускіх і замежных грамадзян зь цялеснымі пашкоджаньнямі, атрыманымі ў выніку ўзьдзеяньня хімічных рэчываў... Пасьля агляду месца здарэньня выяўлены, зафіксаваны і канфіскаваны сьляды прымяненьня сьлезацечнага газу з дапамогай стрэлаў газавых гранат, а таксама сьляды хімічнага рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры ўжываньні вадамётаў. 5 грамадзян зьвярнуліся з адпаведнымі цялеснымі пашкоджаньнямі. Праца на месцы працягваецца. Па дадзеным факце будзе дадзена юрыдычная ацэнка».

19:17 16.11.2021

Некалькі польскіх паліцыянтаў траўмаваныя на мяжы зь Беларусьсю

Ня менш за сем супрацоўнікаў польскіх праваахоўных органаў былі траўмаваныя ў выніку інцыдэнтаў на мяжы зь Беларусьсю, паведаміла 16 лістапада паліцыя Польшчы. «Траўмы атрыманыя ад кіданых у нас прадметаў», — сказана ў паведамленьні польскай паліцыі ў твітэры.

Раней у Міністэрстве абароны Польшчы заявілі, што мігранты закідалі камянямі памежнікаў і вайскоўцаў, якія ахоўваюць мяжу зь Беларусьсю, спрабуючы прарвацца. Польскія сілы бясьпекі прымянілі сьлезацечны газ, каб стрымаць атаку.

18:41 16.11.2021

Частку мігрантаў разьмясьцілі на начлег у лягістычным цэнтры

Частку мігрантаў, якія знаходзяцца каля беларуска-польскай мяжы, разьмясьцілі на начлег у лягістычным цэнтры непадалёк ад памежнага пераходу «Брузгі», паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

16:14 16.11.2021

МЗС Беларусі: «Адбываецца правакацыя польскага боку»

На думку беларускага Міністэрства замежных спраў, на памежжы 16 лістапада адбываецца польская правакацыя.

«Спэцсродкі прымяняюцца па тэрыторыі Беларусі. Безабаронных людзей труцяць газам і глушаць сьветлашумавымі гранатамі. Больш за тое, у нас ёсць інфармацыя, што польскія сілавікі ўжо пачалі нават кідаць у людзей камяні. Ёсць пацярпелыя. І гэта аб’ектыўная рэальнасць дзеяньняў краіны, якая працягвае вучыць сваіх суседзяў правільнай дэмакратыі і павазе правоў чалавека», — сказаў прадстаўнік МЗС Анатоль Глаз.

Беларусь, згодна зь ім, штодня аказвае гуманітарную дапамогу, «пакуль Польшча палівае іх з вадамёту». Глаз лічыць, што мэтай польскага боку зьяўляецца далейшае абвастрэньне абстаноўкі.

«Пасьля прадметнага абмеркаваньня пытаньня ўчора на вышэйшым узроўні мы бачым сёньня з польскага боку прамыя правакацыі і бесчалавечнае абыходжаньне зь бяздольнымі. Вядома, гэты зьдзек павінен быць спынены».

Польскае Міністэрства абароны, нагадаем, абвінаваціла рэжым Лукашэнкі ў правакаваньні памежнага канфлікту, што зьяўляецца гібрыднай агрэсіяй. На думку Варшавы, краін Балтыі і ЗША, гэта адбываецца паводле пляну, расьпісанага ў Маскве. Там не сумняюцца, што Лукашэнка дзейнічае не асобна, а са згоды і з падтрымкай Пуціна.

15:50 16.11.2021

Раненьне афіцэра

Памежная варта Польшчы паведаміла, што ў выніку штурму мігрантамі агароджы на мяжы зь беларускага боку пацярпела прадстаўніца польскай памежнай службы. У яе трапіў адзін з камянёў, кінуты мігрантамі. Жанчыну шпіталізавалі.

15:46 16.11.2021

Рэканструкцыя «Брузгоў» праходзіла на грошы Эўразьвязу

У 2019 годзе Беларусь атрымала пазыку ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і развіцьця на 4 млн даляраў для рэканструкцыі пункта пропуску «Брузгі». Праз год пасьля рэканструкцыі памежны пункт зазнаў нашэсьця мігрантаў, якія, у прыватнасьці, 16 лістапада разьбіралі на ім плітку і кідалі ў польскіх сілавікоў.

Migrant crisis on the Belarusian-Polish border
Migrant crisis on the Belarusian-Polish border

14:58 16.11.2021

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі: «Расьсьледуем сёньняшні інцыдэнт»

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі расказаў, што яго ведамства пачало «расьсьледаваньне інцыдэнту на мяжы з Польшчай». Беларускія сілавікі не набліжаліся да агароджы, якую ламалі мігранты, з тае прычыны, што яна знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, патлумачыў прадстаўнік ДПК. Бычкоўскі сказаў, што ў польскую паліцыю ляцелі камяні і нават абутак пасьля таго, як польская паліцыя выкарыстала сьлезацечны газ.

Аднак насамрэч расьсьледаваньне вядзецца ня супраць мігрантаў, якія разьбівалі дарогу і плітку на памежным пераходзе зь беларускага боку мяжы, а супраць польскай паліцыі.

14:43 16.11.2021

Атакі сьціхлі

Па стане на 14:30 атакі спыніліся, мігранты пачалі вяртацца ў лес, разводзіць вогнішчы. Асобныя групы яшчэ знаходзяцца каля месцаў нядаўніх атак.

14:37 16.11.2021

Перамовы зь беларускімі сілавікамі

Некалькі мігрантаў падыйшлі да беларускіх сілавікоў са шчытамі і заяўляюць, што хочуць вярнуцца ў Менск, каб адтуль ляцець назад у Азію.

14:33 16.11.2021

Польшча: камяні наўмысна завозяцца на мяжу

Прэс-сакратар спэцыяльных службаў Польшчы Станіслаў Жарын напісаў у твітэры, што мае інфармацыю аб тым, што на памежны пункт у Брузгах апошнімі днямі знарок завозілі камяні і друз. У бок мяжы з будаўнічых установаў выяжджалі грузавікі. Жарын упэўнены, што гэта прамы загад беларускага рэжыму дзеля стварэньня правакацый і штурмаў польскай мяжы.

14:21 16.11.2021

Каля 200 іракцаў хочуць дадому

Як паведаміла амбасада Іраку ў Расеі, каля 200 грамадзян Іраку ўжо папрасілі «рэпатрыяцыі», яны хочуць вярнуцца назад, усьведамляючы, што Польшча ня пусьціць іх на сваю тэрыторыю. Эвакуацыйны рэйс прызначаны на 18 лістапада (чацьвер), паводле ірацкіх дыпляматаў, мігрантаў без праблемаў вярнулі з памежжа ў Менск, дзе яны чакаюць вяртаньня.

14:17 16.11.2021

Беларускія сілавікі стаяць за сьпінамі мігрантаў

Са здымкі, якую вядуць з верталёта польскія службы, відаць, як беларускія сілавікі стаяць шэрагам за сьпінамі мігрантаў і назіраюць, як тыя разьбіраюць плітку, разьбіваюць дарогу і закідваюць камянямі і сьвятлашумавымі гранатамі польскія службы. Падобныя дзеньні ў памежнай зоне забароненыя і павінны спыняцца памежнымі службамі.

14:08 16.11.2021

Пуцін і Лукашэнка зьвязаліся па тэлефоне

16 лістапада Пуцін і Лукашэнка правялі тэлефонную размову. Абмяркоўваліся «сумесныя дзеяньні па абароне межаў Саюзнай дзяржавы», інфармуе прэс-служба Лукашэнкі. Яшчэ адной тэмай размовы стала сытуацыя ва Ўкраіне і пазаплянавыя вучэньні Ўкраіны і ЗША ля межаў Расеі і ў Чорным моры. Лукашэнка ў час размовы расказаў пра зьмест учорашніх перамоваў з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.

13:58 16.11.2021

Мігранты паранілі польскага паліцыянта

Адзін з камянёў, кінуты мігрантамі, праўдападобна, разьбіў чэрап польскаму паліцыянту. Таго тэрмінова шпіталізуюць зь месца падзей.

13:53 16.11.2021

Беларускі сілавік бязьдзейнічае

На кадры ў жывым этэры трапіў і беларускі сілавік, які са зброяй стаіць пасярод мігрантаў, якія бясконца перамяшчаюцца вакол яго. Ніякіх дзеяньняў узброены чалавек ня робіць.

13:48 16.11.2021

У жывым этэры

Дзяржаўная тэлевізія пачала жывы этэр з Брузгоў. На ім відаць, якую агрэсію праяўляюць мігранты, а таксама дзеяньні польскай паліцыі для адбіваньня атак.

BELARUS-POLAND-EU-MIGRANTS
BELARUS-POLAND-EU-MIGRANTS

13:45 16.11.2021

Інтэнсіўнасьць атак упала

Польскія паліцыянты паліваюць з вадамётаў тых мігрантаў, якія набліжаюцца да агароджы, у адказ лятуць камяні, гальлё і нават намёты. Аднак інтэнсіўнасьць атак ужо ня тая, штурм адбіты. Пад самую агароджу падыходзяць і супрацоўнікі беларускіх дзяржаўных СМІ, ім таксама дастаецца з вадамётаў. Мігрантаў пры гэтым на некалькіх мовах папярэджваюць з польскага боку пра незаконнасьць іх дзеяньняў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG