Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі пастаўшчык IKEA канцэрн VMG Group спыніў бізнэс у Беларусі


Лесапільня. Ілюстрацыйнае фота
Лесапільня. Ілюстрацыйнае фота

Літоўскі канцэрн VMG Group, адзін зь лідэраў у сфэры дрэваапрацоўкі і вытворчасьці мэблі ў краінах Балтыі і пастаўшчык IKEA, згарнуў свой бізнэс у Беларусі, дзе мае тры прадпрыемствы.

«Так, мы спынілі ўвесь наш бізнэс у Беларусі: раней быў спынены магілёўскі завод, рабочых адправілі ў прастоі, а ў Віцебску мы вырашылі прыпыніць далейшае будаўніцтва», — сказаў гендырэктар VMG Group Эгідыюс Моцкус, якога цытуе агенцтва BNS.

Лёс актываў кампаніі ў Беларусі Моцкус адмовіўся камэнтаваць адмовіўся.

VMG — адзін зь лідэраў вытворчасьці прадукцыі з драўніны ў краінах Балтыі і адзін з найбуйнейшых сусьветных пастаўшчыкоў швэдзкай сеткі IKEA (у 2019 годзе быў самым буйным).

У Беларусі канцэрн мае даччыную структуру «ВМГ Індустры Груп» і тры прадпрыемствы: VMG Industry ў Магілёве, сучасны лесапільны завод SWOODS export у Барысаве; у Віцебску дабудоўвалася фабрыка VMG WoodArt, дзе вырабляюць дранку і драўняныя гранулы. Магілёўскае прадпрыемства, запушчанае ў 2013 годзе, было адной з найбуйнейшых фабрык свайго профілю ва Ўсходняй Эўропе, там працавалі каля 2 тысяч чалавек, выпускаліся пліты ДСП, мэбля і клееныя вырабы, піша Zerkalo.io.

У 2018 годзе Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) выдзеліў групе VMG 50 мільёнаў эўра. Таксама кампанія ўзяла крэдыт у 1 млрд эўра на разьвіцьцё фабрыкі ў Магілёўскай вобласьці. Тады было абвешчана, што яго завяршэньне дазволіць стварыць больш за 200 новых працоўных месцаў і давесьці агульную колькасьць супрацоўнікаў да больш за 1,7 тысячы чалавек.

VMG плянавала пашыраць бізнэс у Беларусі і пабудаваць фабрыку для вытворчасьці кардону ў Сьветлагорску. У канцы траўня стала вядома, што кампанія вырашыла замарозіць гэты праект.

VMG Group валодае 27 кампаніямі з больш як 5000 супрацоўнікаў. Супрацоўнікаў у самой Літве ў яе 2 тысячы чалавек.

Відавочна, асноўнай прычынай для кардынальнай зьмены плянаў на беларускай тэрыторыі для літоўскай кампаніі паслужыла тое, што рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам вайны Расеі супраць Украіны. За гэта на Рэспубліку Беларусь, на шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў і чыноўнікаў замежныя краіны, у тым ліку Літва, наклалі шэраг санкцый.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG